Алкаеў тлумачыць, калі і як прымаецца рашэньне аб прымусовым кармленьні галадоўніка. Ён ня лічыць галадоўку эфэктыўным спосабам пратэсту ў беларускай турме.
Сьцісла
- «Галадоўка — як самаму сабе кулю ў нагу пусьціць. Гэта дапамагаць ворагу. А каго зьдзівіш сьмерцю ў Беларусі?»
- «Зьняволены павінен напісаць ліст пра галадоўку з матывацыяй. Пра гэта паведамляецца начальніку, той — вышэйшаму начальніку, далей міністру, а той — прэзыдэнту».
- «Я ўдзельнічаў у распрацоўцы правілаў мэдычнага лячэньня галадоўніка, абмяркоўвалі, на якой стадыі прымяняць прымусовае кармленьне. Дасьведчаныя супрацоўнікі ведаюць — калі заходзіш у камэру і ёсьць пах ацэтону, значыць, чалавек галадае каля 8 дзён».
- «Хто цяпер можа паўплываць на сьледчы і судовы працэс? Сьледчыя і судзьдзі выконваюць замовы. Рашэньні прымаюцца на найвышэйшым дзяржаўным узроўні, да іх і трэба зьвяртацца».
- «Ёсьць розныя спосабы прымусовага кармленьня. Калі чалавек не супраціўляецца, яму праз рот зробяць. Калі супраціўляецца, празь іншыя месцы. Гэта выглядае як шпрыц. І ўводзіцца ня ў вену».
Падаем асноўныя тэзісы Алега Алкаева.
Пра крайнюю форму пратэсту за кратамі
— Галадоўка і ўскрыцьцё венаў — крайняя форма пратэсту ў калёніях ці сьледчых ізалятарах. Усё залежыць ад матывацыі. Калі гэта несправядлівае стаўленьне адміністрацыі, перавышэньне паўнамоцтваў, злоўжываньне, зьдзекі, то гэта адна форма пратэсту. Калі гэта барацьба са сьледчымі ці судовымі органамі — іншая форма. Але ўсё гэта крайняя форма пратэсту, калі чалавек ня згодны з тым, што адбываецца, і іншым спосабам выказаць гэта ня можа. Пісаць, гаварыць ня мае сэнсу, і толькі так ён можа прыцягнуць да сябе ўвагу. Гэтая форма пратэсту даволі распаўсюджаная ў месцах пазбаўленьня волі.
Пра гучныя галадоўкі
— Былы кандыдат на прэзыдэнта Казулін галадаў больш за 50 дзён. У Расеі рэжысэр Сянцоў больш за 100 дзён галадаў. Я знаю асабіста Ігнатовіча (фігурант справы аб забойстве Зьмітра Завадзкага. — РС), які больш за год галадаў. Хоць мы і разумеем, што гэта была сымуляцыя галадоўкі, па начах ён еў, калі ніхто ня бачыў (ці думаў, што ніхто ня бачыць).
Калі галадоўка праводзіцца сур’ёзна з поўным выкананьнем умоваў, пра якія абвясьціў галадоўнік, гэта вельмі сурʼёзная справа найперш для яго самога. Наступствы могуць быць незваротныя.
Калі я быў начальнікам СІЗА № 1, Статкевіч трымаў галадоўку (быў арыштаваны разам з Валерам Шчукіным пасьля Маршу Свабоды ў 1999 годзе. — РС). Я ведаў, што яго вызваляць, што і адбылося праз 13 дзён.
Пра інструкцыі і правілы для супрацоўнікаў турмаў і ізалятараў на выпадак галадоўкі вязьняў
— Яны абавязаныя зрабіць захады, каб устараніць прычыны і ўмовы, якія стварылі нагоду для галадоўкі. Паколькі адміністрацыя не ўплывае на сьледчы працэс, то яна можа толькі папярэдзіць вязьня пра шкоду здароўю. У выпадку крытычнага стану (дактары сочаць) — ужыць прымусовае кармленьне. Гэта ня вельмі прыемная працэдура, але падтрымліваць вязьня будуць.
Разумееце, ні Сянцоў, ні іншы па 100 дзён галадаць ня могуць. Гэта азначае, што да іх прымянілі формы прымусовага кармленьня. Але яны пра гэта ня будуць казаць. Гэта іх права. Нікому ў турме сьмерць не патрэбная. Асабліва адміністрацыі. Бывае, што людзі не задаволеныя ўмовамі ўтрыманьня, і тады начальнік, ці іншы старшы супрацоўнік, да якога зьвярнуліся, павінен іх устараніць.
Пра рашэньні аб палітвязьнях, якія прымаюць на высокім узроўні
— Праблему цяперашніх галадоўнікаў не ўстароняць у турме. Адзінае, што там могуць — падтрымліваць на мінімальным узроўні здароўе чалавека. Яны зьвярнулі ўвагу грамадзкасьці. А хто можа паўплываць у нас на сьледчы і судовы працэс? Ужо нават самі сьледчыя і судзьдзі на гэта не ўплываюць. Гэта ўжо чыноўнікі, якія выконваюць замовы. Слушна, што гэта даводзіцца да міжнароднай грамадзкасьці, каб было ўзьдзеяньне на людзей, якія прымаюць рашэньні. Рашэньні прымаюцца на найвышэйшым дзяржаўным узроўні — праўдападобна, туды і трэба зьвяртацца.
Пра ролю турэмнага лекара
— Калі чалавек адмаўляецца ад ежы, што яму можна зрабіць? Толькі сказаць, каб еў. Зразумела, ніхто ня будзе з лыжкай хадзіць. Калісьці я ўдзельнічаў у распрацоўцы правілаў мэдычнага лячэньня галадоўніка, абмяркоўвалі, на якой стадыі прымяняць прымусовае кармленьне. Сышліся на думцы, якую мэдыкі выказалі, што гэта трэба рабіць тады, калі будуць мэдычныя паказаньні. Дасьведчаныя супрацоўнікі гэта вызначаюць — калі заходзіш у камэру і ёсьць пах ацэтону, значыць, чалавек галадае прыкладна 8 дзён. Па самаадчуваньні чалавека бачна. Гэта нібыта і не сьмяротна, тым ня менш нічога добрага ў гэтым няма. Рашэньне прымае лекар.
Пра лячэньне галадоўнікаў
— У турме, як ні дзіўна, лекары добрай кваліфікацыі, таму што яны там адзіныя, як на караблі — ён і дантыст, і гінэколяг, на ўсе рукі майстар. Што ад яго залежыць? Можа зьмераць ціск і па вонкавых паказаньнях вызначыць, дрэнна ці добра галадоўніку, ці трэба прымусова карміць. Калі трэба карміць, ён выпісвае неабходную дыету, кансультуецца, павінен запрасіць дыетоляга. Нейкія булёны вараць. Пры мне кармілі, я ведаю. Шпрыц такі... І кормяць. Што зробіш... Ніхто з рэстарану карміць ня будзе. Але булён звараць.
Пра прымусовае кармленьне
— Практыкуецца не праз рот і не праз нос. Можна і праз рот, але пры мне рабілася іншымі спосабамі. Я гэта бачыў і 40 гадоў таму, калі пачынаў службу, і потым. Розныя спосабы. Калі чалавек не супраціўляецца і рот адкрывае, яму праз рот зробяць. Калі супраціўляецца, ня хоча, тады празь іншыя месцы. Гэта выглядае як шпрыц. І ўводзіцца ён ня ў вену. Здагадайцеся самі.
Ці дазволяць галадоўніку памерці ў турме
— Была такая дыскусія ў свой час, на якой адзін намесьнік міністра сказаў: «А чаму мы ў чалавека забіраем права на сьмерць? А, можа, ён хоча памерці». Падчас дыскусіі казалі, што калі чалавек хоча памерці, то ня будзе пра гэта абвяшчаць, проста перастане есьці і ніхто ведаць ня будзе.
Ёсьць такі знакаміты ўнутраны шпіён Судаплатаў, які праз галадоўку зварʼяцеў. Калі сядзеў у камэры і чакаў расстрэлу, паціху палову порцый выкідаў і давёў сябе за зьнясіленьня. Але ніхто ня бачыў, бо ён не абвяшчаў галадоўку. Лічылі, што ў яго нэрвовы стрэс, і прызналі псыхічныя адхіленьні.
Што пагражае турэмнай адміністрацыі ў выпадку сьмерці галадоўніка
— Калі абвешчана пра галадоўку, пра гэта паведамляецца начальніку, той яшчэ вышэй начальніку, той — міністру, міністар — прэзыдэнту. Пойдзе па інстанцыі. Хаваць нічога ня будуць. Начальнік дакладае. Вызваліць вязьня ён ня можа.
Па-першае, зьняволены павінен заяву пра галадоўку напісаць з матывацыяй. Там таксама свае правілы ёсьць. Калі проста заявіць, што галадае, ніхто не паверыць. У камэры прадукты зь перадачы ёсьць. Увогуле яго аддзяляць павінны. Бывае, што няма куды.
Так заведзена, што трэба напісаць ліст, у якім патлумачыць матывы галадоўкі. І вязьню, і начальніку, і ўсім лепей праз гэта. Начальнік глядзіць, ці можа ён на месцы вырашыць праблему. Бывае проста, што ў іншую камэру трэба перавесьці. Трапляюцца людзі антаганісты, антыподы, ворагі, якія ў адной камэры ня могуць знаходзіцца, а яго не пераводзяць, тады ён абвяшчае галадоўку ці вены ўскрывае. У выніку па розных камэрах разводзяць.
Пра рэзаньне вен у турме
— Не хачу пакрыўдзіць палітвязьняў, але скажу, што гэтым найчасьцей карыстаюцца наркаманы і адмоўная частка асуджаных. Калі паглядзець на любога чалавека, які быў у турме двойчы і болей, то ў многіх вены парэзаныя. Гэты знак пратэсту дастаткова звыклы, і таму вышэй за фэльчара ніхто не прыходзіць. Перабінтавалі, і ўсё, бо ад гэтага не паміраюць.
У сваім жыцьці я ведаю толькі два выпадкі гібелі ад страты крыві. Праз руку — не, але калі на шыі ўскрывалі вены, ужо не ўратуеш. А рука — крывавы сымбаль пратэсту. Непрыемны для ўсіх, але не сьмяротны. Бываюць унутраныя канфлікты, на якія не рэагуюць. Напрыклад, апэратыўнік спэцыяльна стварае канфліктную сытуацыю. Аўтуховіч, калі ў турме сядзеў, сабе нават жывот успароў, бо ў камэры канфлікт быў, і ён не хацеў там знаходзіцца. Гэта, можа, непрымальна ў цывільным грамадзтве, але там, дзе людзі абмежаваныя ў выбары магчымасьцяў пратэставаць, такое здараецца.
Пра галадоўку як дапамогу ворагам
— Лепш іншыя мэтады. Яны абазначылі сваю пазыцыю. Сёньня яшчэ тысячы незаконна арыштаваных людзей могуць абазначыць сваю пазыцыю. Такім чынам ваяваць — раўназначна таму, што самому сабе кулю ў нагу пусьціць. Гэта тое самае, што дапамагаць ворагу. Патрэбныя здаровыя, нармальныя людзі. Каго зьдзівіш сьмерцю ў Беларусі? Сёньня памёр, заўтра забылі. Кветкі на магілу, памучыліся, і праз тыдзень няма чалавека...
Якія галадоўкі непакояць адміністрацыю турмы
— Адміністрацыю непакояць масавыя галадоўкі. Адзіночны галадоўнік, калі ён ня мае падтрымкі, гэта яго асабістая справа, як адзін у акіяне. Калі б не незалежныя СМІ, не грамадзкасьць, ніхто б ня ведаў. І ён не адзін галадае, ёсьць і іншыя, але ў іх матывацыя іншая. Нехта ў карты прайграўся — і будзе галадаць. Гэта рабочая, штатная сытуацыя. Палітычная галадоўка бывае рэдка.
У мае часы Статкевіч афіцыйна абвясьціў галадоўку. Ніхто ня ўмешваўся, ён быў фізычна здаровым чалавекам. Я ведаў, што іх вызваляць, ня ведаў толькі канкрэтнага дня. За гэты час ніхто ня мог памерці. З жонкай ягонай я сустракаўся. Статкевічу давалі спатканьне, і я сказаў жонцы, каб пагаварыла зь ім, бо яго павінны былі неўзабаве вызваліць.
Як начальнік турмы гаворыць з галадоўнікам
— Сустракаўся я ці мой намесьнік. Калі адчуваў, што галадоўнік нейкую таямніцу мае, якую ня ўсім скажа. У маёй практыцы ў асноўным былі галадоўкі з прычыны міжкамэрных асабістых адносінаў. Камэра — гэта такі інтэрнат, дзе ня ўсе могуць свае сакрэты расказаць. У маёй уладзе было перавесьці ў іншую камэру ці корпус, і на гэтым усё заканчвалася.
Былі галадоўкі на пачатку 1990-х гадоў. Распаўся СССР, і турэмная братва адчула сытуацыю. Памятаю, як вясной 1992 году была масавая галадоўка ў турме з патрабаваньнем амністыі ўсім зьняволеным на 9 траўня. Хто гэта будзе рабіць? Здолелі ўзьняць народ, прыйшлося нават сілай падаўляць. Знайшлі завадатара. Ня хочаце — ня ежце. І вам 9 траўня Вярхоўны Савет павінен сабрацца і вызваліць усіх? Людзі на вецер свабоды зрэагавалі такім чынам. І так бывае.
Пра павольнае самагубства і зварот да галадоўнікаў-палітвязьняў
— Я зьвяртаюся да гэтых людзей, каб спынілі галадоўку. На маёй памяці мала хто чаго дабіваўся галадоўкай. Казулін нечага дамогся. (Пытаньне аб парушэньнях правоў чалавека ў Беларусі было вынесенае на разгляд Рады бясьпекі ААН прадстаўніком ЗША, але разгляд заблякаваў прадстаўнік Расеі. — РС) Сянцоў галадаў, і потым яго абмянялі на іншага палоннага. Але гэта ня толькі галадоўка, іншыя рычагі былі задзейнічаныя. Мы цяпер абурыліся ўсе, і заўтра ўся краіна абвясьціла галадоўку ў падтрымку гэтых галадоўнікаў. Я думаю, гэта таксама ня зьменіць сытуацыю.
Палітвязьні ўжо абазначылі сваю пазыцыю, хай пагаладаюць некаторы час. Гэта заўважана, зьвярнулі ўвагу. І хопіць. Навошта такія падарункі рабіць? Чалавек памрэ, і не завядуць крымінальнай справы ні на кога. Добраахвотна адмовіўся ад ежы. Гэта, па сутнасьці, павольнае самагубства. Калі чалавек вернік, ён не павінен так рабіць.
Адміністрацыя да гэтага сурʼёзна ня ставіцца, бо яшчэ ніхто не памёр праз галадоўку. Я памятаю толькі адзін выпадак у Казахстане. Вязень Мачулайціс меў цяжкую форму сухотаў, абвясьціў галадоўку і памёр. Праз галадоўку ці сухоты, не зразумела.
Шмат разоў я як начальнік СІЗА размаўляў з галадоўнікамі. Калі хочаш памерці, ёсьць шмат іншых спосабаў. А стаць калекам нікому не патрэбна. Акрамя шкоды самім, нічога ня будзе. Не прабʼеш нашу ўладу гэтым...
Алег Алкаеў — былы начальнік менскага СІЗА № 1, аўтар кнігі «Расстрэльная каманда». Мае сярэднюю спэцыяльную і вышэйшую адукацыю, палкоўнік унутранай службы. Больш за 30 гадоў працаваў у пэнітэнцыярнай сыстэме СССР, Казахстану, а з пачатку 1990-х гадоў — Беларусі. У 2001 годзе выступіў з выкрыцьцямі ў справе аб выкраданьні і меркаваным забойстве вядомых беларускіх палітыкаў. Калі яму стала відавочна, што праваахоўныя органы ня маюць намеру рабіць расьсьледаваньне, апублікаваў у незалежным друку інтэрвію і дакумэнты. Алег Алкаеў атрымаў у 2002 годзе палітычны прытулак у Нямеччыне.
Хроніка палітычных галадовак пратэсту ў Беларусі
- 1990 год — галадоўка «апошняга дысыдэнта СССР», актывіста БНФ Валера Сядова. Сядова затрымалі за ўдзел у антыкамуністычным мітынгу. У СІЗА на вуліцы Валадарскага ён правёў 70 дзён і 32 зь іх галадаў.
- У 1996 годзе пасьля арышту на Чарнобыльскім шляху галадоўку абвесьцілі Вячаслаў Сіўчык і Юры Хадыка. Яны не прымалі ежу на працягу 21 дня.
- Самая працяглая палітычная галадоўка ў Беларусі адбылася ў 2005 годзе: 74 дні трымаў галадоўку прадпрымальнік з Ваўкавыску Мікалай Аўтуховіч, які пратэставаў супраць незаконнага судовага перасьледу.
- У 2006 годзе 53 дні галадаў у віцебскай турме Аляксандар Казулін. 40 дзён галадаў за кратамі Сяргей Скрабец.
- У 2006 годзе галадалі сябры «Маладога фронту», сярод іх былі і дзяўчаты: Наста Палажанка, Наста Азарка. Азарка галадала 12 дзён, яе шпіталізавалі.
- У 2008 годзе амаль два тыдні ў Гомельскай калёніі галадала прадпрымальніца Святлана Дваранінава, якая дамагалася адмены прысуду.
- Таксама ў 2008 годзе наваполацкая прадпрымальніца Яўгенія Бачурная, якую абвінавацілі ў невяртаньні крэдыту, галадала ў Гомельскай калёніі больш за 2 тыдні. У выніку яна дамаглася, што яе брата і мужа тэрмінова дапыталі ў якасьці сьведак.
- На працягу 2019―2020 гадоў галадоўкі пратэсту абвяшчалі актывісткі руху «Матулі 328». Яны галадалі невялікімі групамі, акцыі працягваліся ў выглядзе эстафэты, дасягалі 22 дзён.