Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польскія нацыяналісты правядуць аўтапрабег на Беласточчыне ў памяць пра забойцу беларусаў


Марш нацыяналістаў у Гайнаўцы, 2018 год
Марш нацыяналістаў у Гайнаўцы, 2018 год

Польскія нацыяналістычныя арганізацыі ў нядзелю зладзяць аўтапрабег памяці «праклятых жаўнераў» ад Гайнаўкі да Нараўкі на Падляшшы, паведаміла Gazeta Wyborcza.

20-кілямэтровы маршрут пракладзены ад Гайнаўкі да Нараўкі празь вёскі, дзе жывуць праваслаўныя беларусы, якія памятаюць пра нявінныя ахвяры Рамуальда Райса «Бурага».

Ромуальд Райс адказны за спаленьне ў 1946 годзе некалькіх вёсак і забойства 79 чалавек мірнага этнічна беларускага насельніцтва, у тым ліку дзяцей і жанчын.

Польскія нацыяналісты мінулымі гадамі ладзілі ў Гайнаўцы шэсьце. Але сёлета ўсе тэрміны правядзеньня маршу заблякавалі актывісты грамадзкага руху «Грамадзяне Рэчы Паспалітай», якія пратэстуюць супраць гэтай нацыяналістычнай акцыі.

Гайнаўскі марш нацыяналістаў прымеркаваны да Дня нацыянальнай памяці пра «выклятых жаўнераў», які, згодна з парлямэнцкай пастановай 2011 году, адзначаецца 1 сакавіка. Дзень, хоць і не выходны, лічыцца польскім нацыянальным сьвятам. Сёлетні марш, ужо шосты, нацыяналісты плянавалі правесьці ў апошнія выходныя лютага.

У Гайнаўцы чвэрць жыхароў афіцыйна пішацца беларусамі, а як мінімум палова належыць да праваслаўнага веравызнаньня.

У суботу ў Гайнаўцы пройдзе акцыя памяці 79 ахвяр Рамуальда Райса. Людзі прыйдуць з 79 белымі ружамі да помніка ахвярам войнаў і рэпрэсій у гайнаўскім сквэры імя Дзьмітрыя Васілеўскага.

Міністэрства замежных спраў Беларусі 27 лютага паведаміла, што дыпляматы ўчора і сёньня ўскладалі разам зь мясцовымі жыхарамі кветкі да помнікаў у Гайнаўцы і ў населенай беларусамі вёсцы Залешаны. МЗС рашуча асудзіла намер правесьці акцыю памяці Рамуальда Райса. Яно таксама заявіла, што «на фоне шматгадовага патураньня польскімі ўладамі праварадыкальным маршам у Гайнаўцы асабліва карыкатурна выглядаюць спробы Польшчы апэляваць да выкананьня правоў чалавека ў Беларусі і лябіяваць санкцыйныя меры ў дачыненьні да нашай краіны».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG