Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Надпіс ня меў цынічнага характару». Праваабаронцы заклікалі ануляваць прысуд Герману Кузьняцову


Надпісы на доме амапаўцаў
Надпісы на доме амапаўцаў

«Вясна» прааналізавала рэкордны штраф менчуку Герману Кузьняцову — 5400 рублёў за надпіс на амапаўскім доме — і прыйшла да высновы, што судовае сьледзтва парушыла шэраг базавых правоў падсуднага і мае адназначны палітычны матыў.

3 сьнежня суд Першамайскага раёну Менску аштрафаваў 25-гадовага менчука Германа Кузьняцова на 5400 рублёў паводле артыкулу 341 Крымінальнага кодэксу «Апаганьваньне збудаваньняў і псаваньне маёмасьці», піша праваабарончы цэнтар «Вясна».

Кузьняцова пакаралі за нанясеньне «цынічных надпісаў» на сьцяне дома на вуліцы Герояў 120-й дывізіі, дзе жывуць супрацоўнікі АМАП, а таксама на трансфарматарнай падстанцыі недалёка ад амапаўскай базы. Экспэрты і юрысты «Вясны» прааналізавалі справу і зрабілі высновы.

Паводле іх, сілавыя дзеяньні, узгодненыя з Аляксандрам Лукашэнкам, прывялі да раненьняў і гібелі некалькіх чалавек. Грамадзяне, якія не знаходзяць эфэктыўнай абароны сваіх правоў і правоў ахвяраў катаваньняў з боку дзяржаўных інстытутаў, адважваюцца на самастойныя дзеяньні, якія, на іх думку, набліжаюць або аднаўляюць справядлівасьць.

Юрысты лічаць, што дзяржава парушыла права Германа Кузьняцова на свабоднае выказваньне. У адсутнасьць спрыяльнага асяродзьдзя для агучваньня поглядаў на аснове роўнасьці рэакцыя часам набывае «фармальна супрацьпраўны характар». Але зробленыя надпісы «не парушаюць грамадзкай маралі і не замахваюцца на рэпутацыю асобных людзей». Болей за тое, «не заклікаюць да актаў гвалту і ня могуць справакаваць яго».

Выснова суду пра тое, што асуджаны прывёў будынак у непрыдатнасьць, не адпавядае рэчаіснасьці. Наяўнасьць надпісу нецынічнага характару не перашкаджае далейшаму выкарыстаньню фасадаў будынкаў. А вызначаны судом памер шкоды аспрэчваецца дадзенымі пра кошт рамонту, праведзенага эксплюатацыйнай арганізацыяй.

Такім чынам, крымінальны перасьлед Германа Кузьняцова «зьдзейсьнены ў парушэньне асноўных правоў і свабодаў, прадугледжаных Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах, з палітычных матываў». У сувязі з прыведзенымі фактамі юрысты і экспэрты «Вясны» заклікалі да скасаваньня палітычна матываванага прысуду ў дачыненьні Кузьняцова.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG