У Салігорску затрымалі шахтара Юрыя Корзуна, які ў верасьні прыкаваў сябе да горназдабыўнага абсталяваньня, паведамляе страйкам «Беларуськалія».
«Выйшаў грэць машыну, каб адвезьці дзіця ў школу, і не вярнуўся».
Цяпер ён знаходзіцца ў ІЧУ, прычына — ч. 1 арт. 23.34. Іншыя падрабязнасці на гэты момант невядомыя.
Апоўдні 11 лютага ў Віцебску затрымалі найстарэйшага апазыцыянэра гораду Барыса Хамайду. Па яго прыехалі да так званага «Сіняга дома» на вуліцы Леніна, дзе Хамайда традыцыйна распаўсюджвае незалежную прэсу. Яго павезьлі ў Чыгуначны РАУС для «прафіляктычнай гутаркі». У Хамайды пры сабе цяжкія рэчы, у прыватнасьці санкі і торба.
У Рэчыцы, як паведамляе «Палеская Вясна», міліцыянты ламаюць дзьверы ў кватэру, дзе жыве прадпрымальнік і актывіст Дзяніс Шылянок. Ад самай раніцы пад яго домам дзяжурылі міліцыянты. Яны патрабавалі ўпусьціць іх у кватэру і пагражалі, што будуць рэзаць дзьверы. Пры гэтым ніякіх дакумэнтаў для пранікненьня ў жытло яны ня маюць.
Як інфармуе тэлеграм-канал MAYDAY, затрымалі супрацоўніцу Магілёўскага драмтэатру Вольгу Семчанку. Яе забралі раніцай на працоўным месцы. Дакладная прычына затрыманьня невядомая, аднак ёсьць здагадка, што за выцінанкі на вокнах.