Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Эўропе і сьвеце заклікалі ўлады Беларусі спыніць наступ на журналістаў і праваабаронцаў


Так апячатвалі дзьверы офісу БАЖ 16 лютага
Так апячатвалі дзьверы офісу БАЖ 16 лютага

16 лютага ў Беларусі прайшлі ператрусы ў кватэрах больш як 40 журналістаў, праваабаронцаў, актывістаў у розных гарадах Беларусі, а таксама ў офісах Беларускай асацыяцыі журналістаў, Праваабарончага цэнтру «Вясна» і Незалежнага прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці.

«Міжнародная амністыя»: Улады нацэліліся на праваабаронцаў і журналістаў

«Зьняволіўшы або прымусова выслаўшы амаль усіх, хто зьвязаны з палітычнай апазыцыяй у краіне, беларускія ўлады цяпер нацэліліся на праваабаронцаў і журналістаў, чыім адзіным злачынствам было дакумэнтаваньне хвалі грубых парушэньняў правоў чалавека, учыненых сіламі бясьпекі пасьля спрэчных прэзыдэнцкіх выбараў у жніўні мінулага году», — заявіла прадстаўнік «Міжнароднай амністыі» Аіша Юнг.

Яна назвала тое, што адбываецца, «арганізаванай і мэтанакіраванай спробай зьнішчыць незалежныя СМІ і праваабарончыя арганізацыі краіны шляхам запалохваньня хатнімі ператрусамі, уціску і перасьледаў», перадае БелаПАН.

АБСЭ заклікала «спыніць гэтую нэгатыўную тэндэнцыю»

Прадстаўніца АБСЭ ў пытаньнях свабоды СМІ Тэрэза Рыбэйра назвала ператрусы ў БАЖ і журналістаў 16 лютага «трывожнай падзеяй для свабоды СМІ і свабоды слова ў краіне.

Яна заклікала ўлады «спыніць гэтую нэгатыўную тэндэнцыю і прывесьці сваю палітыку і практыку ў адпаведнасьць з абавязаньнямі АБСЭ ў дачыненьні да свабоды СМІ і бясьпекі журналістаў».

«У 2018 годзе Беларусь падтрымала важнае рашэньне Савета міністраў АБСЭ аб бясьпецы журналістаў і далучылася да іншых дзяржаў-удзельніц у прызнаньні таго, што ўрады адыгрываюць ключавую ролю ў стварэньні бясьпечных умоў працы журналістаў», — нагадала Тэрэза Рыбэйра.

Яна таксама выказала спадзяваньне на хуткае вызваленьне журналістаў, якія знаходзяцца за кратамі.

Кіраўнік Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека (БДІПЧ) АБСЭ Матэа Мэкачы заявіў, што вобшукі ў праваабаронцаў выклікаюць крайнюю заклапочанасьць.

«Праваабаронцы ў Беларусі ўжо даўно адыгрываюць важную ролю ў прасоўваньні правоў сваіх суграмадзян, нягледзячы на мноства праблем, — адзначыў ён. — Таму вельмі трывожна чытаць паведамленьні аб тым, што беларускія ўлады прыкладаюць узгодненыя намаганьні ў іх перасьледзе і запалохваньні ў сувязі зь мірнымі пратэстамі, якія адбываюцца ў Беларусі цягам многіх месяцаў. Я заклікаю ўлады Беларусі паважаць правы праваабаронцаў у адпаведнасьці са сваімі абавязаньнямі ў межах АБСЭ», — гаворыцца ў заяве.

БДІПЧ таксама працягвае заклікаць да вызваленьня «ўсіх грамадзян, затрыманых пры ажыцьцяўленьні сваіх правоў у апошнія месяцы, а таксама да расьсьледаваньня і судовага перасьледу ўсіх асоб, адказных за дакумэнтальна пацьверджаныя парушэньні правоў чалавека».

Камісар Рады Эўропы ў правах чалавека Дуня Міятавіч заявіла, што «цкаваньне празь ператрусы, арышты і крымінальны перасьлед журналістаў і абаронцаў правоў чалавека, у тым ліку партнэраў Рады Эўропы і ААН у Беларусі, непрымальнае».

Эўрапейская асацыяцыя журналістаў: Трэба пакласьці канец злоўжываньням нелегітымнага прэзыдэнта Лукашэнкі

У абарону БАЖ выступілі таксама Міжнародная і Эўрапейская асацыяцыі журналістаў. Яны заклікалі міжнародныя арганізацыі прыняць жорсткія захады для падтрымкі свабоды слова ў Беларусі.

«Міжнароднай супольнасьці варта нарэшце прыняць меры, каб пакласьці канец злоўжываньням нелегітымнага прэзыдэнта Лукашэнкі», — напісаў прэзыдэнт Эўрапейскай асацыяцыі журналістаў Могенс Бліхер-Б’ерэгард. («Беларускі саюз журналістаў» пад кіраўніцтвам Андрэя Крывашэева назваў гэтую заяву ангажаванай і палітызаванай).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG