1 сакавіка кіраўніцтва нарвэскай кампаніі Yara International правядзе сустрэчу ў відэафармаце з прадстаўнікамі беларускай дыяспары, якія просяць спыніць усякае супрацоўніцтва зь дзяржаўнай кампаніяй «Беларуськалій». У адмысловай пэтыцыі на плятформе change.org прадпрыемства назвалі «кашальком Лукашэнкі».
Раней нарвэжцаў прасілі спыніць супрацоўніцтва з салігорскай кампаніяй Сьвятлана Ціханоўская і прадстаўнікі страйкаму прадпрыемства — шахтары і работнікі іншых прафэсій «Беларуськалію», якія спынілі працу да выкананьня сваіх патрабаваньняў, сярод якіх былі новыя выбары без Лукашэнкі.
Пэтыцыю да яе адпраўкі ў офіс Yara ўвечары 28 лютага падпісалі звыш 50 тысяч чалавек. Яны лічаць, што нарвэская кампанія вельмі дапаможа ўсталяваньню дэмакратыі ў Беларусі, калі ня будзе працаваць з прадпрыемствам, адкуль ідуць вялікія грошы рэжыму, які ладзіць зь іх дапамогай рэпрэсіі супраць грамадзян.