Журналістка пайшла асьвятляць зьезд дэлегатаў Усебеларускага сходу, а яе пакаралі штрафам за «пікет»
12 лютага аднавіўся суд над журналісткай парталу Tut.by Надзеяй Калінінай. Яе затрымалі 29 студзеня, калі яна спрабавала патрапіць на зьезд дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу па Менску, і выставілі два артыкулы — 23.34 і 23.4 КаАП.
Амаль трое сутак Надзея правяла ў ІЧУ на Акрэсьціна — у перапоўненай камэры без цёплых рэчаў і сродкаў гігіены. 1 лютага пачаўся суд, пасьля перапынку працэс працягнуўся. Справу разглядае Тацяна Шоцік у судзе Ленінскага раёну Менска, піша Tut.by.
У выніку судзьдзя прызнала Надзею Калініну вінаватай па двух артыкулах і прысудзіла ёй 2320 рублёў штрафу: 50 базавых велічынь штрафу па артыкуле 23.34 КаАП і 30 базавых — па артыкуле 23.4 КаАП.
Менскую пэнсіянэрку арыштавалі на 15 дзён за словы «Жыве Беларусь»
58-гадовую Ніну Долгую затрымалі 11 лютага на другім паверсе ГЦ «Dana Mall» у Менску. Яна крыкнула «Жыве Беларусь!» і хацела паглядзець, як людзі адрэагуюць, але, па словах жанчыны, ніхто не адгукнуўся. Затое падышлі міліцыянты і затрымалі яе за пікетаваньне «з мэтай публічнага выказваньня сваёй незадаволенасьці дзейнай уладай». Як паведаміў ПЦ «Вясна», суд Першамайскага раёну Менска вынес вырак – 15 дзён арышту.
МУС паведаміла пра затрыманьне людзей, якія заклікалі выходзіць на акцыі пратэсту падчас УНС
Супрацоўнікі МУС затрымалі каля 5 чалавек, якія ў інтэрнэце заклікалі людзей выходзіць на акцыі пратэсту ў пэрыяд правядзеньня ў Менску Ўсебеларускага народнага сходу, паведаміў «РИА Новости» кіраўнік ведамства Іван Кубракоў. Паводле яго, усе затрыманыя «хаваліся пад рознымі нікамі» і самі на акцыі пратэсту не выходзілі, але заклікалі іншых ня толькі выходзіць, але і «зьдзяйсьняць супрацьпраўныя дзеяньні».
Зварот удзельнікаў страйку на «Нафтане» і жыхароў Полацкага раёну з нагоды сходу
На думку ўдзельнікаў страйку, дэлегаты не зьяўляюцца абранымі згодна заканадаўства і па працэдуры, таму не прадстаўляюць інтарэсы ўсіх слаёў грамадзтва, а прадстаўляюць толькі інтарэсы намэнклятуры і чыноўнікаў, якія іх прызначылі. Яны запатрабавалі арганізаваць дыялёг з грамадзянскай супольнасьцю.
Вадзіцелі Менска сыгналілі на праспэкце Пераможцаў аўтобусам з дэлегатамі сходу
Шахтар, музыка, журналісты і пэнсіянэры. Каго і на колькі пасадзілі падчас Усебеларускага сходу
У дні праўладнага форуму судовы канвэер не спыняўся — судзьдзі выпісвалі адміністрацыйныя арышты і буйныя штрафы.
Салігорскага шахтара Юрыя Корзуна, затрыманага напярэдадні, асудзілі на 15 дзён арышту за «ўдзел у масавым мерапрыемстве». Жонцы паведамілі, што яго даставілі спачатку ў РАУС, а пасьля ў ізалятар на падставе ч. 1 арт. 23.34 КаАП.
Больш пра суды, штрафы і арышты падчас сходу чытаць тут.