Як паведаміла жонка Банцэра Анжаліка Арэхва, Ігар працягвае адмаўляцца ад ежы і вады, застаецца ў СІЗА, яго не забралі ў шпіталь.
«Настроены бадзёра і рашуча. Эканоміць сілы, каб хапіла на суд», — пракамэнтавала Арэхва.
Банцэр рыхтуецца да паседжаньня, якое адбудзецца ў 14:30 12 сакавіка ў судзе Ленінскага раёну Горадні.
Сям’я перадае праз адваката Ігару сваю падтрымку, адгаварыць яго больш не спрабуюць. «Гэта немажліва, бо ён рашуча настроены», — перакананая жонка вязьня.
Вядома, што Банцэру мераюць ціск, назіраюць за ім у турме.
Ігара Банцэра судзяць за тое, што дэманстраваў палавыя органы перад міліцыянтам. Пазыцыя Банцэра: гэта быў пэрформанс з танцам, падчас якога ён зьняў шорты, але заставаўся ў стрынгах, а сьпераду яго прыкрывала паясная торбачка. Пацярпелы міліцыянт ня мае прэтэнзій да Банцэра, першапачаткова ён расцаніў ягоны ўчынак як пʼяную выхадку, а не як крымінальнае злачынства.
Банцэру пагражае да трох гадоў калёніі. Ён знаходзіцца пад вартай з 20 кастрычніка мінулага году. Яму 41 год, жанаты, мае траіх непаўналетніх дзяцей.
Летась яго тройчы затрымлівалі за ўдзел у пратэставых акцыях, ён адседзеў у адміністрацыйных справах 18 сутак.
Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.