Грамадзянка Літвы ўдзельнічала ў несанкцыянаваным мітынгу, і яе прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасьці. Гэта стала падставай для пастановы аб дэпартацыі жанчыны з краіны і аб забароне ўезду ў Беларусь на паўгода, паведамілі ў пракуратуры Менску.
Суд прызнаў скаргу жанчыны, імя якой пракуратура не называе, абгрунтаванай і скасаваў пастанову аб яе высылцы. Але на гэтае рашэньне пракуратура вынесла апэляцыйны пратэст і прасіла скасаваць яго як незаконнае. Судовая калегія ў грамадзянскіх справах Менгарсуду пагадзілася з довадамі пратэсту — рашэньне суду першай інстанцыі адменена.
Пры новым разглядзе справы суд у задавальненьні скаргі на неправамерныя дзеяньні раённага УУС і ГУУС Менгарвыканкама адмовіў.
Рашэньне пра высылку пакуль не набыло моц, паколькі грамадзянка Літвы падала на яго скаргу ў суд вышэйшай інстанцыі.
Для даведкі пракуратура Менску цытуе частку 1 артыкулу 65 Закону «Аб прававым становішчы замежных грамадзян і асобаў без грамадзянства ў Рэспубліцы Беларусь», паводле якой іншаземца могуць выслаць з краіны «ў інтарэсах яе нацыянальнай бясьпекі, грамадзкага парадку, абароны маральнасьці, здароўя насельніцтва, правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь і іншых асобаў, а таксама пасьля вызваленьня з арыштнага дома або папраўчай установы, калі ён ня можа быць падвергнуты дэпартацыі».