Заплечнік лічаць патэнцыйным сховішчам зброі
У судзе Першамайскага раёну Менска пачаўся разгляд крымінальнай справы супраць аднаго з распрацоўшчыкаў стартапу MakeML і палітзьняволенага Аляксея Караткова. Яго вінавацяць у навучаньні ці іншай падрыхтоўцы асоб для ўдзелу ў масавых беспарадках, альбо ў фінансаваньні гэтай дзейнасьці (ч. 3 арт. 293 КК), а таксама па арт. 342 КК (арганізацыя або актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак).
Да суду Аляксей знаходзіўся ў СІЗА № 1 Менску. Яму інкрымінуюць заклікі да беспарадкаў і парушэньне руху транспарту на Мельнікайтэ, Амуратарскай, Машэрава і каля мэтро «Пушкінская». Паводле сьледзтва, Караткоў загадзя набыў атрыбутыку, экіпіроўку, маску, заплечнік, «які мог быць выкарыстаны для нашэньня зброі», аказваў непадпарадкаваньне, падазраецца ў гвалце з асобы і ў зьнішчэньні маёмасьці.
Сваёй віны Караткоў не прызнаў ні па адным з эпізодаў, адказваць на пытаньні ў судзе адмовіўся.
Масавы нядопуск людзей на суд у «карагоднай справе»
Каля 80 чалавек спрабавалі трапіць на судовае пасяджэньне аб «масавых беспарадках» у Берасьці, але пусьцілі адзінак, піша «Вясна». 7 красавіка пачынаюць судзіць другую частку абвінавачаных. У залю пусьцілі толькі журналіста, бабку аднаго абвінавачанага, па адным прадстаўніку для непаўналетніх (іх двое) і яшчэ дваіх сваякоў.
Некаторыя родныя засталіся пад дзьвярыма залі суду і заплакалі ад немагчымасьці трапіць на пасяджэньне. Так паведамляюць відавочцы.
Крымінальная справа за цытату зь Бібліі
Суд Маскоўскага раёну Берасьця 7 красавіка асудзіў паводле арт. 341 Крымінальнага кодэксу (апаганьваньне збудаваньняў і псаваньне маёмасьці) Андрэя Леванюка за цытату з малітвы на фасадзе жылога дома «Но избави нас от лукавого».
Судзьдзя Вера Філонік прызнала мужчыну вінаватым і пакарала яго месяцам арышту. На судзе Андрэй прызнаўся, што надпіс наносіў ён. Але адзначыў, што будынак ужо да гэтага неаднаразова быў «пашкоджаны» іншымі рысункамі, але ЖЭС гэта не турбавала. Раней Андрэя прыцягвалі за гэты надпіс да адміністрацыйнай адказнасьці, але потым сілавікі кваліфікавалі гэта як крымінальнае злачынства.
Дзяржаўнае абвінавачаньне падтрымліваў старшы памочнік пракурора Берасьця Манько. Згодна з вэрсіяй абвінавачаньня, 13 лютага на фасадзе дома па вуліцы Вішнёвай чырвоным балёнчыкам Леванюк нанёс надпіс «Но избави нас от лукавого». Шкоду ЖЭС-6 ацаніў у 51 рубель 99 капеек, а надпіс «пагоршыў эстэтычнае ўспрыманьне» будынка.
Паводле абвінавачаньня, такім чынам Леванюк праявіў незадаволенасьць афіцыйнымі вынікамі выбараў прэзыдэнта, а таксама дзеяньнямі сілавікоў. На судзе Леванюк заявіў, што вельмі зьдзіўлены, чаму абвінавачаньне лічыць цытату зь Бібліі «цынічнай».
Матэрыяльную шкоду ЖЭСу Леванюк выплаціў да суду, судзьдзя Філонік прызначыла яму 1 месяц арышту. Зрэшты, свой прысуд мужчына зьбіраецца абскардзіць.
За абразу і пагрозу пракурорцы 2 гады і 6 месяцаў турмы
7 красавіка суд Савецкага раёну Гомля (судзьдзя Аляксандр Мохараў) разгледзеў крымінальную справу 68-гадовага актывіста АГП, пэнсіянэра МУС Уладзімера Няпомняшчых. Яго абвінавацілі ў абразе прадстаўніка ўлады (артыкул 369 Крымінальнага кодэкса) і пагрозе гвалту службовай асобе (артыкул 366 КК).
Суд праходзіў у закрытым рэжыме ў будынку СІЗА-3, дзе ўтрымліваецца Ўладзімер Няпомняшчых. Пацярпелая ў справе — супрацоўніца пракуратуры Алеся Жураўлёва. Суд пакараў пэнсіянэра пазбаўленьнем волі на 2 гады і 6 месяцаў у калёніі агульнага рэжыму. На карысць пракуроркі Алесі Жураўлёвай суд вырашыў спагнаць а асуджанага 1000 рублёў.