«За больш як пяць гадоў урад ня змог належным чынам абараніць маёмасныя інтарэсы дзяржавы і даказаць у судах розных інстанцый права дзяржавы Ўкраіна валодаць часткай нафтаправодаў і карыстацца ёю. У выніку дзяржаўная маёмасьць апынулася ў руках двух уласьнікаў з замежнай рэгістрацыяй, але зьвязаных з двума грамадзянамі Ўкраіны», — заявіў Аляксей Данілаў пасьля пасяджэньня Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны.
Сакратар Рады нацбясьпекі нагадаў, што згодна з артыкулам 7 закону Ўкраіны аб трубаправодным транспарце «магістральны трубаправодны транспарт мае важнае эканамічнае і абароннае значэньне і зьяўляецца дзяржаўнай уласнасьцю Ўкраіны».
«Праваахоўным органам таксама даручана расьсьледаваць абставіны, пры якіх дзяржаўная маёмасьць трапіла ў прыватныя рукі. Ніякай прыватызацыі не было. На наш погляд, пакуль незразумелым чынам гэты аб'ект дзяржаўнай уласнасьці без прыватызацыі, бяз Фонду дзяржаўнай маёмасьці апынуўся ва ўласнасьці грамадзян, зарэгістраваных у замежнай краіне. І зараз далі даручэньне разабрацца, чаму так адбылося, хто гэтую зьдзелку праводзіў, і чаму гэтыя афіліяваныя з Украінай грамадзяне пэўны час карысталіся гэтым прадуктаправодам», — дадаў Аляксей Данілаў.
Сакратар Рады нацбясьпекі і абароны паведаміў, што сёньня ўхвалена рашэньне аб увядзеньні пэрсанальных санкцый на тры гады ў дачыненьні да 19 юрыдычных і 8 фізычных асобаў. У прыватнасьці, паводле Аляксея Данілава, пад санкцыі падпалі трое грамадзян Украіны, у тым ліку Віктар Медвядчук і ягоная жонка Аксана Марчанка, а таксама пяцёра грамадзян Расеі. Імя беларускага бізнэсоўца, які валодае 51 % акцый кампаніі «Прикарпатзахідтранс», ён не назваў.
Найбліжэйшым часам усе дэталі будуць абнародаваныя — пасьля падпісаньня і публікацыі адпаведнага ўказу прэзыдэнта.
Што вядома пра «Прикарпатзахідтранс»
Кампанія «Прикарпатзахідтранс» зарэгістраваная з 2011 году. Зь дзяржаўнай уласнасьці Ўкраіны яе вывелі ў 2015 годзе. Тады суд пастанавіў перадаць усе актывы ў кіраваньне расейскай «Транснефти». Неўзабаве пасьля таго судовага рашэньня расейская «Транснефть» прадала трубаправод швайцарскай International Trading Partners AG, якую зьвязваюць з атачэньнем Віктара Медведчука, кума расейскага прэзыдэнта, лідэра фракцыі ў Вярхоўнай Радзе Ўкраіны «Апазыцыйная плятформа «За жыцьцё».
Пасьля продажу ў сакавіку 2019 году 51% акцый беларускаму бізнэсоўцу Мікалаю Варабʼю шэраг дэпутатаў Вярхоўнай Рады Ўкраіны заявілі, што ініцыююць перагляд судовых рашэньняў аб вывядзеньні актываў кампаніі зь дзяржаўнай уласнасьці Ўкраіны.
Сёлета, 11 лютага, Нацыянальнае антыкарупцыйнае бюро Ўкраіны выставіла падазрэньне былому намесьніку дырэктара Інстытуту азотнай прамысловасьці і прадуктаў арганічнага сынтэзу. На падставе ягонай экспэртызы суд адмовіўся прызнаць права ўласнасьці Ўкраіны ў частцы нафтаправоду «Самара – Заходні кірунак». У выніку кантроль над часткай трубаправоду перайшоў да ТАА «Прикарпатзахідтранс», якое зьвязана зь Медведчуком і беларускім бізнэсоўцам Мікалаем Вараб’ём.
Вядома таксама, што Віктар Медвядчук і ягоная жонка Аксана Марчанка захоўвалі ў беларускім «Абсалютбанку», які належыць Мікалаю Варабʼю, некалькі мільёнаў эўра. У верасьні 2019 году ўкраінскі палітык і бізнэсовец атрымаў зь менскай філіі беларускага банку «Абсалютбанк» 2,347 мільёна грыўняў (крыху больш як 95 тысяч даляраў у эквіваленце).