Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Берасьцейскія чыноўнікі патлумачылі пратэстоўцам, чаму акумулятарны завод запрацаваў без абяцанага Лукашэнкам рэфэрэндуму


На акцыі супраць пабудовы заводу, архіўнае фота.
На акцыі супраць пабудовы заводу, архіўнае фота.

Праціўнікі працы заводу сустрэліся з кіраўніцтвам Берасьцейскага райвыканкаму, але безвынікова. У рэфэрэндуме, які абяцаў асабіста Лукашэнка, улады адмовілі.

24 сакавіка група праціўнікаў заводу сустрэлася з чыноўнікамі, у прыватнасьці, з кіраўніцтвам Берасьцейскага райвыканкаму і абласнога савету дэпутатаў. Чыноўнікі ім заявілі, што для правядзеньня рэфэрэндуму няма падставаў, піша «Белсат».

Летась падчас візыту ў Берасьце 22 чэрвеня Лукашэнка абяцаў, што лёс заводу будзе вырашацца на мясцовым рэфэрэндуме: працаваць прадпрыемству ці закрыцца, вызначаць жыхары рэгіёну. Але ўжо ў сьнежні без усякага плебісцыту пачалі запуск заводу.

Праваабаронца Раман Кісьляк сказаў, што юрыдычна прадпрыемства запрацавала яшчэ 13 сакавіка. Старшыня Берасьцейскага райвыканкаму Ўладзімер Сянчук пагадзіўся з пазыцыяй Тэльмінскага сельскага выканкаму, што правядзеньне мясцовага рэфэрэндуму «не адпавядае заканадаўству», інфармуе Tut.by.

На думку чыноўніка, завод не парушае экалягічных нормаў. Праціўнікі заводу маюць супрацьлеглую інфармацыю. Акумулятарны завод ужо спынялі ў 2019 годзе «да ліквідацыі выяўленых парушэньняў».

Каму належыць завод

У траўні 2020 году завод атрымаў найменьне ТАА «Акумулятарны Альянс». 85% кампаніі належаць Сяргею Кагановічу, а 15% — Дзьмітрыю Баскаву, старшыні Фэдэрацыі хакею, набліжанаму да Лукашэнкі. Баскава падазраюць у датычнасьці да гібелі Рамана Бандарэнкі ў лістападзе.

25 верасьня 2020 году ўлады спынілі дзеяньне распараджэньня былога старшыні аблвыканкаму Анатоля Ліса аб прыпыненьні будаўніцтва акумулятарнага заводу.

У сакавіку 2021 году завяршыла працу прыёмачная камісія па ўводзе прадпрыемства ў эксплюатацыю. Завод атрымаў поўны пакет дакумэнтаў, якія пацьвярджаюць адпаведнасьць патрабаваньням экалягічнай бясьпекі і эксплюатацыйнай надзейнасьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG