Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літоўскі дэпутат: 12% электраэнэргіі ўсё роўна прыходзіць у Літву зь Беларускай АЭС. Белэнэрга: «Фэйкі цяпер у трэндзе»


Астравецкая АЭС.
Астравецкая АЭС.

Дэпутат, старшыня парлямэнцкага Камітэту нацыянальнай бясьпекі і абароны Лаўрынас Кашчунас заявіў, што 12% спажыванай у Літве электрычнасьці — гэта электраэнэргія зь Беларускай АЭС. Пра гэта інфармуе DELFI.

«Цяпер мы бачым, што каля 12% спажыванай у Літве электрычнасьці выраблена на БелАЭС, у Астраўцы. У месяц гэта 11 мільёнаў эўра. Можна сказаць, што спажыўцы плацяць за АЭС», — сказаў журналістам Кашчунас. Паводле яго, пытаньне блякаваньня БелАЭС цесна зьвязанае з праектам сынхранізацыі, таму важна як мага хутчэй вырашыць рознагалосьсі з Эстоніяй і Латвіяй.

«Але ўсе мы разумеем, што цяперашняя сытуацыя на руку пэўнай групе інтарэсаў — або асобным кампаніям у пэўных краінах і г. д. Вядома, гэтыя кампаніі, якія жывуць за кошт такіх схемаў, могуць рабіць усё, каб сынхранізацыя праходзіла павальней ці наогул ня йшла. Вось пра што трэба думаць», — дадаў дэпутат.

Міністар энэргетыкі Дэйнюс Крэйвіс прадставіў дадзеныя, паводле якіх у апошнія 10 дзён палова ўсёй электраэнэргіі, якая прыходзіць у Літву празь беларуска-літоўскае злучэньне — прыйшла зь Беларусі, а другая палова — з Расеі.

«Яшчэ столькі ж электраэнэргіі купляюць на біржы ў Латвіі. Паколькі ў нас утварыўся велізарны дэфіцыт электраэнэргіі, мы электрычнасьць выкарыстоўваем і плацім за яе», — сказаў Крэйвіс. Паводле яго, гаворка ідзе пра 77 млн. КВт*г.

«У грашовым эквіваленце — гэта амаль 4 млн. эўра. Калі так усё будзе працягвацца, то 120 млн. эўра ў год заплацім на далейшае будаўніцтва БелАЭС. Таму важна ў будучыні зрабіць так, каб не фінансавалі другі-трэці блёкі», — сказаў Крэйвіс.

Ён падкрэсьліў, што ў сярэдзіне лютага Літва прадставіць новую пазыцыю па перамовах з Латвіяй і Эстоніяй. «Калі мы такімі тэмпамі будзем рухацца наперад, то будзем імпартаваць з трэціх краін у 4 разы больш электрычнасьці, чым у 2020 годзе», — дадаў міністар.

Міністэрства энэргетыкі Беларусі: «Фэйкі цяпер, як кажуць, у трэндзе»

У Міністэрстве энэргетыкі Беларусі інфармацыю пра тое, што 12% спажыванай у Літве электрычнасьці выраблена на БелАЭС, назвалі «не адпаведнай рэчаіснасьці».

«Падобна да таго, што на фоне шматразовых няўдалых спробаў дыскрэдытаваць праект БелАЭС літоўскі бок вырашыў зьвярнуцца да ўкідаў ілжывай інфармацыі. Бо фэйкі цяпер, як кажуць, у трэндзе.

12% — лічба немалая, выклікае пытаньні. І для таго, каб пераканацца ў яе аб’ектыўнасьці, перш за ўсё варта зайсьці на сайт літоўскага сыстэмнага апэратара Litgrid, а там — чорным па белым указаная велічыня камэрцыйнага ператоку электраэнэргіі з боку Беларусі. І яна роўная нулю, у адпаведнасьці з прынятымі ў Літве рашэньнямі аб спыненьні закупаў беларускай электраэнэргіі», — гаворыцца ў афіцыйнай заяве міністэрства.

Аналягічны камэнтар апублікавала і Дзяржаўнае вытворчае аб'яднаньне электраэнэргетыкі «Белэнэрга».

Тры балтыйскія краіны спрабуюць наладзіць адзіную сыстэму забесьпячэньня электраэнэргіяй, каб выключыць яе куплю з Астравецкай АЭС.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG