У аўторак у Сэнаце ЗША пачалося разьбіральніцтва па імпічмэнту экс-прэзыдэнту Дональду Трампу.
Мэнэджэр па імпічмэнту сэнатар Джэймі Раскін падкрэсьліў, што абвінавачваньне, якое вылучаецца супраць экс-прэзыдэнта, цалкам пабудаванае на фактах. Паводле Раскіна, Трамп спрабаваў блякаваць працэс перадачы ўлады, у тым ліку і гвалтоўнымі мэтадамі.
У гэтым кантэксьце быў прадэманстраваны фрагмэнт відэазапісу, дзе Трамп выступае перад сваімі прыхільнікамі 6 студзеня, за чым рушыла ўсьлед атака яго прыхільнікаў на Капітолій.
У відэазапісе прысутнічае і пазьнейшы зварот Дональда Трампа, у якім, адзначыўшы, што ён разумее пачуцьці сваіх прыхільнікаў, ён разам з тым заклікае іх разысьціся.
Працягваючы сваю прамову, Раскін заявіў, што, падбухторваючы да паўстаньня, Трамп зьдзейсьніў асабліва цяжкае злачынства ў той час, як ён знаходзіўся на пасадзе прэзыдэнта.
На мінулым тыдні Палата прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША прагаласавала за абвяшчэньне Трампу імпічмэнту, высунуўшы супраць яго абвінавачаньне ў падбухторваньні да мяцяжу 6 студзеня.
Напярэдадні паведамлялася, што падчас разьбіральніцтва будуць прадстаўленыя раней невядомыя сьведчаньні, якія падмацоўваюць вэрсію абвінавачваньня.
Чаго можна чакаць?
Чакаецца, што ў Сэнаце Трампа не прызнаюць вінаватым. Для гэтага спатрэбяцца галасы як мінімум 17 сэнатараў-рэспубліканцаў з 50-ці і галасы ўсіх 50 дэмакратаў. Пры гэтым 45 сэнатараў-рэспубліканцаў напярэдадні прагаласавалі за тое, каб прызнаць суд у Сэнаце ў справе імпічмэнту неканстытуцыйным.
Трамп — першы прэзыдэнт у гісторыі ЗША, якому Палата прадстаўнікоў абвясьціла імпічмэнт двойчы. Першы раз, у сьнежні 2019, за злоўжываньне ўладай — ён паспрабаваў ажыцьцявіць ціск на кіраўніцтва Ўкраіны — і за перашкоду ў расьсьледаваньні Кангрэсу. Другі раз імпічмэнт Трампу абвясьцілі ў студзені 2021 за падбухторваньне да паўстаньня.
Навошта судзіць Трампа, калі ён ужо не прэзыдэнт?
Калі суд у Сэнаце прызнае Трампа вінаватым, верхняя палата Кангрэсу зможа правесьці яшчэ адно галасаваньне, мэта якога — адабраць у яго права займаць любую фэдэральную пасаду. І тады Трамп больш ня зможа балятавацца на пасаду прэзыдэнта. А пакуль што, з двума імпічмэнтамі ад Палаты прадстаўнікоў — без праблем.
Акрамя таго, у выпадку прызнаньня вінаватым у Трампа адбяруць прэзыдэнцкія льготы: пэнсію (каля 200 тысяч даляраў у год), асобны бюджэт для паездак, памочнікаў. Магчыма таксама, што яго і Мэлані больш ня будуць ахоўваць сакрэтныя службы, якія звычайна працуюць на прэзыдэнтаў (гэтае званьне ў ЗША пажыцьцёвае) і першых лэдзі да іх сьмерці.