Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзеці «другога гатунку» і дзяржаўная прапаганда


16-гадовага Мікіту Залатарову (справа) 22 лютага асудзілі на 5 гадоў выхаваўчай калёніі «за ўдзел у масавых беспарадках». У хлопца эпілепсія, ён неаднаразова заяўляў, што яго б'юць, а ў СІЗА не давалі лекаў.
16-гадовага Мікіту Залатарову (справа) 22 лютага асудзілі на 5 гадоў выхаваўчай калёніі «за ўдзел у масавых беспарадках». У хлопца эпілепсія, ён неаднаразова заяўляў, што яго б'юць, а ў СІЗА не давалі лекаў.

Вось хто-хто, а прапагандысты дзяцей любяць. А дакладней, любяць маніпуляваць грамадзкай думкай, зьвяртаючыся да дзіцячай тэмы.

То міністар унутраных спраў Іван Кубракоў расказвае, як у жніўні хацеў суправаджаць дачку ў школу, бо на яе ціснулі пратэстоўцы, то намесьніца міністра аховы здароўя Алена Богдан кажа, што яна, як мама, баіцца: «Я баюся, што іх [дзяцей] уцягваюць у гэтыя страшныя тэлеграм-квэсты. Баюся, што гэтым яны распальваюць самую страшную вайну — вайну за перакананьні».

А дзяржаўнае агенцтва БелТА нядаўна напісала пра сацыялягічнае апытаньне, у адпаведнасьці зь якім Лукашэнка быццам бы застаецца народным фаварытам, а пратэстоўцы — гэта ледзь не статыстычная хібнасьць. І вось як вынікі апытаньня камэнтуе дырэктар Аналітычнага цэнтру ЕсооМ Сяргей Мусіенка: «Калі гэтыя рэчы адбываліся ў Менску, тэлефанавалі зь іншых гарадоў і казалі: што там у вам робіцца, я не магу зь дзіцем зьезьдзіць у тэатар».

Маніпуляцыі пры дапамозе дзіцячай тэмы могуць быць выйгрышнай стратэгіяй, бо ў грамадзкай сьвядомасьці дзеці — гэта сьвятое, а найвышэйшая гармонія ня вартая адной сьлязінкі дзіцяці. Толькі для беларускай прапаганды тут ёсьць некалькі праблем.

Па-першае, прапагандысты яўна перастараліся. Яны так стараюцца ўсунуць дзіцячую тэму да месца і ня вельмі, што становіцца сьмешна і агідна. Працаваць трэба ўсё ж неяк «танчэй». А па-другое, іх адсылкі да дзіцячага дабрабыту выглядаюць надзвычай цынічна на фоне таго, як дзяржава ставіцца да дзяцей, зьвязаных з «палітычна няправільнымі» дарослымі.

Дзяржаву зусім не хвалюе, як жыве дачка застрэленага Аляксандра Тарайкоўскага і пяцёра дзяцей забітага Генадзя Шутава. Ёй няма справы да дзяцей палітзьняволеных і тых, каму давялося зьехаць зь Беларусі. Ёй усё адно, што зь дзецьмі з Горадзенскага дзіцячага госьпісу, які выселілі ўжо з двух памяшканьняў і ў якога адабралі апарат штучнай вэнтыляцыі лёгкіх.

Лукашэнкаўская сыстэма не шкадуе дзяцей — наадварот, яна выкарыстоўвае іх для мацнейшага запужваньня і іх саміх, і дарослых. У кастрычніку ў Менскую гімназію № 4 выклікалі Дэпартамэнт аховы на бацьку аднаго з гімназістаў. Мужчына стаяў з плякатам «Вы неверагодныя», каб падтрымаць падлеткаў, якія на перапынках паміж урокамі выступалі з акцыямі пратэсту. У студзені ў Смалявічах затрымалі групу школьнікаў, якая вярталася з рэпэтыцыі выпускнога вальсу.

16-гадоваму Мікіту Залатарову нядаўна прысудзілі 5 гадоў выхаваўчай калёніі «за ўдзел у масавых беспарадках». У хлопца эпілепсія, ён неаднаразова заяўляў, што яго б'юць, а ў СІЗА не даюць лекаў.

Але гэтыя дзеці — яны быццам ня вартыя дзяржаўнага клопату. Яны вельмі нязручныя для прапаганды, і іх сьлёзы прасьцей проста ігнараваць. Падумаеш, дачка Ігара Лосіка не пазнае бацьку, калі той выйдзе з турмы. Падумаеш, дзеці Ігара Банцэра, які абвясьціў сухую галадоўку, могуць ужо сёньня страціць бацьку. Падумаеш, сярод палітзьняволеных ёсьць шматдзетныя маці Алена Маўшук і Тацяна Канеўская.

У Беларусі ёсьць дзеці «правільныя» і «няправільныя». «Правільных» дзяцей бацькі імкнуцца суправаджаць у мітычныя школы, якія працуюць чамусьці летам. А яшчэ яны ніяк ня могуць трапіць у тэатры, і гэта аргумэнт, каб Беларусь заставалася жыць пры дыктатуры.

Тое, што ў гэтых умовах пакутуюць тысячы іншых дзяцей, дзяржаву ня надта хвалюе. Гэта ж «няправільныя» дзеці месяцамі і гадамі ня бачаць палітзьняволеных бацькоў, уцякаюць з краіны разам з роднымі і жывуць з посттраўматычнымі разладамі пасьля ўбачанага на вуліцах гвалту, які чыняць сілавікі.

На іх боль і на іх сьлёзы сыстэме проста пляваць.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG