Пра гэта Байдэн заявіў, выступаючы ў Дзяржаўным дэпартамэнце 4 лютага, паведамляе Deutsche Welle. Паводле яго, вывад войскаў будзе прыпынены, пакуль новы міністар абароны ЗША Лойд Остын не падрыхтуе даклад аб прысутнасьці амэрыканскіх войскаў па ўсім сьвеце.
Остын, паводле Байдэна, гарантуе, што вайсковая прысутнасьць ЗША будзе адпавядаць «нашай замежнай палітыцы і прыярытэтам нацыянальнай бясьпекі».
У чэрвені 2020 году Трамп абвясьціў аб намеры вывесьці зь Нямеччыны каля 12 000 вайскоўцаў (гэта траціна ўсяго кантынгенту ЗША ў той краіне), патлумачыўшы гэта тым, што Бэрлін, зь яго пункту гледжаньня, выдзяляе замала сродкаў на патрэбы абароны.
Празь некалькі тыдняў пасьля гэтай заявы Трампа тагачасны міністар абароны ЗША Марк Эспэр паведаміў, што плян вываду амэрыканскіх вайскоўцаў зь Нямеччыны павінен быць рэалізаваны «як мага хутчэй». Аднак ніякіх канкрэтных крокаў дзеля скарачэньня кантынгенту ЗША ў Нямеччыне не было зроблена.