Як сказаў Свабодзе старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, пад супольнай заяўкай стаяць подпісы яго, кіраўніка руху «За Свабоду» Юрася Губарэвіча і першага намесьніка старшыні БСДП (Грамада) Аляксея Сігаева.
Кастусёў ня бярэцца прагназаваць, як хутка іх зварот пачнуць разглядаць: чыноўнікі могуць цягнуць да апошняга, а могуць хутка забараніць, прыкрыўшыся «грамадзкай бясьпекай». Галоўная задача такога кроку — прадэманстраваць, што дэмакратычныя сілы гатовыя выконваць закон аб масавых мерапрыемстах, кажа Кастусёў.
У гэтым зьвязку, як паведаміў Свабодзе старшыня БСДП Ігар Барысаў, падпісанты асобным пунктам папрасілі гарадзкія ўлады абавязаць менскую міліцыю і камунальнікаў заключыць дамовы з арганізатарамі Дня Волі. Гэтыя структуры пакуль адмаўляюцца ісьці на кантакт — адрозна ад мэдыкаў, якія зрабілі гэта без прамаруджваньня.
Заяўнікі не гавораць, які дзень выбраны для адзначэньня — абвяшчэньне незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі 25 сакавіка (сёлета прыпадае на чацьвер), або ў нейкі выходны. Маўляў, да атрыманьня дазволу зь Менгарвыканкаму агучваць дэталі забаронена, у іншым выпадку гэта можа стаць фармальнай падставай для забароны.
Але ўскосна далі зразумець, што сам фармат традыцыйны: шэсьце, мітынг і сьвяточны канцэрт.
Старшыня Камітэту дзяржбясьпекі Іван Тэртэль сёньня заявіў, што на 25-27 сакавіка «дэструктыўныя сілы» рыхтуюць правакацыі, але спэцслужбы «гатовыя захаваць стабільнасьць у краіне».
Дзень Волі традыцыйна адзначаюць 25 сакавіка — у гадавіну абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі ў 1918 годзе. На Дзень Волі ў розныя гады ладзіліся і легальныя акцыі, і «несанкцыянаваныя», удзельнікаў ня раз жорстка разганялі. У 2018 годзе менскія ўлады дазволілі вялікі мітынг-канцэрт, у 2019-м вялікія мітынгі-канцэрты адбыліся ў Менску і Горадні, а ў 2020-м, з прычыны пандэміі каранавірусу, канцэрт правялі праз інтэрнэт.
З восені 2020 году ў Беларусі ўлады не дазвалялі акцыяў пратэсту або акцыяў палітычнага характару, але беларусы штодзень ладзяць «несанкцыянаваныя акцыі» пратэсту і салідарнасьці.