Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Бабруйскім ізалятары абвясьцілі галадоўку пяць асуджаных за Дзень Волі


Сяргей Бяляеў — адзін зь пяці галадоўнікаў, аріхўнае фота
Сяргей Бяляеў — адзін зь пяці галадоўнікаў, аріхўнае фота

Пра гэта заявілі іхныя родзічы, спасылаючыся на супрацоўнікаў ізалятару.

Пяць мужчын, якія раней траплялі пад увагу міліцыі за ўдзел у пратэставых акцыях, затрымалі 25 сакавіка ў цэнтры гораду. На наступны дзень іх судзілі ў ізалятары.

Івана Манько, пра галадоўку якога стала вядома 27 сакавіка, пакаралі 30 днямі адміністрацыйнага арышту. Столькі ж прысудзілі Ўладзімеру Міхалапу.

Інваліду 3-й групы Сяргею Бяляеву і Аляксандру Парахневічу далі па 20 сутак. На 15 дзён адправілі за краты Паўла Кабанчука. На ягонай машыне была Пагоня, што стала падставай для затрыманьня.

Паводле бабруйскай праваабаронцы Галіны Сьмірновай, 1 красавіка родным асуджаных з ізалятару паведамілі, што тыя ў галадоўцы, і папрасілі забраць перадачы, прынесеныя раней. Не пагадзіліся пакінуць нават ваду, сьцьвярджае актывістка.

«Мы падазраём, што ў ізалятары быў нейкі інцыдэнт, які справакаваў галадоўку, і цяпер яны нечага дамагаюцца, — мяркуе яна, — Яе прычыну галадоўнікі ўказалі ў заяве начальніку ізалятару. Калі б такой заявы не было, то нам бы не сказалі пра галадоўку».

Паводле Сьмірновай, родныя дамагаюцца сустрэчы з кіраўніцтвам ізалятару. Яе быццам заплянавалі на панядзелак 5 красавіка. У спатканьні з асуджанымі адмаўляюць.

Маці Сяргея Бяляева пацьвердзіла, што ёй стала вядома пра сынаву галадоўку ад супрацоўнікаў ізалятару, якія прасілі забраць яе перадачу. Па словах жанчыны, сын пратэстуе супраць незаконнага, на ягоную думку, прысуду. За што яго асудзілі, ёй невядома. У Сяргея хвароба Паркінсона. Маці асуджанага непакоіцца, што галадоўка адабʼецца на ягоным самаадчуваньні.

У Бабруйскім судзе паведамілі, што Сяргея Бяляева асудзілі за парушэньне парадку арганізацыі альбо правядзеньня масавых мерапрыемстваў, учыненае паўторна цягам году.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG