У руках удзельніц акцыі — белая стужка, кветкі і чырвоныя сэрцайкі з імёнамі перасьледаваных з палітычных матываў. Паводле ацэнак журналістаў, на Арбаце ў Маскве каля помніка Пушкіну і Ганчаровай больш за 150 жанчын, паведамляе «Настоящее время».
Удзельніцы выказваюць салідарнасьць з мастачкай Юліяй Цьвятковай, Любоўю Собаль, Юліяй Галямінай, Леляй Нордзік, Марыяй Алёхінай, Люсяй Штэйн, Кірай Ярмыш і іншымі жанчынамі-актывісткамі, якія зазналі ціск пуцінскага рэжыму.
Акцыю анансавала мастачка і паэтка Дар’я Сярэнка. Яна паведаміла, што ў Дзень усіх закаханых трэба выказаць падтрымку ня толькі Юліі Навальнай, сям’ю якой доўгія гады перасьледуе дзяржава за апазыцыйную дзейнасьць, але і ўсім жанчынам-палітвязьням, каго «падчас мірных пратэстаў зьбівае і катуе паліцыя, як студэнтку Алену Кітаёву. Усім, хто праводзіць свае дні ў судах, паліцэйскіх аўтобусах і спэцпрыёмніках».