Як паведамляе TUT.BY, сын затрыманага, Мікіта Дражын, прадаставіў рэдакцыі TUT.BY фота рашэньня суду, якое было вынесена 30 сакавіка. У дзеяньнях Андрэя Дражына ўгледзелі прыкметы парушэньня парадку правядзеньня ці арганізацыі масавых мерапрыемстваў, г.зн. ч. 1 арт. 24.23 КаАП, і аштрафавалі на 40 базавых велічыняў (1160 рублёў).
У пастанове суду запісана: «Бел-чырвона-белы сьцяг у форме трафарэтных таблічкі, памерам 0,75 × 0,35 мэтра, таблічку з указаньнем нумара дому ў форме знака „Пагоня“ — захоўваць з матэрыяламі справы».
Мікіта Дражын сказаў, што супрацоўнікі міліцыі агледзелі дом, хлеў, гараж і лазьню: памяшканьні правяралі «на выяўленьне „забароненай сымболікі“».
— Пасьля гэтага каля гадзіны супрацоўнікі міліцыі запаўнялі нейкія паперы. А потым — зьняцьце і канфіскацыя дзьвюх шыльдаў. Са слоў міліцыі, бел-чырвона-белыя шыльды з назвай вуліцы на лацінцы і нумарам дома прыраўноўваюцца да адзінкавага пікетаваньня, — тлумачыў Мікіта.
Да суду Андрэй Дражын трое сутак правёў у ізалятары мясцовага РАУС.