Барыс Гарэцкі пасьля ператрусу: «Які ў мяне статус, пакуль не сказалі»
Намесьнік старшыні БАЖ Барыс Гарэцкі распавёў дэталі ператрусу:
«Вельмі шчыльна прайшліся па ўсёй кватэры, зазіралі ў кожную шчыліну, нават дзіцячыя рэчы глядзелі. Забралі ўсю тэхніку, два кампутары, чамусьці іх зацікавілі кнігі Ўладзімір Арлова».
У журналісткі Ларысы Шчыраковай ператрус скончыўся
Ладзілі ператрус супрацоўнікі ГУБАЗіКу, прысутнічалі амапаўцы. Ператрус доўжыўся 3 гадзіны. Пыталі пра грошы, забралі фота-відэа тэхніку, накапляльнікі інфармацыі, нацыянальныя сьцягі і плякаты «Я – нячэсны журналіст», «Свабоду Судаленку».
Роўна 10 гадоў таму супрацоўнікі КДБ ладзілі ператрус у хаце журналісткі таксама па т. зв. масавых беспарадках, – паведамляе «Гомельская Вясна».
Ператрус у праваабаронцы ў Віцебску
Прайшоў ператрус у бацькоў віцебскай праваабаронцы Ірыны Трацьцяковай. Шукалі дакумэнты. Забралі флэшку і кніжку «Маніторынг аддзяленьняў міліцыі». Сама Ірына на волі, паведамляе «Вясна».
Ператрус у гомельскай настаўніцы
У Гомелі праходзіць з сям'і раніцы вобшук у настаўніцы Надзеі Лашэнка-Казаковай. У лістападзе 2020 году яе з сяброўкай затрымала міліцыя за «адзенне пратэстных колераў». Жыхаркі Гомеля атрымалі штраф. Пазьней Надзея Лашэнка-Казакова вымушана была звольніцца. Прычыны вобшуку невядомыя
Ператрус прайшоў у эксперта па лічбавай бясьпецы Мікалая Кванталіяні
Пра гэта паведамляе БАЖ.
Скончыўся ператрус у Барыса Гарэцкага
Гэта намесьнік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў.
Пра гэта паведаміла Наста Дашкевіч: «Ён дома. Тэхнікі і тэлефонаў – няма».
Як паведамляе БАЖ, Гарэцкі распавёў, што да яго дадому прыйшлі ў 7.25 раніцы, настойліва званілі ў дзьверы, потым прыйшлі з абсталяваньнем, каб рэзаць дзьверы.
Барыс адкрыў. «Рукі за сьпіну і г.д»., але дома было трое дзяцей, таму прайшло даволі мякка, сілавую групу адправілі», – распавёў Гарэцкі. Паводле ягоных слоў, абшукалі ўсё, нават у сьметніцах і лядоўні глядзелі. Забралі ноўты, тэлефоны, сямейныя грошы (няшмат).
Усё працягвалася каля 3-4 гадзін. Ператрус быў у межах арт. 342 КК. Вобшук праводзіў Сьледчы камітэт, санкцыя пракуратуры.
«Прыйшлі 7 чалавек са зброяй». Сын старшыні БАЖ Андрэя Бастунца Арсеній пракамэнтаваў ператрус
Ператрус прайшоў ня толькі дома ў старшыні БАЖ Андрэя БАстунца, але і ў кватэры, дзе жыве ягоны сын.
Ператрус у офісе Праваабарончага цэнтру «Вясна»
Каля 10.40 пачаўся ператрус на офісе ПЦ «Вясна» ў Менску па пр. Незалежнасьці 78а. Туды прыехаў старшыня арганізацыі Алесь Бяляцкі.
Раней прайшоў ператрус у праваабаронцы «Вясны» Зьмітра Салаўёва. У яго забралі тэлефон і ўсю тэхніку. Зьміцер затрыманы. З ператрусам прыйшлі да каардынатара кампаніі «Праваабаронцы супраць сьмяротнага пакараньня ў Беларусі», праваабаронцы «Вясны» Андрэя Палуды.
Праўладны Беларускі саюз журналістаў паведаміў пра затрыманьне Андрэя Бастунца, Барыса Гарэцкага і Алега Агеева
Заява зьявілася ў тэлеграм-канале арганізацыі.
Там адзначылі, што Камітэт па этыцы і «саюзьнікі» ў Палаце прадстаўнікоў «у выпадку неабходнасьці і запыту» будуць гатовыя аказаць Асацыяцыі неабходную прававую дапамогу.Пры гэтым БСЖ асобна адзначыў, што папярэдне сьледчыя дзеяньні зьвязаныя зь незаконным, у тым ліку замежным фінансаваньнем дзейнасьці офісу і шэрагу «замежных агентаў» у галіне СМІ. БСЖ апэруе гэтым тэрмінам, хоць закон «аб замежных агентах» яшчэ нават не прынялі да разгляду ў Палаце прадстаўнікоў. У постскрыптуме да свайго допісу праўладнае аб'яднаньне журналістаў адзначае, што БАЖ за апошні год ніводнага разу не асудзіў «напады» на сябраў іх саюзу. Сам БСЖ пры гэтым ані разу ня выступіў з афіцыйнай заявай, дзе б асуджаліся арышты і крымінальныя справы супраць членаў БАЖ.
Сьледчы камітэт Беларусі патлумачыў прычыны ператрусаў у праваабаронцаў і журналістаў
Заява апублікавалая ў тэлеграм-канале ведамства:
«Сьледчым камітэтам працягваецца расьсьледаваньне крымінальнай справы паводле арт.342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) Крымінальнага кодэксу Беларусі.
У межах папярэдняга расьсьледаваньня з мэтай высьвятленьня абставінаў фінансаваньня пратэставай дзейнасьці сьледзтвам ініцыявана правядзеньне ператрусаў у арганізацыях, якія пазыцыянуюць сябе як праваабарончыя.
Правядзеньне працэсуальных дзеяньняў даручана супрацоўнікам ГУБАЗіК МУС і санкцыянавана Генэральнай пракуратурай. Канчатковая прававая ацэнка сытуацыі будзе дадзена пасьля правядзеньня ўсяго комплексу працэсуальных дзеяньняў».
Больш за 20 ператрусаў па ўсёй Беларусі
Ператрусы ідуць па ўсёй Беларусі, сьледчыя прыйшлі у офісы БАЖ, «Вясны», прафсаюза РЭП, у кватэры журналістаў і праваабаронцаў і іх сваякоў.
Сьпіс тут: