Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прысуды ў крымінальных справах 31 сакавіка: 6 і 7 гадоў калёніі за намер адпомсьціць


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Суды працягваюць перасьледаваць беларусаў за ўдзел у пратэстах. 31 сакавіка крымінальны вырак пачулі жыхарка Пружаншчыны за слова «скот» у адрас міліцыянта, а таксама двое мужчын за спробу адпомсьціць кіроўцу, які зьбіў мужчыну зь бел-чырвона-белым сьцягам.

«Хімія» і штрафы за некалькі хвілін перакрытага руху

Суд Маладачанскага раёну вынес прысуд у крымінальнай справе паводле артыкула 342 Крымінальнага кодэксу. Яе пачалі супраць шасьці гараджанаў, якія летась 21 лістапада на некалькі хвілін перакрылі дарогу.

Як паведамляе «Вясна», Дзьмітрыя Карабейніка, Рыгора Саладоўнікава, Сяргея Сідаровіча, Эліну Карыцьку асудзілі на 1 год і 6 месяцаў абмежаваньня волі кожнага з накіраваньнем у папраўчую ўстанову. Ганну Задорскую і Ігара Сідаровіча аштрафавалі (дакладная сума будзе вядомая пазьней).

Палітвязьняў Карабейніка і Саладоўнікава выпусьцілі з-пад варты да набыцьця прысудам законнай сілы.

Справу разглядала судзьдзя Вікторыя Паляшчук. Пацярпелымі выступілі кіроўцы маладачанскага аўтапарку і хуткай дапамогі, якія ў той дзень знаходзіліся на дарозе. Яны не выказвалі ніякіх ні матэрыяльных, ні маральных прэтэнзій.

Паводле матэрыялаў справы, раніцай 21 лістапада некалькі чалавек ва ўзросьце ад 20 да 33 гадоў выйшлі на праезную частку Вялікага Гасьцінца ў Маладэчне і расьцягнулі плякат, перакрыўшы рух аўтамабільнага транспарту. Празь некалькі хвілін яны сышлі. Сьледзтва палічыла, што абвінавачаныя загадзя разьмеркавалі ролі і абмяркоўвалі акцыю ў тэлеграм-чаце.


«Хатняя хімія» і 2 тысячы рублёў за абразу міліцыянта

У судзе Фрунзэнскага раёну Менску разглядалася крымінальная справа ў дачыненьні да Рамана Дворкіна. Яго абвінавацілі ў абразе прадстаўніка ўлады па артыкуле 369 Крымінальнага кодэксу.

Судзіла менчука Ала Скуратовіч, бок дзяржабвінавачаньня прадстаўляла Валерыя Таратынка. Пацярпелым прызнаны падпалкоўнік міліцыі Дзьмітры Кротаў.

Паводле абвінавачваньня, дзейнічаючы наўмысна, пасягаючы на аўтарытэт, гонар і годнасьць прадстаўніка ўлады, летась 20 кастрычніка падсудны меў намер на публічную абразу прадстаўніка ўлады.

Паколькі Таратынка не агучыла ні назву тэлеграм-каналу, ні зьмест допісу, выглядае, што гаворка пра пост з пэрсанальнымі дадзенымі Кротава ў тэлеграм-канале, які прызнаны экстрэмісцкім.

Міліцыянт заявіў грамадзянскі пазоў аб кампэнсацыі маральнай шкоды на суму 3000 рублёў.

Раман Дворкін патлумачыў, што прачытаў паведамленьне, як праваахоўнік штурхнуў цяжарную жанчыну, і пад эмоцыямі пакінуў камэнтар. Ён выбачыўся перад пацярпелым, але не пагадзіўся з памерам патрабаваньняў.

Дзяржабвінаваўца папрасіла для Дворкіна 2 гады абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу і задаволіць грамадзянскі пазоў у поўным аб’ёме.

Судзьдзя пагадзілася з тэрмінам і спосабам пакараньня абвінавачанага, але памер сумы крыху зьменшыла — цягам месяца ён мусіць выплаціць міліцыянту кампэнсацыю маральнай шкоды ў памеры 2000 рублёў.

6 і 7 гадоў калёніі за спробу пракалоць шыны

У судзе Заводзкага раёну Менску вынесьлі прысуд па крымінальнай справе супраць двух менчукоў: 32-гадовага Юрыя Сяргея пакаралі 6 гадамі калёніі ўзмоцненага рэжыму, 37-гадовага Кірыла Казея — 7 гадамі калёніі ўзмоцненага рэжыму. Напярэдадні пракурор прасіла менавіта такога пакараньня. Таксама абвінавачаныя мусяць сплаціць па 4350 рублёў штрафу.

Іх прызналі вінаватымі ў парушэньні 3 артыкулаў Крымінальнага кодэксу: «падрыхтоўка да зьдзяйсьненьня асабліва злоснага хуліганства» (ч. 1 арт. 13, ч. 3 арт. 339 КК), «падрыхтоўка да наўмыснага зьнішчэньня альбо пашкоджаньня маёмасьці» (ч. 1 арт. 13, ч. 2 арт. 218 КК), «незаконнае захоўваньне боепрыпасаў» (ч. 3 арт. 295 КК).

Па вэрсіі сьледзтва, мужчыны хацелі адпомсьціць кіроўцу BMW, які напаў на чалавека зь бел-чырвона-белым сьцягам: яны вырашылі пракалоць шыны яго аўтамабіля, аднак на падыходзе да двара, дзе стаяў аўтамабіль, іх затрымаў АМАП. Пры асабістым вобшуку ў Казея канфіскавалі пнэўматычны пісталет бяз куль і балёну, у Сяргея — самаробны нож, які экспэртыза прызнала халоднай зброяй. А на наступны дзень пры аглядзе аўтамабіля ў Казея знайшлі сьцягі, улёткі, фаервэркі, лазэрныя ўказкі, ручную гранату і 58 патронаў.

Абодва асуджаныя не прызналі сваёй віны. Сяргей адмовіўся ад паказаньняў у судзе, а Казей падрабязна расказаў пра гвалт амапаўцаў і іх пагрозы, а таксама заявіў, што пісталет, гранату і патроны яму падкінулі. Але суд адмовіўся прызначаць дадатковую экспэртызу.

2 гады «хатняй хіміі» за абразу міліцыянта

У судзе Пружанскага раёну 30 сакавіка асудзілі Людмілу Карасоўскую, якую абвінавачвалі ў абразе супрацоўніка міліцыі Дзьмітрыя Казарэнкі паводле арт. 369 Крымінальнага кодэксу: жанчыну пакаралі 2 гадамі абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, піша «Вясна». Таксама суд пастанавіў спагнаць на карысьць пацярпелага кампэнсацыю маральнай шкоды ў памеры 300 рублёў.

Справу разглядаў старшыня суду Вадзім Мазоль, дзяржабвінаваўца — Вераніка Манец. Паводле абвінавачаньня, Людміла Карасоўская 11 сьнежня 2020 году, «усьведамляючы зьневажальны характар свайго выказваньня і з мэтай прычыненьня шкоды аўтарытэту дзяржаўнай улады і кіраваньня, наўмысна разьмясьціла ў тэлеграм-канале „Пружаны/Пружана“ камэнтар пад фота міліцыянта — слова „скот“», маючы намер яго абразіць. Паводле судова-лінгвістычнай экспэртызы, дадзенае слова нясе нэгатыўную ацэнку асобы мужчынскага полу — Казарэнкі, зьяўляецца грубым і абразьлівым у дачыненьні да міліцыянта.

Падсудная віну прызнала часткова: камэнтар яна пакінула, але не чакала крымінальнай адказнасьці за адно слова, не хацела абразіць або пакрыўдзіць Казарэнку. Людміла Карасоўская патлумачыла свой учынак эмацыйнай рэакцыяй — ёй стала крыўдна за пажылога 64-гадовага мужчыну, якога аштрафавалі на 20 базавых велічынь. Яна публічна прынесла прабачэньні міліцыянту.

Прызнаны пацярпелым Казарэнка заявіў, што слова «скот», напісанае жанчынай, «дыскрэдытавала яго ў вачах грамадзкасьці, сфармавала непрыязнае стаўленьне да яго». І папрасіў 300 рублёў кампэнсацыі. Людміла Карасоўская прызнала заяўлены пазоў у поўным аб’ёме.

Маці пяцярых дзяцей пакінулі пад вартай

38-гадовую маці пяцярых дзяцей са Ждановічаў Вольгу Залатар пасьля абскарджаньня меры стрыманьня пакінулі пад вартай, расказаў Tut.by яе адвакат Андрэй Мачалаў.

Вольгу Залатар затрымалі 18 сакавіка, калі яна везла дачку на музычны занятак. 26 сакавіка Вользе Залатар прад'явілі абвінавачаньне па ч. 1 артыкула 361-1 Крымінальнага кодэксу («Стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня або кіраваньне такім фармаваньнем ці структурным падразьдзяленьнем, якое ў яго ўваходзіць»). Па гэтым артыкуле Вользе можа пагражаць да 5 гадоў абмежаваньня волі або ад 3 да 7 гадоў пазбаўленьня волі. Цяпер Вольга ў СІЗА №1 на Валадарскага.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG