Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Абсурд, што ў цэнтры Эўропы людзей перасьледуюць за колер фіранак». У Віцебску звольнілі выкладчыка з мэдунівэрсытэту


Аляксандар Маісееў
Аляксандар Маісееў

29-гадовага асыстэнта катэдры агульнай і артапэдычнай стаматалёгіі Віцебскага дзяржаўнага мэдыцынскага ўнівэрсытэту Аляксандра Маісеева звольнілі з працы. Афіцыйная прычына — «за прагулы». Выкладчык быў затрыманы за бел-чырвона-белыя фіранкі і зьмешчаны ў ІЧУ.

19 студзеня Аляксандру Маісееву патэлефанаваў участковы і сказаў прыйсьці ў пастарунак для тлумачэньняў. Аляксандар папрасіў, каб яму накіравалі позву. Пасьля таго, як позва прыйшла, ён 20 студзеня зьявіўся ў Кастрычніцкі РАУС. На Аляксандра склалі пратакол паводле ч.1 арт. 23.34, зь якім ён не пагадзіўся.

Падставай для пратаколу сталі бел-чырвона-белыя фіранкі, якія каля месяца віселі ў віцебскай кватэры Аляксандра Маісеева на чацьвёртым паверсе.

«Міліцыя кажа, што гэта сьцяг на вакне, а я кажу, што гэта фіранкі, гэта тканіна. Я напісаў у пратаколе, што ў сваёй кватэры маю права вывешваць фіранкі любых колераў і канструкцый. Таму я лічу, што мой перасьлед незаконны, — кажа Аляксандар. — Я так зразумеў, што мае паводзіны ім не спадабаліся, і супрацоўнік міліцыі, зь якім я размаўляў, арыштаваў мой тэлефон».

Фіранкі на акне Аляксандра Маісеева.Чорна-белае фота з матэрыялаў справы
Фіранкі на акне Аляксандра Маісеева.Чорна-белае фота з матэрыялаў справы

Выкладчыка зьмясьцілі ў ізалятар

Да суду Аляксандра Маісеева накіравалі ў ізалятар часовага ўтрыманьня, дзе ён знаходзіўся больш за два дні, да пятніцы 22 студзеня.

У камэры было да васьмі чалавек.

«Кармілі нармальна, я там не галадаў. Мяне ня білі і не прыніжалі, супрацоўнікі зьвярталіся на „ты“ альбо на „вы“. Адзінае, што не выводзілі на шпацыр, бо ў правілах напісана, што шпацыр ажыцьцяўляецца пакамэрна ў дзённы час сутак. Прагулак не хапала, можна было толькі чытаць кнігі і разгадваць сканворды, — расказвае Аляксандар. — „Палітычных“, як кажуць самі людзі ў камэры, апроч мяне нікога не было, але яны былі ў іншых камэрах. У маёй былі тыя, хто сварыўся ў сям’і, пабіў жонку альбо п'яны ўкраў алькаголь у краме».

Як судзілі?

У судзе Аляксандар удзельнічаў праз скайп і заявіў, каб яму далі адваката, бо раней такой магчымасьці ў яго не было. Судзьдзя перанёс паседжаньне на панядзелак, а Аляксандра вызвалілі з ізалятара.

На чарговае пасяджэньне суду выклікалі сьведку-ўчастковага і маці Аляксандра, якая таксама выступіла як сьведка. Суд прызнаў Аляксандра вінаватым і прысудзіў штраф у 8 базавых (232 рублі). Гэтае рашэньне суду Аляксандар абскардзіў. Скарга будзе разглядацца 17 лютага.

Пра звальненьне даведаўся, пабачыўшы расклад заняткаў

«Самае непрыемнае з таго, што са мной адбылося, што на працы расцанілі маю адсутнасьць як прагул бяз важных прычын. У мяне была размова з загадчыкам катэдры, начальнікам аддзелу кадраў. Мне намякнулі: калі я напішу так званы пакаянны ліст, што я, магчыма, выпадкова нешта зрабіў, што я ня вельмі перакананы ў гэтых пытаньнях, то ёсьць магчымасьць застацца на працы альбо пайсьці пры згодзе бакоў», — кажа Аляксандр.

Аляксандар Маісееў, архіўнае фота
Аляксандар Маісееў, архіўнае фота

Паводле Аляксандра Маісеева, зь ім абышліся незаконна, тры дні ў ІЧУ ён правёў беспадстаўна, таму яму няма ў чым раскайвацца. Аляксандра азнаёмілі з загадам, што ён звольнены паводле артыкулу ў сувязі з прагулам бяз важнай прычыны.

З загадам Аляксандра азнаёмілі 1 лютага, але напярэдадні ён убачыў, што ў раскладзе заняткаў на наступны сэмэстар ягонага імя ўжо няма.

«Мне было непрыемна, што ні дэкан, ні загадчык катэдры не сказалі, што мяне звальняюць, а я даведаўся пра гэта, убачыўшы расклад».

Ва ўнівэрсытэце Аляксандар Маісееў адпрацаваў каля трох гадоў. Цяпер шукае новую працу, разглядае варыянты: працаваць стаматолягам альбо перайсьці ў ІТ-сфэру. Але канкрэтных прапановаў пакуль яму не было.

«Сёньня якраз першы дзень, калі я ня выйшаў на працу ва ўнівэрсытэт. Мне напісалі студэнты маёй групы, што перажываюць і шкадуюць, што ня змогуць працаваць разам. Мне было прыемна атрымаць ад іх такія паведамленьні. Але пісалі пакуль замежныя студэнты».

Аляксандар Маісееў скончыў Віцебскі мэдунівэрсытэт, потым тры гады адпрацаваў у Наваполацку і вярнуўся ў Віцебск. Ва ўнівэрсытэце праводзіў заняткі і чытаў лекцыі таксама на ангельскай мове.

Як паставіліся сваякі?

Аляксандар Маісееў кажа, што, пакуль знаходзіўся ў ізалятары, на кватэру прыходзіла былая жонка, каб сабраць яму перадачу, і зьняла бел-чырвона-белыя шторы.

«Я больш не адважыўся іх вывешваць», — кажа Аляксандар.

Маці Аляксандра цяпер на пэнсіі, раней працавала лекаркай.

«Мама спачатку была напужалася, бо спачатку позву прынесьлі чамусьці на яе адрас, а не на мой. Яна моцна перажывала, плакала, але потым, калі трэба было зьбіраць перадачу, калі былі суды, яна да гэтага паставілася даволі халаднакроўна. Яна ўсё ж адпрацавала шмат гадоў у рэанімацыі. Але гэта быў вялікі стрэс і перажываньні для яе».

Тое, што людзей перасьледуюць за бел-чырвона-белыя фіранкі, Аляксандар Маісееў лічыць несправядлівым і незаконным.

«Гэта абсурдна, што ў ХХІ стагодзьдзі ў цэнтры Эўропы людзей перасьледуюць за колер фіранак, штаноў, нават сьняжынак на вокнах і гэтак далей. Гэта абсурд», — кажа Аляксандар.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG