Пра гэта ў лісьце калегам-дэмакратам абвясьціла сьпікер Палаты прадстаўнікоў Нэнсі Пэлосі. Яна адзначыла, што экспэртная група будзе створана на ўзор аналягічнай камісіі, заснаванай пасьля тэрарыстычных нападаў у ЗША 11 верасьня 2001 году.
Як сказала Пэлосі, камісія мусіць расьсьледаваць, а затым паведаміць пра факты і магчымыя прычыны, зьвязаныя з «унутраным тэрарыстычным актам» і «ўмяшаньнем у працэс мірнай перадачы ўлады ў краіне».
Раней сьпікер Палаты даручыла адстаўному генэралу Расэлу Анарэ ацаніць, якія захады неабходна зрабіць у далейшым з улікам атакі на Кангрэс. На аснове гэтага аналізу заканадаўцы павінны вызначыць, ці выдзяляць дадатковыя сродкі на ўзмацненьне бясьпекі парлямэнту і яго чальцоў.
Ідэя стварыць такую незалежную камісію знаходзіць усё больш прыхільнікаў як сярод дэмакратаў, так і рэспубліканцаў пасьля таго, як Сэнат 13 лютага апраўдаў экс-прэзыдэнта Дональда Трампа на судзе аб імпічмэнце. Шэраг яго аднапартыйцаў-рэспубліканцаў заяўляюць, што падтрымаюць расьсьледаваньне падзей пачатку студзеня, калі радыкальныя прыхільнікі Трампа штурмавалі Капітолій у спробе сарваць зацьвярджэньне перамогі дэмакрата Джо Байдэна на выбарах прэзыдэнта.
На мінулым тыдні Сэнат прагаласаваў аб абвінавачаньні ў падбухторваньні да паўстаньня, выстаўленае ў дачыненьні да Трампа, 57 галасамі «за» і 43 «супраць». Імпічмэнт падтрымалі сямёра рэспубліканцаў. Але гэтага не хапіла, каб сабраць дзьве траціны галасоў для зацьвярджэньня абвінавачаньня, якое выставіла Палата прадстаўнікоў.
Абарона Дональда Трампа на слуханьнях у Сэнаце называла судовы працэс «неканстытуцыйным» і «брыдкай» спробай палітычнай помсты былому прэзыдэнту з боку Дэмакратычнай партыі.