Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канфэрэнцыя «Салідарнасьць зь Беларусьсю» заклікала да пэрсанальных санкцый адносна чыноўнікаў


Адна з акцый пратэсту супраць дыктатуры, Віцебск, жнівень 2020
Адна з акцый пратэсту супраць дыктатуры, Віцебск, жнівень 2020

Па выніках онлайн-канфэрэнцыі, арганізаванай супольнасьцю «Беларусы замежжа», удзельнікі апублікавалі Дэклярацыю салідарнасьці. У ёй яшчэ раз заклікалі да дыялёгу і запатрабавалі адпусьціць палітвязьняў, якіх на гэты момант у Беларусі ўжо 227.

Удзельнікаў віталі экс-кандыдатка ў прэзыдэнты Сьвятлана Ціханоўская і шэраг палітыкаў Эўразьвязу зь Літвы, Аўстрыі і іншых краін, піша БелаПАН.

«Паўгода таму беларусы прагаласавалі за перамены. Былы прэзыдэнт прайграў, але адмовіўся прыняць выбар народу і пачаў супраць яго тэрор. Значыць, ён прайграў канчаткова: беларусы ніколі не прызнаюць улады, якая выкарыстоўвае гвалт і тэрор», — заявіла Ціханоўская.

Ціханоўская заклікала падтрымаць тых, хто цяпер асабліва пакутуе ад рэпрэсіяў: рабочых, якія ўдзельнічаюць у страйках, лекараў, кнігавыдаўцоў, палітычных зьняволеных, незалежных журналістаў, праваабаронцаў. Палітык заявіла пра неабходнасьць санкцый у дачыненьні да тых, хто нясе адказнасьць за гэтыя рэпрэсіі і фальсыфікацыю выбараў.

Кожны дзень у эўрапейскай краіне павялічваецца колькасьць палітвязьняў, умовы ўтрыманьня ў ізалятарах — катаваньні. Пра гэта сказаў экс-дыплямат, кіраўнік Нацыянальнага антыкрызіснага кіраўніцтва Павал Латушка.

«Мы чытаем навіны зь Беларусі як ваенныя зводкі. І мы гаворым не пра сэрыйных маньякаў. Гэта адбываецца зь людзьмі, якія адстойваюць сваё базавае права — права на свабоду».

Па словах Латушкі, беспакараным застаецца бізнэс, які называюць «кашалькамі рэжыму», і чыноўнікі, якія ўзмацняюць рэпрэсіі. Палітык заклікаў пазьбягаць любой легітымізацыі рэжыму, які будуе канцлягер у цэнтры Эўропы.

У канцы канфэрэнцыі прадставілі Дэклярацыю салідарнасьці.

«Мы захапляемся людзьмі ў Беларусі, якія поўныя рашучасьці мірна адстойваць свае правы, выступаюць супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў, супраць гвалту і рэпрэсій. Мы асабліва цэнім актыўны ўдзел беларускіх жанчын, агульную стойкасьць народу Беларусі, яго прыхільнасьць правам чалавека, дэмакратыі і вяршэнству закону».

Аўтары дакумэнту, сярод іншага, заклікалі да вызваленьня палітвязьняў, дыялёгу аб мірнай перадачы ўлады, адрасных санкцый, эканамічнай падтрымкі дэмакратычнай Беларусі.

Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG