Беларусы, якія вымушаныя былі ўцячы ва Ўкраіну ад рэпрэсіяў за ўдзел у пратэстах, зладзілі шэсьце ў цэнтры Кіева, далучыўшыся да міжнароднай акцыі салідарнасьці зь Беларусьсю 7 лютага.
Удзельнікі акцыі ішлі пад барабанны марш, выгукваючы «Жыве Беларусь!». Яны трымалі вялікія плякаты з надпісамі «Салідарнасьць ня проста слова — мы разам, і мы пераможам», «Прэса пад прэсам», «Свабоду палітвязьням!», скандавалі «Верым, можам, пераможам!», «Слава Ўкраіне! Героям слава!», «Мы разам, нас многа, за намі перамога!».
Непадалёк ад месца збору на Міхайлаўскай плошчы Кіева, побач з МЗС Украіны, беларусы на дроне запусьцілі вялікі бел-чырвона белы сьцяг.
Да беларусаў далучылася і ўкраінцы, якія перакананыя, што Ўкраіна павінна падтрымаць Беларусь як на дзяржаўным, гэтак і грамадзкім узроўні ў дасягненьні зьменаў.
Удзельнікі акцыі прайшлі ад Міхайлаўскай плошчы, дзе месьціцца МЗС Украіны, праз Уладзімірскі парк на вуліцу Храшчацік.
Яны несьлі 20-мэтровы беларускі сьцяг. Яшчэ адзін сьцяг запусьцілі на дроне, і ён суправаджаў калёну цягам усяго шэсьця.
Акцыя завяршылася на Майдане Незалежнасьці, дзе ўдзельнікі акцыі запалілі бел-чырвона-белыя фаеры.