Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У тэлеграме зьявіліся чаты з пошукам сьведак, фота і відэа затрыманьняў


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Калі нехта з грамадзянаў быў сьведкам затрыманьня, то ён можа падрабязна апісаць сытуацыю, зьнешнасьць затрыманага, пазначыць месца і час і пакінуць свае кантакты для сувязі. Таксама ў чат могуць зьвярнуцца сваякі, якія шукаюць сьведак, каб дапамагчы блізкім у судзе. Яны могуць апісаць зьнешнасьць, даць фатаздымак затрыманага, пераказаць, што вядома пра тое, дзе і калі яго затрымалі.

У чатах таксама зьяўляюцца фатаздымкі і відэа, на якіх зафіксаваныя затрыманьні.

У чатах таксама дзеляцца інфармацыяй, як быць сьведкам на судзе. Калі сьведка ведае імя затрыманага, то можа адсачыць расклад судоў, каб прысутнічаць на працэсе. Трэба знайсьці сваякоў і зьвярнуцца да сакратара судовага паседжаньня, напісаць хадайніцтва аб выкліку сьведкі і далучэньні да справы фота і відэа. Таксама трэба паведаміць адвакату пра сваю гатоўнасьць быць сьведкам на судзе. Альбо самастойна зьвярнуцца да сакратара суду.

«Пошук працуе нармальна»

Карыстальнік Віктар шукаў сьведак затрыманьня свайго сына Ігара. Сваякі прасілі адгукнуцца дзяўчыну ў блакітным паліто, якая відаць на фатаздымку з затрыманьня. Віктар сказаў, што сьведак знайшоў праз чат, але да суду не пасьпелі, бо «суд зрабіў усё хутка і ўціхую».

Суд Кастрычніцкага раёну даў хлопцу 15 сутак, якія ён адбывае ў Жодзіне. Бацьку не дазволілі азнаёміцца з матэрыяламі справы.

«Пошук працуе нармальна. Сьведак знайшоў», — кажа ён.

«Спадзяюся знайсьці сьведак»

Дар’я Шайко напісала ў чаце, што шукае сьведак свайго затрыманьня чатырма амапаўцамі 25 сакавіка ў 20.15 на Кастрычніцкай плошчы каля Палаца культуры прафсаюзаў.

«Бардовая кароткая куртка, белыя штаны, чорны заплечнік і пакет карычневы крафтавы ў руках. Карычневыя валасы, кароткая стрыжка. Шукаю сьведак», — напісала яна.

Дар’я патлумачыла, што 26 сакавіка яе пачалі судзіць па артыкуле 24.23, але суд перанёс пасяджэньне на 13 красавіка, і яе выпусьцілі. Дар’ю вінавацяць у тым, што яна нібыта была ў групе зь дзесяці чалавек зь лёзунгам «Жыве Беларусь!» і сьцягам у руках.

«Я ў судзе была толькі адзін раз па скайпе на Акрэсьціна, там ніякіх сьведак не было, апроч супрацоўніка Цэнтральнага РУУС, якога я ўпершыню бачыла, — сказала Даша. — Я знайшла ў чаце мужа дзяўчыны, зь якой сядзела ў РУУС, і ў чымсьці яго супакоіла. Таму ад гэтага вялікая карысьць».

«Я шчасьлівая, што побач жывуць неабыякавыя людзі»

Яшчэ адна ўдзельніца чату напісала, што сьведкі ёй вельмі дапамаглі.

«Справу накіравалі на дапрацоўку дзякуючы сьведку (зусім чужому чалавеку). Вельмі яму ўдзячныя. І я шчасьлівая, што побач жывуць такія неабыякавыя людзі. Дапамажыце, калі ў вас ёсьць такая магчымасьць, выратаваць ад несправядлівасьці і хлусьні», — напісала яна.

«Жанчына з вакна сваёй кватэры бачыла маё затрыманьне»

Людміла пакінула ў чаце паведамленьне пра сваё затрыманьне ўвечары 25 сакавіка, калі на Пушкінскай плошчы яна падышла да месца гібелі Тарайкоўскага.

«Паклала кветку, пасьля гэтага спрабавала зьбегчы ў мэтро, але ўсё роўна затрымалі. Была з палкамі для скандынаўскай хадзьбы, у чырвонай куртцы і жоўтай шапцы», — напісала жанчына.

Людмілу трымалі ў Фрунзэнскім РУУС тры гадзіны.

«Хацелі везьці ў ІЧУ, і калі б сама там ня стала крычаць, што ёсьць дзеці непаўналетнія, то і павезьлі б», — сказала жанчына.

Справу Людмілы суд будзе разглядаць 8 красавіка.

«Калі падпісвала пратакол, то бачыла, што нібыта сьведкі майго затрыманьня, гэта значыць непасрэдна самі людзі ў масках, якія затрымлівалі мяне, напісалі, што я была затрыманая ў складзе групы са сьцягамі, махала рукамі, крычала лёзунгі, то бок падводзяць пад масавае мерапрыемства, — кажа Людміла. — Праз чат атрымалася знайсьці адну жанчыну, якая з вакна сваёй кватэры бачыла маё затрыманьне. Паглядзім, што скажа адвакат, клікаць яе ці не, бо ў мяне ёсьць яшчэ адзін сьведка, які знаходзіўся паблізу».

«У мяне засталіся іх ровары»

Яшчэ адзін карыстальнік напісаў, што бачыў, як 27 сакавіка паміж 15 і 15.30 на плошчы Бангалор «амапаўцы зьбілі і завалаклі двух раварыстаў (магчыма, незнаёмых між сабой)». «На жаль, не змагу толкам успомніць ці апазнаць хлопцаў, але ў мяне засталіся іх ровары», — дадаў ён.

«Я пакідаў паведамленьне ў чаце пошуку сьведак, там адгукнуліся пару чалавек, але падобна, што шукалі сьведак іншых затрыманьняў. Яшчэ я пакідаў запыт у суполцы пра пошук ровараў, і яны ўжо дапамаглі знайсьці гаспадара аднаго ровара, дакладней, яго маму. Хлопца забралі на 15 сутак. Таму карысьць ёсьць, — кажа хлапец. — Мне здаецца, што галоўнае тут ня сам чат, а тое, што ў цэлым ёсьць відэапацьверджаньні бязьмежжа. Такое адчуваньне, што людзі „забываюцца“, што адбываецца, калі доўга гэтага ня бачаць. А ў нашым „судзе“, вядома, ні сьведкі, ні відэа не дапамогуць».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG