«У працоўным парадку амбасада зьвярнула ўвагу кіраўніцтва беларускага МЗС на недапушчальнасьць падобных інцыдэнтаў. Спадзяёмся, беларуская ўлада зробіць адпаведныя дзеяньні, каб не дапусьціць падобных выпадкаў у будучым», — адзначаецца ў адказе ўкраінскага дыпляматычнага прадстаўніцтва ў Беларусі на запыт, які Свабода накіравала ў Міністэрства замежных спраў Украіны.
Днямі беларусы, якія ўцяклі ва Ўкраіну ад рэпрэсій і крымінальнага перасьледу за ўдзел у акцыях пратэсту, зьвярнуліся да Міністэрства замежных спраў Украіны з заклікам адрэагаваць на той факт, што на праўладным аўтапрабегу 27 сакавіка заўважылі аўтамабіль са сьцягамі так званых «ЛНР» і «ДНР».
«Такія дэманстрацыі падрываюць ідэю тэрытарыяльнай цэласнасьці дзяржавы Ўкраіна і адкрываюць пытаньне тэрытарыяльнай цэласнасьці дзяржавы Рэспублікі Беларусь, а таксама дэманструюць адкрытую прарасейскую і варожую да Ўкраіны пазыцыю афіцыйнай улады Беларусі», — напісалі беларусы ў МЗС Украіны.
Ва ўкраінскай амбасадзе адзначылі, што ведаюць пра факт выкарыстаньня сьцяга так званай «ДНР» з публікацый у СМІ. «Абнародаваныя фатаздымкі паказваюць толькі адзін аўтамабіль, адпаведна, немагчыма дакладна ідэнтыфікаваць, ці рухаўся ён у калёне на падтрымку Аляксандра Лукашэнкі. Таксама немагчыма вызначыць дату і час падзеі», — патлумачылі ў амбасадзе Ўкраіны ў Беларусі.
«Безумоўна, сам факт перасоўваньня па дарогах Беларусі аўтамабіля з сымболікай арганізацыі, прызнанай ва Ўкраіне тэрарыстычнай, выклікае глыбокае занепакоеньне», — дадалі ва ўкраінскай амбасадзе.