Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канада вылучыць 2,25 млн даляраў на падтрымку беларускай грамадзянскай супольнасьці


Сьцяг Канады.
Сьцяг Канады.

Канада выдзеліць 2,25 млн даляраў (1,76 млн даляраў ЗША) на падтрымку арганізацый беларускай грамадзянскай супольнасьці, што садзейнічаюць прасоўваньню дэмакратыі.

Пра гэта паведаміў міністар замежных спраў краіны Марк Гарно, які падтрымаў ініцыятыву экс-кандыдата ў прэзыдэнты Святланы Ціханоўскай абвясьціць 7 лютага Міжнародным днём салідарнасьці з Беларусьсю.

МЗС Канады адзначае, што гэтыя сродкі — дапаўненьне да 600 тыс. даляраў (469 тыс. даляраў ЗША), аб выдзяленьні якіх для падтрымкі беларускіх жанчын і незалежных СМІ было абвешчана раней.

На думку канадзкіх уладаў, гэта дапаможа ўмацаваць разнастайнасьць, устойлівасьць і эфэктыўнасьць беларускай грамадзянскай супольнасьці, якая адстойвае свае правы і грамадзянскія свабоды.

Зьнешнепалітычнае ведамства падкрэслівае, што Канада працягне працу са сваімі міжнароднымі партнэрамі, каб галасы людзей у Беларусі былі пачутыя, а вінаватыя ў падрыве дэмакратыі і парушэньні правоў чалавека — прыцягнутыя да адказнасьці.

«Канада з самага пачатку крызісу актыўна ўдзельнічала ў падтрымцы дэмакратычных памкненняў народа Беларусі і выступала за мірнае ўрэгуляванае палітычнай сытуацыі. Мы працягнем выступаць за сапраўдны і ўсебаковы нацыянальны дыялёг, каб будучыня Беларусі адлюстроўвала волю яе грамадзян», — заявіў Марк Гарно.

Раней Канада ўвяла санкцыі ў дачыненьні да 55 асобаў, вінаватых, на яе думку, у парушэньні правоў чалавека ў Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG