Пры падрыхтоўцы дакладу прааналізавалі і ацанілі зьвесткі ад 44 назіральнікаў пра 590 працэсаў па адміністрацыйных справах у 17 судах Беларусі, а таксама зьвесткі, атрыманыя больш як ад 600 затрыманых па адміністрацыйных справах з 38 гарадоў Беларусі. Па выніках назіраньня за судамі і аналізу ўсіх этапаў адміністрацыйнага працэсу юрыстамі і экспэртамі праваабаронцы адзначаюць:
- больш за 30 000 беларусаў за мінулы год затрымлівалі і судзілі па адміністрацыйных справах;
- падчас адміністрацыйных працэсаў праваабаронцы фіксавалі паўсюднае парушэньне нацыянальных нормаў права, канстытуцыйных і міжнародна прызнаных стандартаў справядлівага суду;
- паводле затрыманых, у 87,3% выпадкаў сілавікі не прадставіліся пры затрыманьні, толькі 7,5% назваліся і 5,3% прад’явілі дакумэнты;
- у 84,6% выпадкаў затрыманым не тлумачылі прычыну затрыманьня;
- 57% усіх апытаных заявілі, што ў дачыненьні да іх ужывалі фізычную сілу (сярод тых, каго затрымлівалі са студзеня па травень 2020 году, пра ўжываньне фізычнай сілы заявілі 21% апытаных, з пачатку траўня па 9 жніўня — 63%, з 9 па 13 жніўня — 91%, з 14 жніўня да канца 2020 году — 54%, са студзеня па сакавік 2021 году — 39%);
- супраць 36% затрыманых ужывалі таксама спэцсродкі (са студзеня па травень 2020 году ўжываньне спэцсродкаў зазналі 29% затрыманых, з пачатку траўня па 9 жніўня — 13%, з 9 па 13 жніўня — 73%, з 14 жніўня да канца 2020 году — 36%, са студзеня па сакавік 2021 году — 6%);
- 74,3% затрыманых сьцьвярджалі, што супраць іх ужывалі псыхалягічны гвалт, пагрозы, шантаж;
- больш за палову (51,7%) судоў, за якімі назіралі валянтэры «Вясны», адбываліся ў рэжыме відэаканфэрэнцыі; дрэнная якасьць сувязі нярэдка прыводзіла да таго, што падсудныя не маглі цалкам рэалізаваць свае працэсуальныя правы;
- да 1 сакавіка 2021 году па адміністрацыйных справах больш як на 3 гадзіны затрымлівалі і тых, у дачыненьні да каго ў адпаведнасьці з КаАП нельга прызначыць адміністрацыйнае спагнаньне ў выглядзе арышту (цяжарныя жанчыны, інваліды I і II групы, жанчыны і адзінокія мужчыны, якія маюць на ўтрыманьні непаўналетніх дзяцей, тыя, хто мае на ўтрыманьні інвалідаў I групы ці даглядае старых, якія дасягнулі 80-гадовага ўзросту). Новы КаАП ліквідаваў гэты відавочны недахоп — з 1 сакавіка іх не затрымліваюць больш як на 3 гадзіны.