Глядзіце размову на відэа цалкам.
Галоўныя зьмены
- Прынцып прэзумпцыі дакладнасьці подпісу. Калі ёсьць сумневы ў дакладнасьці подпісу, іх трэба трактаваць на карысьць правоў выбарнікаў і людзей, якія вылучаюцца.
- Доступ назіральнікаў у тым ліку і да фармаваньня камісій.
- Мы адыходзім ад прынцыпу пошуку дрэнных подпісаў і прыходзім да прынцыпу пошуку добрых подпісаў.
- Выкарыстаньне павялічанай копіі пратаколу — больш дэталёвы падлік галасоў, пасьлядоўна задакумэнтаваны на кожным этапе.
- Магчымасьць у разумныя тэрміны выпраўляць недахопы, якія магчыма выправіць — хтосьці забыўся заверыць падпісны ліст, выпадкова ўказалі няправільную дату...
Асноўныя тэзісы спэцпрадстаўніка Ціханоўскай па выбарах Аляксандра Шлыка:
Чаму рыхтаваць і абмяркоўваць новыя выбары трэба цяпер
— Падрыхтоўка да любых выбараў забірае час, трэба рыхтавацца загадзя. Калі наступяць перамены, мы хочам правесьці выбары хутка, і пры гэтым правесьці добрыя выбары. Мэта галасаваньня на плятформе «Голас» і мірных перамоваў — прывесьці краіну да новых, сумленных выбараў. Тое, што мы цяпер назіраем, пачалося з фальсыфікацыі выбараў, і адзіны спосаб выйсьці з крызісу — правесьці новыя, сумленныя выбары. Я раю ўсім азнаёміцца з нашымі праектамі пастановаў, і вы пабачыце, што ў нас ёсьць ня толькі мэта, але і канкрэтныя інструмэнты і прапановы, як выбары праводзіць.
Праца назіральнікаў. Якое прынцыповае адрозьненьне ад таго, што існуе ў Выбарчым кодэксе і на практыцы?
— Наша задача — правесьці выбары хутка, таму мы адштурхоўваемся ад палажэньняў цяперашняга выбарчага заканадаўства. Выбарчы кодэкс прадугледжвае, што выбары праводзяцца адкрыта і галосна, менавіта гэтыя прынцыпы мы лічым галоўнымі. У пастанове вырашаем тры асноўныя праблемы:
- Забясьпечваецца доступ назіральнікаў, у тым ліку і да фармаваньня камісій. Паводле цяперашняй інструкцыі і трактоўкі кодэксу Цэнтральнай выбарчай камісіяй назіральнікі зьяўляюцца толькі тады, калі камісія ўжо сфармаваная. Могуць быць прадстаўнікі тых, хто высунуты ў склад камісій на паседжаньнях органаў мясцовай улады, а мы даём магчымасьць непартыйным, незалежным арганізацыям прысутнічаць пры фармаваньні выбарчых камісій.
- Больш дакладнае апісаньне правоў назіральніка, доступу да кожнага этапу выбарчага працэсу і да дакумэнтацыі. Вы пабачыце вялікую розьніцу. У пастанове адзначана, што ўсе органы дзяржаўнай улады і органы, што адмініструюць выбары, абавязаныя аказваць спрыяньне назіральнікам. У аснову кладзецца празрыстасьць і адкрытасьць працэсу, а ня зручнасьць для камісій, калі ня там стаў, не туды падышоў, ня так дыхаеш — і назіральніка выдаляюць.
- Цяперашні Выбарчы кодэкс недасканалы. Пры працы над пастановамі мы бачым у ім супярэчнасьці. Напрыклад, паводле кодэксу назіральнікамі могуць быць і давераныя асобы кандыдатаў; у той жа час указана, што назіральнікі ня могуць аказваць мэтадычную, фінансавую і арганізацыйную дапамогу кандыдатам. Гэта парадокс. Атрымліваецца, што давераная асоба, якая выконвае функцыі назіральніка, ня можа выконваць свае беспасярэднія функцыі даверанай асобы — падтрымліваць кандыдата. Гэтую праблему і супярэчнасьць мы таксама вырашаем пастановай, мэта якой — аднастайнасьць і правільнае выкананьне палажэньняў заканадаўства.
Падлік галасоў. Зьявіцца павялічаная копія пратаколу
— У пастанове мы ўказваем, што зьмест кожнага бюлетэня павінен быць прадэманстраваны ўсім прысутным — назіральнікам, сябрам камісій, усім тым, хто мае права прысутнічаць на ўчастку.
Істотная рэч — выкарыстаньне павялічанай копіі пратаколу. Цяпер участак закрылі, скрыні адчынілі, палічылі, агучылі, запісалі. Хутчэй нават спачатку запісалі, а потым агучылі. У тым, як мы прапануем праводзіць падлік галасоў, працэс будзе больш дэталёвы. Закрылі ўчастак, пачалі падлік, і падчас яго кожны крок будзе фіксавацца ў павялічанай копіі пратаколу.
Спачатку падлічылі ўсе бюлетэні — нявыкарыстаныя, сапсаваныя, тыя, што дасталі са скрыні. Падлічылі подпісы і параўналі паказьнікі. Унесьлі кантрольныя лічбы ў павялічаную копію пратаколу, каб усе бачылі, што адбываецца зь лічбамі на кожным этапе падліку галасоў. Далей раскладаем бюлетэні па стосах, лічым галасы за кожнага кандыдата, супраць усіх кандыдатаў, бюлетэні, прызнаныя несапраўднымі, і пасьля гэтага яшчэ раз зьвяраем парамэтры. Гэта празрыстасьць, спалучаная са справаздачнасьцю.
Калі будуць нейкія праблемы, калі бюлетэні страчаныя ці знайшлося некалькі лішніх, гэта ня значыць, што трэба адмяняць вынікі галасаваньня і спыняць працэс. Усе дадзеныя акажуцца ў пратаколе, і пасьля, калі будуць сумневы, пытаньні, скаргі, можна будзе ня толькі дэталёва вызначыць, дзе гэтая праблема ўзьнікла, але і пераканацца ў тым, што малыя хібы (заўсёды ёсьць чалавечы фактар) не павінны прывесьці да адмены вынікаў галасаваньня на ўчастку.
У інструкцыі ЦВК на апошніх выбарах было дакладна ўказана, што спачатку лічацца і пагашаюцца нявыкарыстаныя бюлетэні. Але чамусьці дадзеныя пра гэта ўносяцца ледзь ня ў самы апошні пункт пратаколу. У мяне ёсьць падазрэньне, заснаванае на сьведчаньнях многіх міжнародных і мясцовых назіральнікаў, што гэта можа рабіцца для таго, каб проста лічбы сыходзіліся. Паводле нашага пляну ўсё ўносіцца ў пратакол менавіта ў такой пасьлядоўнасьці, якая будзе вызначана.
Рэгістрацыя кандыдатаў і фармаваньне выбарчых камісій. Прынцыповыя зьмены
— Найбольш важная зьмена будзе ў праверцы подпісаў. Мы адыходзім ад прынцыпу пошуку дрэнных подпісаў і прыходзім да прынцыпу пошуку добрых подпісаў. Асноўная мэта праверкі подпісаў — устанавіць дастатковую колькасьць подпісаў выбарнікаў для рэгістрацыі кандыдатаў. Гэта ня пошук тых подпісаў, якія прывядуць да адмовы ў рэгістрацыі, а пошук подпісаў, якія патрэбныя, каб чалавек змог стаць кандыдатам і рэалізаваць свае грамадзянскія правы.
Цяпер дзейнічае наступны падыход — бярэцца невялікая выбарка подпісаў, іх правяраюць, і на падставе таго, колькі было знойдзена дакладных подпісаў у гэтай выбарцы, робіцца яшчэ адна выбарка. У выніку можа аказацца так, што ў гэтых выбарках сапраўды недакладных подпісаў шмат, але гэта не азначае, што ў агульнай колькасьці недастаткова подпісаў, каб зарэгістраваць кандыдата. Ад гэтага трэба адыходзіць. Нельга экстрапаляваць колькасьць дрэнных подпісаў толькі з выбаркі. Трэба правяраць усё.
Важны момант — прынцып прэзумпцыі дакладнасьці подпісу. Калі ёсьць нейкія сумневы ў дакладнасьці подпісу, то іх трэба трактаваць на карысьць як правоў выбарнікаў, якія падпісаліся за патэнцыйнага кандыдата, так і на карысьць правоў таго чалавека, які хоча быць кандыдатам.
І стандартны падыход у міжнароднай практыцы — даваць магчымасьць у разумныя тэрміны выпраўляць недахопы, якія магчыма выправіць. Нехта забыўся заверыць падпісны ліст, нехта выпадкова ўказаў няправільную дату — такія дробныя недахопы можна выпраўляць у разумныя тэрміны. Ня трэба проста выкідаць усе подпісы ў сьметніцу.
Што будзе зь людзьмі, якія шмат гадоў працавалі ў выбарчых камісіях
— Выклікае сумневы, калі старшыня камісіі на выбарах зьяўляецца таксама і начальнікам сябраў камісіі ў звычайным жыцьці. Калі настаўнікі і работнікі ўстановаў аховы здароўя прыходзяць на працу пасьля выбараў, яны нясуць адказнасьць перад тым чалавекам, які быў старшынём камісіі напярэдадні. Трэба больш увагі аддаваць таму, каб камісіі самі выбіралі, хто будзе старшынём, намесьнікам і сакратаром.
Што да шматгадовых сябраў камісій, то тут мы сутыкаемся з пэўнага кшталту палітычнай і тэхнічнай праблемай. З аднаго боку, трэба паглядзець, якім чынам дапамагаць людзям, якія гатовыя праводзіць сумленныя выбары, трапіць у камісіі. З другога боку, мы ня можам штучна вызначыць, што адны людзі добрую працу зрабілі мінулым разам, а другія ня вельмі добрую. Тут можа быць патэнцыял як для памылак, так і для штучнага падзяленьня. Я перакананы, што ня трэба сячы з-за пляча.
Ня ўсе тыя, хто быў задзейнічаны ў фальсыфікацыях, нясуць аднолькавую адказнасьць. Ёсьць людзі, якія аказаліся не настолькі моцнымі, каб сказаць «не», хоць і хацелі. Можа, для іх і будзе самым добрым і нармальным спосабам паўдзельнічаць у сумленным падліку галасоў, правядзеньні справядлівых выбараў і пасьля гэтага выйсьці да сваіх суседзяў, паглядзець ім у вочы і сказаць: «Цяпер я адзін з вас». Гэта адзін з момантаў, які мы дагэтуль абмяркоўваем з калегамі ў працы над пастановай аб фармаваньні камісій.
З каго будуць фармавацца выбарчыя камісіі
Паводле цяперашняга кодэксу камісіі фармуюцца з прадстаўнікоў партый і грамадзкіх арганізацый, грамадзянаў і працоўных калектываў. Трэба зрабіць прыярытэтнымі спосабы вылучэньня людзей у камісіі. Натуральна, ад вылучэньня праз партыі не адмовімся. Узьнікае пытаньне — колькі чалавек партыі змогуць вылучыць у камісіі і што гэта будуць за грамадзкія арганізацыі, якія будуць вылучаць людзей у камісіі? У кодэксе прапісана, што, як правіла, гэта адна траціна. А дзьве траціны сябраў камісій варта сфармаваць з прадстаўнікоў-грамадзянаў. Такім чынам, выбары будуць ня толькі для людзей, але і сіламі людзей.
Хто працуе над пастановамі аб правядзеньні новых выбараў
— У камандзе, акрамя мяне, яшчэ 6 чалавек — 3 практыкі, 3 юрысты. Добрая камбінацыя, да таго ж гендэрна збалянсаваная. Імёнаў пакуль не назаву, многія пакуль ня хочуць быць публічнымі асобамі. Яны аддаюць свой вольны час на гэтую працу, бо ўсе маюць асноўную працу (займаюцца выбарамі, міжнародным правам, канстытуцыйным правам). Для іх гэта валянтэрскі ўнёсак у справу будучых выбараў. У нас шмат дыскусій і дэбатаў.
Я вельмі шмат назіраў за тым, як праводзяцца выбары, цяпер гляджу на гэта зь іншага боку. Я стаў больш цаніць той памер працы, якую праводзяць органы, якія адмініструюць выбары. Тут трэба шукаць балянс паміж тым, каб дастаткова дакладна рэгуляваць, але не перарэгуляваць працэс праз пастановы і рэзалюцыі, якія мы прапаноўваем. Жыцьцё заўсёды аказваецца больш складаным, чым любы закон і любая пастанова. Калі прапісваць кожную магчымую сытуацыю, можа аказацца, што некаторыя рэальныя сытуацыі будуць выходзіць за рамкі пастановаў. Таму мы ва ўсіх пастановах імкнёмся прапісаць ня тое, што рабіць, а тое, як рабіць і на падставе якіх прынцыпаў.
Ці ўдзельнічаць у выбарах, калі яны будуць праходзіць па сцэнары ўлады і будуць вылучаныя ўмоўныя Каранік ці Караеў?
— Я экспэрт у справе выбарчага заканадаўства. Хай палітыкі вырашаюць, удзельнічаць ці ня ўдзельнічаць і на якіх умовах. Наша гісторыя ў 2020 годзе паказала, што вельмі прадуктыўна ўдзельнічаць у выбарах. Для таго, каб выбары ўспрымаліся як сумленныя і празрыстыя, іх павінна праводзіць Цэнтральная выбарчая камісія і іншыя камісіі, якім грамадзяне давяраюць. Давер складана пабудаваць і лёгка страціць.