Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША могуць аднавіць эканамічныя санкцыі ў дачыненьні да Беларусі. Чым гэта пагражае


© Shutterstock
© Shutterstock

30 сакавіка ў ЗША заявілі аб магчымасьці аднаўленьня замарожаных раней санкцыяў у дачыненьні да дзевяці беларускіх прадпрыемстваў. Глядзім, як гэта адаб’ецца на эканоміцы Беларусі.

ЗША могуць аднавіць замарожаныя ў 2015 годзе эканамічныя санкцыі супраць 9 беларускіх прадпрыемстваў: «Белнафтахім», «Белнафтахім ЗША», «Нафтан», «Беларускі нафтавы гандлёвы дом», «Белшына», «Гродна Азот», «Гроднахімвалакно», ААТ «Лякафарба», ААТ «Полацак-Шкловалакно».

Гэта значыць, што прадпрыемствам і грамадзянам ЗША будзе забаронена ўступаць у эканамічныя і фінансавыя дачыненьні з гэтымі арганізацыямі, а ўся іх маёмасьць і рахункі, якія знаходзяцца на тэрыторыі ЗША, будуць замарожаныя.

Канчатковае рашэньне яшчэ не прынятае. Каб пазьбегнуць санкцый, ЗША «заклікаюць улады Беларусі вызваліць усіх палітвязьняў». Рашэньне аб падаўжэньні санкцый маюць прыняць да 26 красавіка (тады канчаецца тэрмін замарозкі санкцый).

Што Беларусь прадае ў ЗША

Летась Беларусь экспартавала ў ЗША тавараў на 199,2 мільёна даляраў. Асноўны прадукт — калійныя ўгнаеньні — на 100,9 мільёна даляраў. Прадукцыю прадпрыемстваў, супраць якіх узнавілі санкцыі, таксама прадавалі ў ЗША. Нафтапрадуктаў, напрыклад, экспартавалі на 935 тысяч даляраў, шынаў — на 169 тысяч даляраў. Сынтэтычных нітак Беларусь летась прадала ў ЗША на 605 тысяч даляраў.

Як санкцыі ЗША ўплывалі на гандаль зь Беларусьсю

Санкцыі, якія ЗША пагражаюць аднавіць, былі замарожаныя ў 2015 годзе, а ўвялі іх упершыню ў 2011-м у адказ на жорсткі разгон Плошчы-2010 і арышты палітыкаў і кандыдатаў у прэзыдэнты.

У 2011 годзе экспарт тавараў і паслуг зь Беларусі ў ЗША склаў 86,3 мільёна даляраў, а ў 2012 прасеў да 71,2 мільёна. Імпарт жа, наадварот, рос: з 556 мільёнаў даляраў у 2011 да 634 мільёнаў у 2012-м.

З 2012 году пачынае расьці і экспарт, але ягоны найбольшы рост назіраецца з 2015 году (якраз калі замарозілі санкцыі). У 2018 годзе Беларусь экспартуе тавараў у ЗША ўжо на 270 мільёнаў даляраў.

Чым пагражае вяртаньне санкцый

Паводле фінансавага аналітыка Вадзіма Іосуба, для беларускай эканомікі важна, ці будуць «другасныя санкцыі» на дадатак да асноўных.

Вадзім Іосуб, архіўнае фота
Вадзім Іосуб, архіўнае фота

«Другасныя санкцыі прадугледжваюць праблемы з абслугоўваньнем кампаній у амэрыканскіх банках, праблемы з абслугоўваньнем амэрыканскімі банкамі іншых банкаў, дзе гэтыя кампаніі маюць рахункі. Гэта можа закрануць трэціх асоб, якія не зьвязаныя з ЗША. На прыкладзе санкцый „Паўночнага патоку — 2“ якраз бачныя другасныя санкцыі. Наўпрост ад паставак амэрыканскага абсталяваньня ці гандлю нафтахіміяй ці хіміяй — гэта невялікі аб’ём, ня вельмі пацерпіць эканоміка. Але калі будуць другасныя санкцыі і контрагенты з Эўропы ня будуць працаваць з гэтымі кампаніямі таксама — тады вынік будзе балючы для эканомікі», — мяркуе Вадзім Іосуб.

Другасныя санкцыі — гэта ня тыя, што наўпрост уводзяцца супраць пэўных кампаній, а эфэкт ад санкцый, які датычыць ня толькі адной краіны, але і контрагентаў зь іншых краін. То бок, калі такія санкцыі ўводзяць ЗША, гандляваць з кампаніямі з санкцыйнага сьпісу можа стаць нязручна і для эўрапейскіх кампаній.

У 2011 годзе, калі ЗША ўводзілі эканамічныя санкцыі, другасных санкцый не было, прыгадвае Вадзім Іосуб.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG