Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрадэпутат: «Усебеларускі народны сход — шоў Лукашэнкі для Пуціна»


Робэрт Бедрань
Робэрт Бедрань

Пра тое, як у Эўразьвязе ўспрынялі ЎНС, «Нямецкай хвалі» расказаў кіраўнік дэлегацыі для сувязяў зь Беларусьсю Эўрапарлямэнту Робэрт Бедрань

— Якія ў вас уражаньні ад гэтага сходу?

— Мы ўсе чакалі, што Лукашэнка будзе спрабаваць даказаць сваю легітымнасьць. Усебеларускі народны сход — ня што іншае, як спроба Лукашэнкі паказаць, што ён да гэтага часу прэзыдэнт. А гэта ставіць пад сумнеў ня толькі міжнародная супольнасьць, але і грамадзяне Беларусі.

— Ці атрымалася Лукашэнку дасягнуць сваёй мэты?

— З прапагандысцкага пункту гледжаньня так. Бо сабраліся 2700 яго ляяльных прыхільнікаў, без прадстаўнікоў апазыцыі. Паказаная Лукашэнкам карцінка павінна гаварыць: бачыце, мне ня трэба весьці перамовы з апазыцыяй, я ўсё той жа «бацька», якога вы памятаеце, у мяне дастаткова сілаў, каб захаваць ляяльнасьць маіх людзей.

Але з другога боку, Лукашэнка ў сваіх выступах на УНС выкарыстаў іншую рыторыку, чым год таму. Ён казаў, што каляровыя рэвалюцыі ў Беларусі немагчымыя. Ён гаварыў пра ўнутраныя сілы, якія падтрымліваюць рэвалюцыю. Ён гаварыў пра «бліцкрыг». Год таму Лукашэнка быў іншым. Цяпер у ягоных вачах відаць страх нават тады, калі ён аточаны сваімі прыхільнікамі.

— Вы лічыце, што Лукашэнку ўдалася прапагандысцкая карцінка. А што, на ваш погляд, убачылі ў сьвеце?

— Лукашэнка ўсё гэта рабіў хутчэй для Пуціна, каб паказаць, што трымае ўсё пад кантролем. Бо калі Пуцін убачыць, што Лукашэнка не кантралюе сытуацыі, то можа вырашыць, што лідэра Беларусі трэба памяняць. Для Лукашэнкі гэта, вядома ж, непрымальна. І тут я не магу не сказаць, што да гэтага часу рэакцыя ЭЗ была занадта мяккай. Шмат словаў і мала справы. І я, і мае калегі ў Эўрапарлямэнце расчараваныя.

— Выступаючы на УНС, Лукашэнка аб’явіў, што атрымаў ад Сусьветнай арганізацыі здароўя і старшыні Эўракамісіі Урсулы фон дэр Ляйен ліст, дзе яго называюць прэзыдэнтам Беларусі. Дакумэнт датаваны студзенем гэтага году, хоць ЭЗ ужо не прызнае Лукашэнку легітымным прэзыдэнтам. У Эўракамісіі гавораць пра памылку САЗ. Што вы думаеце пра гэты ліст?

— Гэта вялікая памылка. Вядома ж, гэты ліст не зьяўляецца прызнаньнем. Гэта не павінна было адбыцца. Я расчараваны, бо Святлана Ціханоўская некалькі разоў наведвала Брусэль і органы ЭЗ, дзе яе прызнаюць легітымным лідэрам апазыцыі. Падобныя дыпляматычныя памылкі не дапамагаюць дэмакратычнай апазыцыі ў Беларусі. Беларусы чакаюць ад ЭЗ і, у гэтым выпадку, ад Эўракамісіі, не памылак, а сапраўднай падтрымкі, гэта значыць санкцыяў, арганізацыі міжнароднай донарскай канфэрэнцыі, дапамогі беларускай дыяспары ў ЭЗ, а таксама іншых дзеяньняў, пералічаных намі ў рэзалюцыі, прынятай Эўрапарлямэнтам.

— Удзельнікі УНС вырашылі, што да канца 2021 году канстытуцыйная камісія падрыхтуе праект новага Асноўнага закону, і яго вынесуць на рэфэрэндум у пачатку наступнага году. Гэта яшчэ адна адтэрміноўка прыняцьця новай канстытуцыі?

— Так, Лукашэнка ўвесь час адкладае гэтую падзею. Ён выкарыстоўвае мэтад бізуна і перніка, але робіць гэта так, што беларусы цяпер бачаць толькі пугу, а пернік — дзесьці ў невядомай будучыні. Калі б Лукашэнка быў адкрыты для дыялёгу, ён запрасіў бы прадстаўнікоў апазыцыі на гэты сход. Так, як гэта адбылося ў Польшчы ў 1989 годзе, калі арганізавалі круглы стол і мы перайшлі да дэмакратыі мірным шляхам.

— На сходзе Лукашэнка пералічыў умовы свайго сыходу: спыненьне пратэстаў і імунітэт для сваіх прыхільнікаў. Гэта таксама гульня, мэта якой — выйграць час?

— Так, ён выйграе час. Вядома, ён абяцае, што сыдзе, але ня сёньня, а заўтра. Гэтую гісторыю мы чуем ужо 26 гадоў, а ён рыхтуе свайго сына ў пераемнікі. Гэта гульня для беларусаў, якія чакаюць пераменаў. Але рашэньне ўсё роўна будзе прымацца ў Крамлі. Лукашэнка ведае, што калі ён дасьць слабіну, то будзе рэакцыя Крамля. Нягледзячы на шоў пад назвай «Усебеларускі народны сход», Лукашэнка баіцца, і ён слабы. І гэта адкрывае магчымасьць Пуціну для павольнай, не вайсковай, але эканамічнай гібрыднай анэксіі Беларусі Расеяй.

— Адно з рашэньняў УНС — замацаваць статус гэтага органа ў заканадаўстве як «вышэйшай формы народнага прадстаўніцтва». Што гэта можа азначаць?

— Я не разумею гэтай канструкцыі. Мы ў Эўрапарлямэнце не прызнаем парлямэнту Беларусі, таму што яго выбралі несумленна, у яго няма дэмакратычнай легітымнасьці. Як я зразумеў, гэта будзе яшчэ адзін орган, які будзе цалкам залежаць ад Лукашэнкі. Так што гэта фэйкавая інстанцыя. Лукашэнка можа рабіць выгляд, што ён дэмакратычна выбраны прэзыдэнт, але ў канчатковым выніку ён — апошні дыктатар Эўропы.

— Пасьля завяршэньня УНС вы адчуваеце аптымізм з нагоды будучыні Беларусі?

— Зразумела. Вядома, дэмакратычная рэвалюцыя не прасунулася так далёка, як мы хацелі б. Аднак дэмакратычныя сілы ў Беларусі ніколі яшчэ не былі настолькі моцныя, як цяпер. Зноў зьвярнуся да прыкладу Польшчы. Наша рэвалюцыя пачалася ў 1970-х, а да посьпеху мы прыйшлі ў 1989 годзе. Нам спатрэбілася амаль 20 гадоў, каб перайсьці ад дыктатуры да дэмакратыі. Напэўна, і дэмакратычнай апазыцыі ў Беларусі давядзецца прайсьці доўгі шлях. Але мы бачым сёе-тое ўнікальнае, што зьявілася ў апошнія месяцы. Гэта нацыянальны дух жыхароў краіны, іх пачуцьцё прыналежнасьці да беларускага грамадзтва. І рана ці позна Беларусь вызваліцца ад апошняга дыктатара Эўропы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG