Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь выключылі з журы нацыянальнага швэдзкага адбору на «Эўравізію»


Стакгольм, у якім пройдзе Melodifestivalen
Стакгольм, у якім пройдзе Melodifestivalen

А песьню ад Беларусі пачалі правяраць на адпаведнасьць стандартам міжнароднага конкурсу.

Навіну пра ўдзел беларускіх экспэртаў у журы швэдзкага нацыянальнага адбору на міжнародны конкурс песьні «Эўравізія» — Melodifestivalen апублікаваў тэлеканал SVT, які і праводзіць конкурс. Аднак прызначэньне беларусаў у журы выклікала скандал, і канал зьмяніў рашэньне.

Месца Беларусі ў адной з васьмі групаў журы зойме Вялікая Брытанія.

«Тое, што мы выбралі Беларусь у склад міжнароднага журы, было памылковым рашэньнем. Сытуацыя са свабоднымі СМІ ў гэтай краіне надзвычай сур’ёзная. Таму мы вырашылі замяніць журы зь Беларусі на журы зь Вялікай Брытаніі», — сказала прадусар Melodifestivalen Карын Гунарсан.

Таксама ў журы швэдзкага адбору на «Эўравізію» будуць прадстаўнікі Альбаніі, Ізраілю, Ісьляндыі, Кіпру, Нідэрляндаў, Францыі і Швайцарыі.

Конкурс Melodifestivalen, пераможца якога адправіцца ад Швэцыі на «Эўравізію», адбываецца ад 6 лютага да 13 сакавіка на арэне Annexet у Стакгольме.

Ад Беларусі на прэстыжны міжнародны конкурс паедзе баранавіцкі гурт «Галасы ЗМеста», рэпэртуар якога складаецца зь песьняў, у якіх высьмейваюцца «жанчына з Прыбалтыкі», Павал Латушка, «флейтыстка», каранавірус і Эўразьвяз. У яго выкананьні гучалі таксама кавэры на «Муры» і «Купалінку» з каверканьнем беларускай мовы.

Эўрапейскі вяшчальны зьвяз (ЭВЗ) ужо атрымаў інфармацыю пра палітызаваныя тэксты гэтага калектыву. Правілы «Эўравізіі» забараняюць выкарыстаньне палітычнай тэматыкі ў музычных творах, таму ЭВЗ, па інфармацыі «Эўрарадыё», пачаў праверку песьні гурту «Галасы ЗМеста» на адпаведнасьць стандартам конкурсу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG