Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Трэба жыць свабодай, а ня зонай»: Як выжыць за кратамі і захаваць здароўе, раяць былыя зьняволеныя і праваабаронцы


Зьміцер Дашкевіч пасьля адміністрацыйнага арышту, студзень 2021
Зьміцер Дашкевіч пасьля адміністрацыйнага арышту, студзень 2021

У Беларусі на 12 сакавіка 285 палітычных вязьняў. Затрыманых па крымінальных артыкулах, зьвязаных з падзеямі пасьля выбараў, у разы больш. Крымінальных спраў каля тысячы. Свабода распытала былых зьняволеных, як захаваць за кратамі фізычнае і псыхалягічнае здароўе.

Зьміцер Дашкевіч: Самае кепскае, што разрываюцца сем’і

Актывіст і колішні лідэр «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч быў асуджаны па крымінальных артыкулах у 2006 і ў 2011 годзе. Агулам правёў за кратамі некалькі гадоў. Найбольш цяжкім у зьняволеньні ён называе «разрыў зь сям’ёй»

«Людзі пакутуюць, калі ня бачаць родных, калі ня бачаць сваіх дзяцей. На гэтым фоне фізычныя пакуты адыходзяць на другі плян. За кратамі могуць абвастрацца праблемы са здароўем. Часам 20 хвілін сьпіш, 20 хвілін ад падлогі адціскаесься, каб кроў разагнаць. Там важна заставацца свабодным у думках, жыць свабодай, а ня зонай, гартавацца духоўна. Фізычны стан абумоўлены нашым псыхалягічным станам. Трэба думаць пра сваё жыцьцё на свабодзе. Вельмі важна лісты атрымліваць, іх значэньне немагчыма перабольшыць, гэта магутны стымул для маральнага ўмацаваньня», — кажа Зьміцер Дашкевіч.

За кратамі, каб падтрымліваць фізычную форму, ён раіць рабіць практыкаваньні «раніцай і ўвечары», калі гэта дазваляюць умовы ў камэры.

Міхаіл Жамчужны: «Трэба нікога не баяцца і сьмела глядзець іншым у вочы»

Міхаіл Жамчужны — праваабаронца і навуковец, нядаўна вызваліўся з-за кратаў пасьля 6,5 года зьняволеньня. Раней, у 2006 годзе, быў асуджаны на 5 гадоў зьняволеньня. Агулам адбыў за кратамі 11 гадоў.

На ягоную думку, «самае складанае за кратамі — не баяцца».

«Многія людзі пужаюцца, ня ведаюць, як сябе паводзіць. Трэба сьмела глядзець у вочы і міліцыі, і іншым асуджаным, трымаць на ўзроўні свой гонар. Тады будуць паважаць. Нельга прыніжацца і прыстасоўвацца. Я так прайшоў 11 гадоў калёній», — кажа Міхаіл Жамчужны.

Міхаіл Жамчужны пасьля вызваленьня ў лютым 2021
Міхаіл Жамчужны пасьля вызваленьня ў лютым 2021

Паводле Міхаіла Жамчужнага, у зьняволеньні «вельмі цяжка з мэдыцынай і лекамі». Таму важна «берагчы здароўе і не правакаваць хваробы».

«Трэба трымаць імунітэт у форме, ужываць вітаміны, кальцый. Такая магчымасьць у калёніі ёсьць, для перадачаў неабмежаваная колькасьць гародніны і садавіны. Трэба спортам займацца. Важна, каб быў добры настрой. Нават у адзіночнай камэры можна адціснуцца, зрабіць нейкія практыкаваньні. Рэкамэндую дыхальныя практыкаваньні, надта мучыць сабе спортам у камэры ня варта. Ня трэба сядзець на халодных лавах ці падлозе. Варта больш хадзіць, у камэрах малой плошчы гэта варта рабіць узад-уперад, не рабіць кругавых крокаў, а то могуць пацярпець суставы», — раіць Міхаіл Жамчужны.

Сваякам асуджаных ён раіць не пісаць у лістах пра свае перажываньні, бо чалавеку ў зьняволеньні «неабходныя станоўчыя эмоцыі». Палітзьняволеным важна ведаць «пра дзяцей, пра надвор’е». А вось палітычную інфармацыю ў лістах «пісаць ня варта».

Шмат перадач таксама «ня трэба», а «лепш перавесьці грошы на рахунак», бо ў турме ўсе прадукты можна набыць. Лепш перадаваць «гародніну і садавіну», гэта больш захоўваецца.

Каб не ўпадаць у дэпрэсію, трэба «разумець, за што вы седзіце».

«Трэба разумець, што вы не бандыт, вы змагаецеся за свае інтарэсы і інтарэсы іншых людзей. Пра гэта трэба з гонарам казаць іншым асуджаным. Зьняволеныя з павагай ставяцца да палітзьняволеных. Пры гэтым сябраваць са злачынцамі ня варта. Трэба трымацца бліжэй да спартоўцаў, яны не даюць сваіх у крыўду. Трэба сачыць за гігіенай, за чысьцінёй. Ва ўсіх зонах бойкамі вырашаць справы не прынята, не павінна быць фізычнага ўзьдзеяньня. Калі што — можна зьвярнуцца да наглядчыка, яго справа — разьбірацца ў канфліктах», — раіць Міхаіл Жамчужны.

Ларыса Жыгар: «Вялікая падтрымка — гэта сваякі»

Стваральніца руху «Маці 328» Ларыса Жыгар займаецца праблемамі асуджаных па «антынаркатычным» артыкуле 328. Гэтая ініцыятыва аб’ядноўвае 1,5 тысячы бацькоў.

Ларыса Жыгар, архіўнае фота
Ларыса Жыгар, архіўнае фота

Паводле Ларысы Жыгар, адно з галоўных для зьняволеных — гэта падтрымка сваякоў.

«Найперш — гэта падтрымка блізкіх. Гэта і перадачы, і лісты, і спатканьні. На жаль, цяпер спатканьні ня так часта. Зусім па-іншаму чалавек пераносіць зьняволеньне, калі ён адзін. Важная моц характару, ад гэтага шмат залежыць. Могуць пагражаць, прымушаць прызнаць віну. З мэдыцыны там — таблетка анальгіну ці асьпірыну, таму трэба сябе гартаваць, даваць фізычную нагрузку. У шматлікіх папраўчых установах ёсьць спартовыя пляцоўкі. Мы ня раз зьвярталіся, каб адміністрацыя калёній улічвала, што цяпер XXI стагодзьдзе, каб людзі маглі нармальна жыць у месцах зьняволеньня», — кажа Ларыса Жыгар.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG