Там таксама быў свой карнавал рэвалюцыі, выключна мірныя пратэсты, потым контрарэвалюцыя і нарэшце перамога тых, хто выступаў за перамены. Былі, вядома, і адрозьненьні.
Тлумачым на гістарычных фактах, як усё гэта было.
Калі палякі пачалі пратэставаць супраць камуністаў
Адразу ж, калі там зьявіўся камунізм. Польшча стала камуністычнай у 1944 годзе, калі СССР паставіў там ляяльны Маскве ўрад. Але фазы і формы барацьбы да 1989 году былі вельмі розныя. У ваенныя і пасьляваенныя гады ў Польшчы дзейнічалі дзясяткі тысяч антыкамуністычных партызанаў, якія вялі збройнае змаганьне супраць накінутай Сталіным улады.
У сярэдзіне 1950-х самым буйным выступам супраць улады былі рабочыя пратэсты ў Познані. Каб задушыць вулічныя баі, улады выкарысталі войска. Забілі амаль 80 чалавек, а больш як паўтысячы паранілі. У 1970-х пратэставалі рабочыя ў гарадах на ўзьбярэжжы Балтыкі. Ахвярамі сталі дзясяткі людзей. Праз 6 гадоў пратэставалі рабочыя ў гарадах каля Варшавы. Менавіта тады, у выніку брутальных рэпрэсій супраць рабочых, упершыню пасьля вайны ў Польшчы ўзьніклі буйныя арганізацыі, якія неўзабаве пачалі скаланаць непарушную, здавалася б, камуністычную сыстэму. Але патрабаваньні да рэжыму былі тады выключна эканамічныя.
Усё зьмянілася ў 1980 годзе.
Што зьмянілася і пры чым тут Беларусь?
Менавіта летам 1980 году ў польскім грамадзтве пачалося магутнае бурленьне. Не ў асобных гарадах і заводах, а па ўсёй краіне. Палякі тыя падзеі называюць «Жніўнем’80» і пачаткам канца камунізму (хоць той праіснаваў яшчэ 8 гадоў). І жнівень, і бурленьне ў беларускім грамадзтве, і словы пра пачатак канца рэжыму — гэта першыя аналёгіі зь Беларусьсю, але не асноўныя і не апошнія.
Але ня варта забываць і аб прынцыповых адрозьненьнях. Пачатак пратэстам у Польшчы далі рабочыя, іх магутныя страйкі. Фактычнай прычынай была не палітыка, а эканоміка — рост цэнаў на мяса. Палітыка дадалася пазьней.
Як пратэставалі палякі і ці было што падобнае ў Беларусі
Па-першае, мірна. У гэтым адно з галоўных падабенстваў зь Беларусьсю. Мірнасьць забясьпечвалася масавасьцю. Улада пабаялася душыць пратэсты сілаю, як раней, бо паднялася ўся Польшча.
Рабочыя прыходзілі на заводы, але не працавалі. Зусім. АМАП у такіх сытуацыях бясьсільны. Што рабіць сілавікам ва Ўроцлаве, калі кіроўца трамваю спыняе яго пасярод трасы і абвяшчае, што далей трамвай не паедзе, бо ў горадзе пачаўся страйк?!
У Беларусі клясычныя страйкі рабочых у жніўні і пазьней не ўдаліся, хоць выступы працоўных, імправізаванае галасаваньне за Ціханоўскую ці Лукашэнку або тое, як апошняга сустрэлі на МЗКТ, бачыла ўся краіна. Але менавіта вулічныя пратэсты ў Беларусі былі больш масавыя, чым у Польшчы. Тым ня менш у палякаў тады ўсё вырашыла ня вуліца. Улады мусілі пайсьці на саступкі і пагадзіцца на стварэньне першага пасьля вайны незалежнага прафсаюзу «Салідарнасьць».
«Карнавал рэвалюцыі». Як народ (часова) перамог страх
У Беларусі вынікам пратэстаў таксама стала зьяўленьне крытычнай масы грамадзян, якую ўлады больш не маглі не заўважаць. Адчуўшы сваю сілу, людзі бяз страху выходзілі на пратэсты, вывешвалі з вокнаў нацыянальныя сьцягі, дапамагалі пацярпелым.
Каб аб’ядноўвацца і дамаўляцца пра свае дзеяньні, у XXI стагодзьдзі ім не спатрэбілася арганізацыя кшталту «Салідарнасьці». Камунікацыя адбывалася праз сустрэчы ў дварах і інтэрнэт: чаты, прафэсійныя суполкі, як лекарскія «Белыя халаты» або каналы страйкамаў.
Дарэчы, «Салідарнасьць», нягледзячы на тое, што была арганізацыяй рабочых, аб’ядноўвала значна шырэйшыя пласты грамадзтва. Ёй дапамагала прафэсура, пісьменьнікі, дзеячы культуры і навукі. Беларускі пратэст таксама ахапіў практычна ўсе слаі насельніцтва. З уласнымі акцыямі выходзілі нават пэнсіянэры і асобы з абмежаванымі магчымасьцямі.
У Польшчы актыўна пратэставалі студэнты. Яны таксама патрабавалі зарэгістраваць незалежную ад рэжыму арганізацыю. Узімку 1981 году ў Лодзі ў залях сваіх вучэльняў страйкавалі больш за 10 тысяч студэнтаў. Гэты пратэст увайшоў у гісторыю як найдаўжэйшы студэнцкі акупацыйны страйк у Эўропе. Ён працягваўся 29 дзён. І даў плён. Улады зарэгістравалі першую ў краінах камуністычнага блёку незалежную студэнцкую арганізацыю.
Падзеі лета 1980 году ў Польшчы сталі найбуйнейшым палітычным крызісам у краіне ад часоў вайны. Аналягічная сытуацыя і ў Беларусі. Але ў Польшчы рэжым захаваў сваё адзінства. Ніхто з уплывовых прадстаўнікоў вярхушкі не далучыўся да пратэстаў і не перайшоў на бок апазыцыі.
Як і ў Беларусі 2020-га, у Польшчы ўлетку і ўвосень 1980-га працягваўся карнавал пратэсту. Людзі былі натхнёныя масавасьцю, новай энэргіяй, надзеяй на перамогу. Усё гэта адбывалася да таго моманту, пакуль разгубленыя камуністы не зразумелі, што наступствы могуць быць для іх катастрафічнымі.
Ваеннае становішча ў Польшчы і контрарэвалюцыя ў Беларусі
У летніх страйках удзельнічалі асноўныя прадпрыемствы Польшчы. У «Салідарнасьць» запісалася 10 мільёнаў чалавек. Нягледзячы на ўсё гэта, улады на чале з генэралам Войцехам Ярузэльскім, праз 16 месяцаў пасьля рэгістрацыі незалежнага прафсаюзу, увялі ў краіне ваеннае становішча.
У краіне забараняліся мітынгі і шэсьці. Тэлефонная сувязь зьнікла (як інтэрнэт у Беларусі). Апазыцыянэраў пачалі затрымліваць тысячамі. Афіцыйна іх інтэрнавалі, то бок ізалявалі. Для гэтага маглі служыць закрытыя школьныя лягеры ці іншыя ўстановы. У польскім заканадаўстве такой меры не было. То бок людзей праз самае малое падазрэньне маглі затрымаць і пасадзіць на некалькі месяцаў проста так. Так улады намагаліся вярнуць кантроль над дзяржавай, парушаючы ўласнае заканадаўства. («Иногда не до законов» ©.)
Афіцыйная прапаганда шалела. У тэленавінах паказвалі паседжаньні «Салідарнасьці», а голас дыктара расказваў, што гэта доказ намераў захопу ўлады. Зьнялі нават дакумэнтальны сэрыял Who is who, у якім тлумачыліся нібыта сувязі паміж дзеячамі апазыцыі і амэрыканскімі спэцслужбамі. З генэрала Ярузэльскага прапаганда ляпіла вобраз «змагара за Айчыну», «самотнага жаўнера, які бароніць Бацькаўшчыну». Гэта роўна тое, чым займаюцца цяпер на дзяржаканалах Тур і Азаронак.
Цікава, што пасьля таго, як камунізм у Польшчы абрынуўся, генэрал Ярузэльскі неаднаразова казаў, што ўвёў ваеннае становішча выключна дзеля таго, каб распраўляцца з «Салідарнасьцю» не прыехалі савецкія танкі. Польскі гісторык Антоні Дудэк дасьледаваў гэтае пытаньне і прыйшоў да высновы, што Ярузэльскі якраз прасіў Маскву «памагчы», але тыя параілі яму разабрацца самому. Зрэшты, навошта было ўводзіць савецкія войскі, калі яны і так стаялі ў ПНР.
Званкі Лукашэнкі Пуціну ў разгар пратэстаў у Беларусі, фармаваньне ў Расеі спэцназу для дапамогі Лукашэнку — гэта нагадвае і тагачасныя польскія рэаліі: спадзеў на Маскву.
«Зіма ваша — вясна наша». Як змагалася апазыцыя ў часы ваеннага становішча
Адкрытыя выступы імгненна душыліся. Найбольш трагічным адказам камуністаў на пратэст быў расстрэл гарнякоў на шахце Wujek праз пару дзён пасьля ўвядзеньня ваеннага становішча. АМАП жорстка разганяў любыя вулічныя акцыі. Улада дэманстравала адзінства і рашучасьць. Адзінай праявай неляяльнасьці да яе сталі два амбасадары Польшчы за мяжой, якія папрасілі там палітычнага прыстанішча.
Улады цалкам паралізавалі адкрытую дзейнасьць апазыцыі ў Польшчы. Адзіным выйсьцем для прыхільнікаў пераменаў было — пайсьці ў падпольле, што яны і рабілі.
Менавіта да гэтага пэрыяду адносіцца вядомы лёзунг «Зіма ваша — вясна наша». У ім выказвалася надзея, што барацьба людзей адновіцца, калі скончыцца зіма, падчас якой складана арганізоўваць дэманстрацыі і страйкі. Ярузэльскі кпіў з гэтага лёзунгу, кажучы, што «вясна будзе сацыялістычнай». Польшча сапраўды была сацыялістычнай яшчэ не адну вясну, а цэлых восем. Але барацьба з камуністамі не спынялася ані на дзень.
Што адбывалася ў падпольлі?
Асновай падпольнай дзейнасьці была тактыка малых, але рэгулярных дзеяньняў. Гэта і самвыдат, і дзейнасьць у лякальных структурах, і культурныя акцыі. Ідэю гвалтоўнага грамадзкага выбуху лідэры адрынулі.
«Гэта ня шлях хуткага і эфэктыўнага посьпеху, а доўгая і цяжкая праца, якая патрабуе актыўнасьці значнай часткі грамадзтва. Аднак „Салідарнасьць“, шматмільённы прафсаюз, які налічвае амаль мільён актывістаў, існуе і працуе, нягледзячы на ваеннае становішча. Паўстаньне, калі яно акажацца неабходным, стане апошнім элемэнтам барацьбы за рэалізацыю нацыянальнай праграмы эканомікі, культуры, навукі, адукацыі і незалежнасьці», — пісаў у праграмным тэксьце пра тактыку пратэсту адзін зь яго лідэраў Зьбігнеў Буяк.
За радыкальны шлях выказваліся некалькі арганізацый. Але самі яны такім шляхам не пайшлі.
У 1982 годзе «Салідарнасьць» забаранілі. Лідэры пратэсту абвясьцілі страйк, але ён пацярпеў паразу, грамадзтва было ў апатыі. Улады без асаблівых праблемаў душылі ўсе праявы нязгоды. «Салідарнасьць» страціла магчымасьць шырокай дзейнасьці. Паўстаньня таксама не адбылося. Улады вызвалялі з турмаў некаторых палітвязьняў і прымушалі іх эміграваць. За першыя 6 месяцаў ваеннага становішча больш як 30 тысячам палякаў улады адмовілі ў вяртаньні на радзіму. У 1980-я гады Польшчу пакінулі сотні тысяч яе грамадзян.
Але палякі гадамі працягвалі рабіць малыя крокі, якія прынесьлі свой плён ажно праз восем гадоў.
Што было пасьля ваеннага становішча да перамогі народу
Ваеннае становішча камуністы скасавалі ў 1983 годзе. Але гэта зусім не азначае, што для апазыцыі ў Польшчы пачаліся залатыя часы. Пасьля нечуваных рэпрэсій яна апынулася ў глыбокім крызісе. Дарэчы, летась падлічылі, што нават польскія камуністы інтэрнавалі менш сваіх апанэнтаў за ўвесь час ваеннага становішча, чым улады Беларусі за першыя месяцы пратэстаў.
«Салідарнасьць» зьнішчылі, больш за 10 тысяч яе чальцоў арыштавалі. «Невядомыя» ўчынялі забойствы, якія запалохвалі грамадзтва. І гэта спрацоўвала.
Але былі выключэньні. Яскравыя акцыі ўсё ж адбываліся. Аднымі з найбольш гучных былі гэпэнінгі групы «Памаранчавая альтэрнатыва». Іх сутнасьць была простая — абсурд. Актывісты раздавалі на вуліцы дэфіцытную туалетную паперу або пракладкі, ладзілі мітынгі ў вопратцы гномаў або сьвятых Мікалаяў. На такія акцыі зьбіраліся тысячы людзей.
У Лодзі «гномы» бегалі па вуліцах з табліцамі «рэкордная інфляцыя». Калі міліцыя іх затрымлівала, актывісты віншавалі міліцыянтаў, што затрымалі інфляцыю. У Любліне яны садзілі цыбулю ў гарадзкім парку. «Гномы» праводзілі мітынгі «ў гонар» АМАПу, а АМАП пазьней гэтыя мітынгі разганяў. Або распускалі чуткі, што гэпэнінг паўторыцца, і міліцыя правярала торбы мінакоў, ці няма там туалетнай паперы.
Калі і чаму адбыўся пералом
Польскім камуністам удалося на некалькі гадоў зьбіць хвалю пратэстаў, але папулярнымі ў грамадзтве яны больш ня сталі.
У другой палове 80-х у СССР пачалася «перабудова». Польшча ў гэты час была ў глыбокім эканамічным крызісе. Дапамога ад Масквы была сымбалічная. Інфляцыя імкліва расла, тавараў у крамах бракавала.
Увосень 1986 году адбылася амністыя. На волю выйшла большасьць апазыцыянэраў, якія заставаліся ў месцах ізаляцыі. Сярод лідэраў апазыцыі пачалі гучаць прапановы кампрамісу з уладамі: легалізацыя ўлады ўзамен за легалізацыю апазыцыі. Праз год Польшчу наведаў Папа Рымскі Ян Павал ІІ. Дзеячы «Салідарнасьці» выступілі з адкрытым лістом, у якім заклікалі ўладу да дыялёгу. Прымусіць уладу да дыялёгу апазыцыя паспрабавалі страйкам, але масавых пратэстаў аслабленая «Салідарнасьць» арганізаваць не змагла. Асобныя страйкі жорстка здушыў АМАП.
Толькі праз год, у выніку страйкаў на шахтах у Сылезіі, улады вырашылі пачаць перамовы з апазыцыяй. Вынікам гэтых перамоваў стаў «круглы стол».
Чаго апазыцыя дамаглася падчас «круглага стала»
Галоўнай перамогай сталі першыя пасьля вайны часткова свабодныя выбары. Чаму часткова свабодныя? Бо яны адбываліся на ўмовах кампрамісу з камуністамі. Напрыклад, улады гарантавалі сабе 65% месцаў у Сэйме і мелі разам з апазыцыяй права змагацца на выбарах за рэшту — 35%.
Але ўмовы ўдзелу былі ўсё роўна старыя. На апанэнтаў улады ціснулі спэцслужбы, супраць іх працавала ўся дзяржаўная прапаганда. Камуністы былі перакананыя, што перамогуць, пра гэта нібыта сьведчылі сацыялягічныя дасьледаваньні. Сёньня мы гэта ведаем з успамінаў людзей, якія тады былі пры ўладзе.
Але на выбарах у чэрвені 1989 году 35% магчымых месцаў у Сэйме ўзяла апазыцыя. На выбарах у Сэнат умоваў улады не было, і там яе прадстаўнікі не здабылі аніводнага мандату. Камуністам удалося выбраць Ярузэльскага прэзыдэнтам ПНР, але сфармаваць урад — ужо не. На чале новага ўраду стаў першы некамуністычны прэм’ер Тадэвуш Мазавецкі. У 1990 годзе адбыліся першыя пасьля вайны свабодныя выбары прэзыдэнта. На іх перамог Лех Валэнса.
Пасьля перамогі дэмакратыі ў Польшчы былыя хаўрусьнікі па «Салідарнасьці» перасварыліся і падзяліліся, паўтвараўшы ўласныя палітычныя партыі і арганізацыі. Частка зь іх пазьней асудзіць «круглы стол» за кампраміс з камуністамі. Але гэтыя спрэчкі, якія адбываюцца ў дэмакратычна абраным парлямэнце або ў тэлестудыях, у дзяржаўных і прыватных СМІ, ніяк не перашкодзілі Польшчы стаць чальцом Эўразьвязу і NATO, краінай, дзе дабрабыт людзей імкліва расьце.