Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэлегаты «Ўсебеларускага сходу». 12 лютага
Дэлегаты «Ўсебеларускага сходу». 12 лютага

Лукашэнка абрынуўся на бізнэс. Што адбываецца ў Беларусі 12 лютага

У Менску 11-12 лютага праходзіць 6-ы Ўсебеларускі народны сход, скліканы Лукашэнкам. На яго сабралі 2400 дэлегатаў і 300 гасьцей. Мы расказваем, што адбываецца ў краіне сёньня.

10:10 12.2.2021

Галоўчанка: «самаабвешчаны ўрад у выгнаньні» і «эканамічны нэакаляніялізмам»

Адкрываючы другі дзень сходу, прэм’ер Раман Галоўчанка супрацьпаставіў праграму пяцігодкі з «рэкамэндацыямі тэарэтыкаў, якія горача жадаюць рэфармаваць беларускую эканоміку паводле ўзору так званага вашынгтонскага кансэнсусу, які давёў да эканамічнага краху і дэфолту не адну дзяржаву. І нам працягваюць упарта падсоўваць з-за мяжы тыя ж рэцэпты».

Ён зрабіў адсылку да «так званай праграмы эканамічных рэформаў самаабвешчанага ўраду ў выгнаньні» і параўнаў іх з «эканамічным нэакаляніялізмам».

Далей — доўгая прамова пра тое, як у наступныя пяць гадоў у Беларусі будзе добра жыць.

10:14 12.2.2021

Палітвязьням Максіму Знаку і Марыі Калесьнікавай выставілі новыя абвінавачаньні

У «змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам» і ў «стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня і кіраўніцтве ім».

Чытаць болей.

Максім Знак і Марыя Калесьнікава. 14 ліпеня 2020
Максім Знак і Марыя Калесьнікава. 14 ліпеня 2020

10:15 12.2.2021

Праваабаронцу Марыю Рабкову абвінавацілі ў распальваньні варажнечы і ўдзеле ў злачыннай арганізацыі

Па мінулым абвінавачаньні сканчаўся тэрмін сьледзтва, цяпер зьявілася новае. Цяпер Марыі пагражае да 12 гадоў пазбаўленьня волі.

Што вядома.

Марфа Рабкова
Марфа Рабкова

10:26 12.2.2021

Орда: Правакатары «хочуць пазбавіць беларусаў стабільнай працы і стабільнага заробку»

Гэтак кіраўнік праўладных прафсаюзаў Міхаіл Орда ахарактарызаваў эканамічныя санкцыі Эўразьвязу.

«Узурпацыя міжнароднага права», «падрыў і дэмантаж асноватворных правілаў сусьветнага парадку», «чыноўнікі ЭЗ абвясьцілі эканамічную вайну простым беларусам», — пагрозьліва прамаўляў ён з трыбуны.

Орда нагадаў, што больш за мільён чалавек падпісаліся супраць санкцый Эўразьвязу (рабочыя сьведчаць, што подпісы зьбіралі пад прымусам і запісвалі ў сьпісы і тых, хто нічога не падпісваў). Паабяцаў змагацца зь «незаконнымі санкцыямі» на міжнароднай арэне.

10:46 12.2.2021

«Лукашэнку цяжка паверыць, што гэта ня Захад, а Беларусь страціла цярпеньне», — Лінкявічус

«Лідэр, які сыходзіць, падбадзёнвае сябе і абʼяўляе, што ён выйграў „інсьпіраваны Захадам бліцкрыг“».

Што яшчэ сказаў былы літоўскі міністар замежных спраў.

11:06 12.2.2021

«Будзем выразаць гарачым жалезам​». Лукашэнка нэрвова адрэагаваў на крытыку з трыбуны

Дырэктар бізнэс-саюзу прадпрымальнікаў і наймальнікаў імя Куняўскага Жанна Тарасевіч у сваім выступе раскрытыкавала шматлікія бюракратычныя бар’еры для працы прадпрымальнікаў і бізнэсу ў Беларусі.

Пасьля яе выступу Лукашэнка ўпершыню ўзяў слова. І сарваўся да эмацыйнай і нэрвовай прамовы.

Ён раскрытыкаваў заяўляльны прынцып рэгістрацыі бізнэсаў. Абвінаваціў бізнэсоўцаў у працы «на разбурэньне дзяржавы».

У прыватнасьці, ён закрануў палёгкі для працы прыватных мэдычных цэнтраў.

«Прыходзіць дзяржслужбовец, чалавек у пагонах у прыватныя мэдычныя клінікі. Амаль скрозь: „Ты ябацька, прэч адсюль“. Скажыце, якая мусіць быць мая рэакцыя на гэта. Дык вось я скажу непапулярна. Мы вас будзем выразаць гарачым жалезам за падобныя рэчы», — сказаў Лукашэнка.

Ён загадаў «спыніць рабунак зь лёгкай рэгістрацыяй бізнэсу».

Заклікаў бізнэсоўцаў пачынаць працаваць на дзяржаву. «Спуску вам ня будзе».

11:19 12.2.2021

Лукашэнка прызнаўся, што загадаў закрыць кампаніі, якія падтрымалі страйк Ціханоўскай

Паводле яго, каля 200 кампаній у Менску закрыліся на знак салідарнасьці 26 кастрычніка, калі Сьвятлана Ціханоўская абвясьціла агульнанацыянальны страйк. Лукашэнка сказаў, што загадаў зрабіць так, каб гэтыя «асобныя пункты, кафэшкі» ў Менску не адкрыліся.

11:23 12.2.2021

Лукашэнка пра Бабарыку: «Ды пляваць я хацеў на такіх канкурэнтаў!»

12 лютага Аляксандар Лукашэнка выказаўся на «Ўсебеларускім народным сходзе» на палітвязьня Віктара Бабарыку:

«Усе парацца з нагоды Бабарыкі. Ах, канкурэнт прэзыдэнта, пасадзілі. Ды пляваць я хацеў на такіх канкурэнтаў! У Турэччыне ўласнасьць набудаваў, тут асабнякі, ніхто не жыве так, як ён: аўтамабілі, дамы. Дзяцей уцягнуў у гэта. Паадкрываў прадпрыемствы. Што вам яшчэ трэба?! Я што, павінен спакойна на гэта глядзець?»

11:43 12.2.2021

Паглядзіце на аўтапарк Лукашэнкі, які крытыкуе бізнэсоўцаў за багацьце

Аляксандар Лукашэнка абрынуўся на бізнэсоўцаў і асабіста на Віктара Бабарыку, у якіх «па 10 аўтамабіляў».

Паглядзіце на аўтапарк Лукашэнкі ўзору 2017 году.

12:02 12.2.2021

Прадстаўніца Канстытуцыйнага суду выказалася за захаваньне прэзыдэнцкай рэспублікі

Натальля Карповіч, намесьніца старшыні Канстытуцыйнага суду, выказала падтрымку ініцыятывы Лукашэнкі аб замацаваньні ў Канстытуцыі асаблівага статусу «Ўсебеларускага народнага сходу».

Гаворачы пра новы варыянт Канстытуцыі, які цяпер распрацоўваецца, яна заклікала да канстытуцыйнай пераемнасьці, захаваньня цяперашніх дзяржаўных інстытутаў, захаваньне прэзыдэнцкай формы кіраваньня.

12:28 12.2.2021

Шпакоўскі і Гайдукевіч заклікалі да больш жорсткай палітыкі ў адносінах да партый


Праўладны палітоляг Аляксандар Шпакоўскі заклікаў на заканадаўчым узроўні забараніць замежнае фінансаваньне апазыцыйных палітычных партый і пажыцьцёва забараніць займацца такой дзейнасьцю ў выпадку парушэньня. На яго перакананьне, аб’яднаньне «Белая Русь», якое дэлегавала яго на сход, «сасьпела і перасьпела» для таго, каб стаць паўнавартаснай партыяй.

У гэтым яго падтрымаў і старшыня ЛДПБ Алег Гайдукевіч. Акрамя таго, заклікаў улады найхутчэй прыняць закон аб «замежных агентах», правесьці перарэгістрацыю існых у Беларусі 15 партый, дапускаючы скарачэньне іх ліку. А таксама прапанаваў увесьці крымінальную адказнасьць за заклікі да санкцый супраць уласнай краіны.

Прадстаўнікоў апазыцыйных партый запрашалі на гэты сход, але толькі ў якасьці гасьцей, бяз права слова, таму яны праігнаравалі запрашэньні.

12:45 12.2.2021

Гісторык Даніловіч выказаўся пра нацыянальны сьцяг

Вячаслаў Даніловіч, колішні дырэктар Інстытуту гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук, а цяпер кіраўнік Акадэміі кіраваньня пры прэзыдэнце заклікаў зрабіць «днём народнага адзінства» 17 верасьня 1939 году, калі савецкая армія ўвайшла на заходнія землі Беларусі.

Бел-чырвона-белы сьцяг гісторык прапанаваў разглядаць «у кантэксьце падзеяў Вялікай айчыннай вайны». Ён не патлумачыў, што мае на ўвазе. Цяпер дзяржаўная прапаганда падае нацыянальны сьцяг як «калябаранцкі сымбаль».

12:53 12.2.2021

Першы выступ па-беларуску за два дні сходу

Антон Лабаноўскі, настаўнік беларускай мовы і літаратуры з Магілёўскай вобласьці, першым за два дні сходу выступіў па па-беларуску. Ён гаварыў аб патрыятызме, ягоны выступ вылучаўся на фоне іншых толькі мовай.

13:24 12.2.2021

Лукашэнку прапанавалі надаць званьне «Героя Беларусі»

Начальнік Менскага аэраклюбу ДТСААФ Мікалай Мачанскі прапанаваў прысвоіць «ад імя народу» Аляксандру Лукашэнку званьне Героя Беларусі, які «выратаваў краіну». Сказаў, што гэта жаданьне «многіх мільёнаў беларусаў». Сам Лукашэнка не адрэагаваў на прапанову.

13:35 12.2.2021

Біскупу Велікасельцу слова не далі. Ухвалілі рэзалюцыю з падтрымкай канстытуцыйнай рэформы

Сход прагаласаваў за тое, каб скончыць выступы. Такім чынам, многія, хто запісаўся выступаць, не змаглі нічога сказаць, у тым ліку кіраўнік Каталіцкай царквы Беларусі біскуп Казімер Велікаселец, які падрыхтаваў прамову.

Прадстаўнік аргкамітэту «Ўсебеларускага народнага сход»у Валер Міцкевіч агучыў праект выніковай рэзалюцыі. Сярод агучаных пунктаў – канстытуцыйная рэформа і пераразьмеркаваньне шэрагу паўнамоцтваў ад прэзыдэнта да іншых галінаў улады. Рэфэрэндум, паводле папярэдніх плянаў, можа адбыцца ў пачатку 2022 году. Прагаласавалі аднагалосна. Рэзалюцыя будзе накіраваная Аляксандру Лукашэнку на канчатковае ўзгадненьне.

13:56 12.2.2021

Як сацсеткі адрэагавалі на нэрвовую прамову Лукашэнкі

Аляксандра Лукашэнку абурыў крытычны выступ на «Усебеларускім сходзе» прадстаўніцы бізнэс-саюзу прадпрымальнікаў і наймальнікаў. Ён адказаў прамовай, поўнай нянавісьці да бізнэсоўцаў і заможных людзей увогуле.

Як адрэагавалі беларусы ў сацыяльных сетках>>>

14:02 12.2.2021

Музыку, якога затрымалі ў Менску падчас «Усенароднага сходу»​, арыштавалі на 20 дзён

12 лютага судзьдзя Дзьмітры Карсюк арыштаваў на 20 сутак затрыманага ўчора ў падземным пераходзе каля станцыі мэтро «Няміга» ў Менску музыку Андрэя Драгуна. Пра гэта паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна».

36-гадовы Андрэй Драгун іграў на гітары і сьпяваў песьні. Міліцыянты з Цэнтральнага РУУС затрымалі яго і склалі два пратаколы: паводле ч. 1 арт. 23.34 (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве) і 23.4 КаАП (непадпарадкаваньне).

14:21 12.2.2021

Лукашэнка ў заключным слове: палітзьняволеных у Беларусі няма, рэфэрэндум па Канстытуцыі будзе праз год

Аляксандар Лукашэнка ў завяршальным слове на Ўсебеларускім народным сходзе выказаў свае прыярытэты за мяжой: «саюзная дзяржава, братэрская Расея і надзейны Кітай».

Лукашэнка сказаў, што Беларусь «ня хоча дэмакратыі, якую навязваюць звонку». Маўляў, адтуль настойліва ціснуць, каб абрынуць моцнага канкурэнта.
«Настаюць моманты, калі трэба паказваць зубы», — апраўдаў ён леташнюю перадысьлякацыю вайсковых падразьдзяленьняў на мяжу з краінамі NATO.

У адказ на крытыку апазыцыі зноў паабяцаў, што цягам году будзе падрыхтаваны новы праект Канстытуцыі, за якую народ прагаласуе (ці не) праз год на рэфэрэндуме — «дзеля эканоміі» паралельна зь мясцовымі выбарамі. Адзначыў, што ў Асноўным законе трэба адмовіцца ад прынцыпу нэўтралітэту Беларусі, бо «нэўтральным сёньня заставацца немагчыма». Пры гэтым ён прызнаў, што парушалі Канстытуцыю, парушаючы прынцып нэўтралітэту.

Лукашэнка анансаваў, што даручыў падрыхтаваць заканадаўчую базу для спыненьня «масавых беспарадкаў».

Што да прапановаў «палітычнай амністыі», паўтарыў, што ў крымінальным кодэксе адсутнічае такая норма, адпаведна, палітзьняволеных у краіне няма. А ёсьць «крымінальнікі», якім паставіў умову: «Вярніце накрадзенае» (пасыл адрасаваўся Віктару Бабарыку і яго кампаньёнам — РС).

14:32 12.2.2021

Прынамсі адна дэлегатка сходу прызнала, што галасавала супраць

Вольга Цесакова, дэпутатка Менскага гарсавету, дэлегатка Ўсебеларускага сходу, паведаміла, што яна галасавала супраць праектаў рэзалюцыі і звароту, ухваленых на сходзе. Але яна ня ведае, ці ўлічылі яе голас.

Раней яна паведаміла, што за некалькі дзён да Ўсебеларускага народнага сходу ўсім дэлегатам зрабілі тэсты на каранавірус. Напярэдадні атрымалі вынікі, і хворых у залю не пусьцілі.​

14:45 12.2.2021

Лекарку і яе мужа арыштавалі за пікет у Менску падчас сходу


Як паведамляе ПЦ «Вясна» 61-гадовую тэрапэўтку 25-й менскай паліклінікі Лілію Мацешу затрымалі ўвечары 11 лютага каля менскай Ратушы з мужам Пятром. Іх абвінавачвацілі ў пікетаваньні, бо муж дастаў нацыянальны сьцяжок. Сама Лілія сьцяжка не бачыла, бо ў яе праблемы з бакавым зрокам. У Цэнтральным РУУС на іх склалі пратаколы па ч.1 арт. 23.34 КаАП і адправілі ў турму на Акрэсьціна.

Судзьдзя Дзьмітрый Карсюк усё роўна асудзіў яе на 13 дзён арышту, а мужа Пятра – на 14 дзён

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG