Такія зьвесткі фонд «Справядлівасьць для журналістаў» апублікаваў 8 сакавіка. Дасьледаваньне не закранула краінаў Балтыі.
Большасьць атакаў (890 выпадкаў) зыходзіла ад прадстаўнікоў улады. Пры гэтым у 887 інцыдэнтах за перасьледам стаялі ўлады тых краін, дзе працавалі журналісткі.
Часьцей за ўсё напады зьдзяйсьняліся ў Беларусі (382 выпадкі), Расеі (341) і Ўкраіне (123), радзей за ўсё ў Туркмэністане (2), Кіргізстане (14) і Таджыкістане (17). У першых двух краінах (338 інцыдэнтаў у Беларусі і 287 у Расеі) гаворка ў большасьці выпадкаў ішла аб нападах з выкарыстаньнем юрыдычных або эканамічных мэханізмаў, у той час як ва Ўкраіне дзьве траціны нападаў (82 інцыдэнты) былі зьвязаныя з пагрозамі нефізычнага характару або зьдзейсьненыя ў кібэрпрасторы.
З усіх постсавецкіх дзяржаваў Беларусь застаецца самай небясьпечнай для журналістаў, паколькі лік нападаў на 100 тысяч насельніцтва (каэфіцыент рызыкі) там складае 14,61, адзначаюць у фондзе.
За мінулы год тры журналісткі загінулі. У Расеі — заснавальніца ніжагародзкага выданьня Koza. Press Ірына Славіна і Наталья Мічурына, шэф-рэдактар іркуцкай газэты " Восточно-Сибирская правда», у Беларусі — Любоў Зямцова, аўтар праекту «Невядомая Беларусь».