Мэдсястра-анэстэзіст Марыя Каржанеўская расказала пра рэакцыю сваіх калег на канчатковы яе пераход на родную мову. Плястычны хірург Аляксей Дужы заўважыў, што мова ўплывае на мысьленьне чалавека, а лекар-рэаніматоляг Зьміцер Салошкін даў простую параду на пытаньне «Як пачаць размаўляць па-беларуску?»
Лекар-псыхатэрапэўт Яўгіньня Тачыцкая празь відэа зьвярнула ўвагу грамадзкасьці на праблемы, зь якімі можа сутыкнуцца беларускамоўны пацыент у сучасным беларускім грамадзтве. На яе думку, пацыент можа не заўсёды знайсьці эфэктыўную дапамогу толькі праз тое, што размаўляе па-беларуску.
Кандыдат мэдычных навук Аліна Воўчанка быццам у працяг тэмы заўважыла, што псыхалёгія, якою яна займаецца, мае шмат адметнай лексыкі, а не «міжнароднай лаціны», таму ў гэтай сфэры спэцыялістам абавязкова належыць ведаць усё багацьце ўнікальных беларускіх словаў, што перадаюць пачуцьці і эмоцыі.