Валянціна Крыштопенка сфатаграфавалася зь біблійнай цытатай на плякаце ў розных месцах пасёлку Кастрычніцкі Віцебскага раёну. Міліцыянты пабачылі фатаздымкі ў тэлеграме і завялі супраць жанчыны справу паводле ч.3 арт. 23.34 КаАП. 11 лютага справу Крыштопенкі разглядаў судзьдзя Міхаіл Зубеня, піша «Віцебская Вясна».
Паводле міліцэйскага пратаколу, 24 сьнежня 2020 году жанчына «ўзяла ўдзел у несанкцыянаваным пікетаваньні». Міліцыянты сьцьвярджалі, што відэаролік, створаны на падставе фатаздымкаў, абвінавачаная разьмясьціла ў тэлеграм-канале «Віцебск 97%».
3 студзеня 2021 году ў кватэры Крыштопенкі міліцыянты правялі ператрус, забралі плякат зь біблійнай цытатай і два тэлефоны.
Валянціна Крыштопенка віны не прызнала і заявіла, што ролік не разьмяшчала. «Біблія ў Беларусі не забароненая!» — сказала яна на судзе. Больш ніякіх тлумачэньняў не давала. Судзьдзя Зубеня прызнаў яе вінаватай і пакараў штрафам у 1160 рублёў.
Крыштопенка мае інваліднасьць І групы, жыве з пэнсіі. Летась яе тройчы штрафавалі па адміністратыўных артыкулах, зьвязаных з пратэстам супраць Лукашэнкі.