Сьвятлана Ціханоўская выступіла з онлайн-зваротам, у якім заклікала да агульнанацыянальнага галасаваньня за перамовы аб мірным выхадзе з крызісу.
Злучаныя Штаты прывіталі ініцыятыву Сьвятланы Ціханоўскай прагаласаваць у падтрымку перамоў з рэжымам Аляксандра Лукашэнкі пры міжнародным пасярэдніцтве.
Пасьля аварыі на трансфарматарнай падстанцыі БелАЗу ва ўсім Жодзіне адключылі ваду.
«Выразаць гарачым жалезам». Лукашэнка праананасаваў 10 законаў супраць «дэструктыўнай актыўнасьці».
У Дзяржынску працягваліся масавыя ператрусы, затрыманыя некалькі дзясяткаў чалавек.
Працягваюцца суды над палітвязьнямі і ўдзельнікамі пратэстаў супраць фальсыфікацыі выбараў.
Адзінаццаць міжнародных праваабарончых арганізацый, уключаючы Amnesty International, выступілі з сумеснай заявай, у якой запатрабавалі ад беларускіх уладаў спыніць перасьлед праваабаронцаў.
Нарвэскі саюз пісьменьнікаў уручыў прэмію «За свабоду слова» 2020 году беларускім паэтам Дзьмітрыю Строцаву і Ганьне Комар.
Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа і Ўкраіны Уладзімір Зяленскі дамовіліся аб каардынацыі і сынхранізацыі дзеяньняў у сфэры энэргетычнай бясьпекі, у тым ліку і датычна Беларускай атамнай электрастанцыі.
Амбасадара Расеі ў Вашынгтоне Анатолія Антонава адклікалі ў Маскву на кансультацыі, гэта адбылося пасьля інтэрвію прэзыдэнта ЗША Джо Байдэна, у якім той сьцьвярджальна адказаў на пытаньне, ці лічыць ён прэзыдэнта Пуціна забойцам.
У Армэніі на тле ўнутрыпалітычнага крызісу, выкліканага канфліктам паміж прэм’ер-міністрам Ніколам Пашыньянам, вайскоўцамі і апазыцыяй, абвясьцілі аб правядзеньні датэрміновых парлямэнцкіх выбараў.