Па словах Уладзіміра Жарабенкава, перамовы ініцыяваў амэрыканскі бок пасьля прыходу да ўлады адміністрацыі Джо Байдэна.
Пола Ўілана затрымалі ў Маскве ў сьнежні 2018 году, абвінавацілі ў шпіянажы супраць Расеі і асудзілі на 16 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі строгага рэжыму. Уілан сваёй віны не прызнае. ЗША неаднаразова патрабавалі яго вызваленьня.
Па словах расейскага адваката, якія цытуе Reuters, перамовы могуць прывесьці ў наступныя два-тры месяцы да абмену зьняволенымі. Жарабенкаў ня ведае, ці закранаюць перамовы справу Трэвара Рыда, затрыманага ў ліпені мінулага году грамадзяніна ЗША. Ён быў асуджаны на 9 гадоў пазбаўленьня волі «за напад на паліцыянта».
У Вашынгтоне называюць «тэатрам абсурду» працэс над Рыдам.
Адвакат Уладзімір Жарабенкаў расказаў, што ў Маскве абмяркоўваюцца магчымыя кандыдатуры асуджаных у ЗША расейскіх грамадзян, аб абмене якіх на Ўілана можна было б прасіць амэрыканскі бок. Адвакат згадаў гандляра зброяй Віктара Бута і Канстанціна Ярашэнку, асуджанага «за змову з мэтай кантрабанды какаіну», паведамляе «Голас Амэрыкі».
Адвакат Аляксей Тарасаў, які прадстаўляе інтарэсы Віктара Бута і Канстанціна Ярашэнкі, сказаў ТАСС, што яму невядома пра перамовы Расеі і ЗША з нагоды іх магчымага абмену на Пола Ўілана, асуджанага ў Расеі за шпіянаж.