Па словах Байдэна, нават тыя, хто прагаласаваў за апраўданьне Трампа па абвінавачваньні ў падбухторваньні да паўстаньня, прызналі, што ён нясе прынамсі маральную адказнасьць за правакаваньне нападу сваіх прыхільнікаў на Капітолій 6 студзеня. Гэтыя падзеі, як і наступны імпічмэнт Трампа, Байдэн назваў «сумнымі старонкамі ў гісторыі» ЗША, якія нагадалі пра крохкасьць дэмакратыі.
Байдэн адзначыў, што за асуджэньне Трампа прагаласавалі ня толькі яго апанэнты-дэмакраты, але і 7 рэспубліканцаў, гэта беспрэцэдэнтны выпадак у гісторыі.
Галасы ў Сэнаце па пытаньню аб асуджэньні Трампа разьмеркаваліся наступным чынам: 57 за і 43 супраць. Галасаваньне прайшло вечарам у суботу, 13 лютага. Дэмакратам, якія ініцыявалі імпічмэнт, не хапіла 10 галасоў — для асуджэньня прэзыдэнта неабходная была падтрымка двух трацінаў сэнатараў.
Заяву ў сувязі з завяршэньнем працэсу выпусьціў і Трамп. Ён назваў працэс працягам «паляваньня на ведзьмаў». «Адлюстраваньнем сумнай карціны нашых дзён стала тое, што прадстаўнікі адной палітычнай партыі ў Амэрыцы атрымліваюць магчымасьць свабодна грэбаваць прынцыпам вяршэнства права... падвяргаць перасьледам, шантажу, замоўчваньню і задушэньню ўсіх людзей ці пунктаў гледжаньня, зь якімі яны ня згодныя», — заявіў былы прэзыдэнт. Яго акаўнты ў большасьці сацсетак заблякаваныя, заяву распаўсюдзілі адвакаты Трампа.
Трамп быў падвергнуты імпічмэнту ў Палаце прадстаўнікоў 13 студзеня, яшчэ да заканчэньня тэрміну яго паўнамоцтваў. Суд у Сэнаце праходзіў, калі Трамп ужо стаў прыватнай асобай. Фармальнае асуджэньне яго ў Сэнаце магло б закрыць яму шлях да карыстаньня прывілеямі, што належаць былым прэзыдэнтам, а таксама закрыць магчымасьць балятавацца на пасаду зноў.
Камэнтатары адзначаюць, што вынікі галасаваньня паказалі, з аднаго боку, што Трамп ня страціў уплыву на Рэспубліканскую партыю і пасьля сыходу з пасады прэзыдэнта, з другога — што ў партыі ёсьць і галасы, якія асуджаюць яго.
На бок абвінавачваньня ў Сэнаце ўсталі сэнатары-рэспубліканцы Рычард Бэры, Біл Кэсідзі, Бэн Сасо, Ліза Муркоўскі, Міт Ромні, Пэці Тумі і Сьюзан Колінз. Бэры, Ромні, Сасо, Колінз і Муркоўскі зьяўляюцца даўнімі супернікамі Дональда Трампа ў Рэспубліканскай партыі, Тумі зьбіраецца сысьці з палітыкі, а Біл Кэсідзі, як піша «Голас Амэрыкі», зьмяніў свой пункт гледжаньня на дзеяньні Трампа 6 студзеня толькі на гэтым тыдні: раней ён галасаваў у падтрымку былога прэзыдэнта.
Упершыню ў гісторыі ЗША ў дачыненьні да аднаго прэзыдэнта былі праведзены два працэсы аб імпічмэнце. Першы адбыўся ў пачатку 2020 году, тады Трамп таксама быў апраўданы.
- Працэс па справе аб другім імпічмэнце працягваўся крыху больш за тыдзень. У суботу раніцай сэнатары з перавагай у 10 галасоў падтрымалі прапанову аб выкліку сьведак, што магло б зацягнуць працэс, аднак у перапынку паміж пасяджэньнямі члены Палаты прадстаўнікоў — так званыя менэджэры па імпічмэнту — і адвакаты Трампа заключылі пагадненьне, якое дазваляе адмовіцца ад гэтай ідэі і перайсьці да выкладаньня заключных аргумэнтаў абодвух бакоў.