Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У абвінавачанага ў «пінскай справе» пасьля затрыманьня здарыўся сардэчны прыступ


Пратэст у Пінску супраць фальшаваньня выбараў, 9 жніўня 2020
Пратэст у Пінску супраць фальшаваньня выбараў, 9 жніўня 2020

Жыхара Пінску Валянціна Колба, якога абвінавачваюць у «масавых беспарадках», шпіталізавалі з сардэчным прыступам.

Як паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна», Валянцін Колб у статусе падазраванага ў так званай «пінскай справе» знаходзіўся пад падпіскай пра нявыезд. Раніцай 24 сакавіка яго затрымалі і вынесьлі абвінавачаньне паводле артыкулу 293 Крымінальнага кодэксу «Масавыя беспарадкі». Валянцін Колб мае інваліднасьць праз хваробу сэрца, раней ён перанёс інфаркт.

Адразу пасьля затрыманьня мужчыну зрабілася дрэнна, яго даставілі ў Пінскую цэнтральную лякарню, прыставілі канвой. У Валянціна Колба дыягнаставалі перадынфарктны стан і пакінулі для далейшага лячэньня. Некаторы час знаходзіўся ў рэанімацыі, пасьля яго перавялі ў палату. Цяпер стан у яго стабільны, дыягназ — ішэмічная хвароба сэрца і іншыя паталёгіі, спадарожныя раней перанесенаму інфаркту.

З прычыны стрэсаў, зьвязаных са сьледзтвам, Валянцін Колб неаднаразова трапляў у лякарню. Вядома, што неўзабаве мужчыну могуць выпісаць. І, хоць яму паказаная дыета, пастаянны прыём лекаў і рэгулярныя абсьледаваньні, Валянціна зьмесьцяць у СІЗА адразу пасьля стацыянару. Знаёмыя абвінавачанага лічаць, што інфаркт у яго можа паўтарыцца ў любы момант, а ва ўмовах СІЗА ягонае сэрца не вытрымае.

Яе піша «Вясна», суд, падобна, адбудзецца ня хутка, бо цяпер яшчэ ня вынесены прысуды першай групе ўдзельнікаў «пінскай справы». І ўвесь гэты час Валянціну Колбу прыйдзецца знаходзіцца ў СІЗА, хоць яму патрэбна спакойная абстаноўка. Але, як паказвае цяперашняя практыка, ніхто ўлічваць стан яго здароўя ня стане. Якасную экстраную дапамогу інваліду па сэрцы не акажуць, а «хуткая» можа не пасьпець даехаць у СІЗА.

Акрамя Валянціна Колба, 24 сакавіка у «пінскай справе» быў узяты пад варту 23-гадовы Андрэй Хвескавец. Яго абвінавачваюць у тым, што ён «кідаў бутэльку, бляшанку, кавалак асфальту» ў сілавікоў. Хлопца зьмясьцілі ў СІЗА-6 у Баранавічах.

Таксама раніцай таго ж дня з дому забралі Аляксандра Шандыбу. Сваякам пазьней паведамілі, што яго павязуць у баранавіцкае СІЗА.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG