Суд у справе Аляксандра Кардзюкова і Генадзя Шутава пачаўся ў Берасьці ў аўторак 16 лютага. На ім у якасьці пацярпелых знаходзяцца вайскоўцы мар’інагорскага спэцназу (вайсковая частка № 89417) Раман Гаўрылаў і Арсеній Галіцын.
У працэсе былі агучаныя некаторыя іх дадзеныя, а таксама імёны і месца службы. Высьветлілася, што менавіта Раман Гаўрылаў стрэліў у Генадзя Шутава і забіў яго.
Закрыць працэс пацярпелыя спрабавалі яшчэ да пачатку слуханьняў. Яны падыходзілі да сакратара і патрабавалі пусьціць у залю толькі «правільных людзей». У выніку іх просьба не была задаволеная, у залю трапілі журналісты і родныя ды сябры абвінавачаных Шутава і Кардзюкова.
«Хачу заявіць хадайніцтва аб вядзеньні закрытага судовага паседжаньня ў сувязі зь неабходнасьцю гарантаваньня бясьпекі пацярпелых, — заявіў судзьдзі Арсеній Галіцын адразу на пачатку паседжаньня. — Нам паступаюць пагрозы на мабільныя тэлефоны зь невядомых нумароў. «Як жывецца тваім бацькам, як ім сьпіцца? Добра? Цябе знойдуць, мы цябе прыкончым», — працытаваў Галіцын паведамленьні са свайго тэлефона.
Ён таксама паведаміў, што пагрозы пачалі прыходзіць яму адразу пасьля завяршэньня першага дня паседжаньня. Другі пацярпелы, Раман Гаўрылаў, таксама расказаў пра пагрозы ў свой адрас і папрасіў закрыць суд.
Хадайніцтва пацярпелых падтрымаў пракурор Генадзь Буры, супраць выступіў абвінавачаны Кардзюкоў і дачка абвінавачанага Генадзя Шутава Анастасія. Судзьдзя Сьвятлана Крэмянеўская пасьля кароткай нарады ў хадайніцтве адмовіла, суд працягваецца ў адкрытым рэжыме.
Ахвяры беларускіх пратэстаў. Што важна ведаць
За ўвесь час пратэстаў пры розных абставінах загінулі сама меней 4 чалавекі. Пры гэтым улады і кіраўніцтва МУС ні разу не прызналі, што людзі загінулі ад рук сілавікоў. Гэтыя людзі на сёньня лічацца ахвярамі пратэстаў:
- Аляксандар Тарайкоўскі, 34 гады, Менск, застрэлены сілавікамі на вуліцы Прытыцкага;
- Аляксандар Віхор, 25 гадоў, Гомель, памёр пасьля зьбіцьця ў міліцыі;
- Генадзь Шутаў, 43 гады, Берасьце, застрэлены сілавіком;
- Раман Бандарэнка, 31 год, Менск, пабіты да непрытомнасьці, памёр у шпіталі.
Таксама дагэтуль невядомыя абставіны сьмерці яшчэ некалькіх чалавек. Іх сваякі і сябры лічаць, што яны маглі быць забітыя падчас пратэстаў.
- Мікіта Крыўцоў, 28 год, Жодзіна, знойдзены павешаным;
- Аляксандар Дзямідаў, 25 гадоў, Бараўляны, знойдзены мёртвым;
- Канстанцін Шышмакоў, 29 гадоў, Ваўкавыск, нібыта ўчыніў самагубства;
- Арцём Парукаў, 19 гадоў, Менск, зьбіты машынай.