Кіраўнік канадзкага Упраўленьня бясьпекі на транспарце Кэці Фокс заявіла, што выніковы даклад Ірану аб леташнім зьбітым украінскім пасажырскім самалёце не тлумачыць прычын катастрофы, інфармуе «Голас Амэрыкі».
«У справаздачы апавядаецца, што адбылося, але не даецца адказу на пытаньне, чаму гэта адбылося», — сказала Фокс на прэс-канфэрэнцыі ў Атаве.
«Мы лічым, што выніковая справаздача, дадзеная ўчора Іранам, зьяўляецца няпоўнаю, — дадала Фокс. — У ёй больш пытаньняў, чым адказаў».
8 студзеня 2020 году самалёт Boeing 737-800 «Міжнародных авіяліній Украіны», які ляцеў у Кіеў, пацярпеў крушэньне неўзабаве пасьля вылету з Тэгерану, у выніку чаго загінулі ўсе 176 чалавек, якія знаходзіліся на борце.
Праз тры дні Ісламская рэспубліка прызнала, што яе сілы памылкова зьбілі самалёт, запусьціўшы дзьве ракеты.
У сваім выніковым дакладзе іранская Арганізацыя грамадзянскай авіяцыі адзначыла, што іранскія сілы знаходзіліся ў стане павышанай гатоўнасьці на фоне абвастрэньня напружанасьці ў стасунках з ЗША.
Паводле Фокс, гэта не дае адказу на многія пытаньні аб прычынах катастрофы.
У выніку катастрофы загінулі 11 грамадзян Украіны. Кіеў у сераду назваў даклад «цынічнай спробай утаіць сапраўдныя прычыны» трагедыі.