Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Улады пераацэньваюць свае сілы». Алесь Бяляцкі пра лягеры для палітычных


У лягеры пад Слуцкам пасьля выбараў у жніўні 2020
У лягеры пад Слуцкам пасьля выбараў у жніўні 2020

Па словах праваабаронцы, цяпер у краіне заведзена каля 2000 «палітычных» крымінальных спраў. Колькі чалавек па іх абвінавачваюцца, невядома нават праваабаронцам «Вясны».

Алесь Бяляцкі
Алесь Бяляцкі

Вядомы праваабаронца, кіраўнік незарэгістраванага цэнтра «Вясна» Алесь Бяляцкі расказаў Свабодзе, ці можна лічыць лягер у Слуцкім ЛПП лягерам, колькі ў Беларусі можа быць палітзьняволеных і чаму рэпрэсіі ня могуць працягвацца доўга.

Сьцісла

  • Праваабаронцы даведаліся пра лягер пад Слуцкам у сярэдзіне жніўня, але толькі ў студзені стала зразумела, што гэта быў сапраўдны лягер для пратэстоўцаў.
  • Застаецца загадкай, чаму арыштаваных пачалі масава выпускаць 14–15 жніўня. Пра гэта мы ўсе даведаемся значна пазьней.
  • Ад лістапада ў Беларусі праходзіць каля 50 «палітычных» працэсаў у месяц. Суды абвяшчаюць прыкладна 2 новыя прысуды кожны дзень.
  • Па стане на 3 лютага ў Беларусі 220 палітвязьняў. Іх колькасьць можа павялічыцца нават у 10 разоў.
  • Найбольш верагоднае месца стварэньня калёніі для «палітычных» — «Воўчыя норы» ля Івацэвічаў.
  • Улады ня змогуць падтрымліваць рэпрэсіі на такім узроўні працяглы час, на гэта ня хопіць рэсурсаў.

«Гэта быў ня проста пункт для ўтрыманьня „сутачнікаў“»

«Інфармацыя пра тое, што людзей трымалі ў ЛПП пад Слуцкам, зьявілася ў нас тады, калі затрыманых пачалі масава выпускаць, — кажа Алесь Бяляцкі. — Былі сьведкі, былі зьбітыя людзі, якія прыходзілі і расказвалі, што іх вывозілі ў Слуцак. Яны казалі, што правялі там некалькі дзён. Але ўсе казалі пра тое, што былі ў ЛПП, якое прыстасавалі пад утрыманьне сутачнікаў. Таму мы гэта зразумелі як недахоп месцаў у ІЧУ. А тое, што стала вядома пасьля запісу размовы (аўдыё з запісам голасу, падобнага да голасу намесьніка міністра ўнутраных спраў Мікалая Карпянкова. — РС), даказвае, што гэта быў ня проста часовы пункт для ўтрыманьня сутачнікаў. А сапраўды месца для ўтрыманьня апанэнтаў улады, разьлічанае на доўгі пэрыяд».

Па словах Алеся Бяляцкага, такое месца насамрэч можна назваць лягерам. Там былі ўсе яго прыкметы — узброеная ахова, калючы дрот па пэрымэтры, вышкі з аўтаматчыкамі. Важная дэталь, што лягер фактычна быў арганізаваны за некалькі дзён.

Праваабаронца кажа, што ўлады разгарнулі сапраўдны лягер, і няважна, што ён існаваў некалькі дзён. Ён мог існаваць значна больш. Аднак было прынятае палітычнае рашэньне выпусьціць затрыманых удзельнікаў пратэстаў, а створаны для іх утрыманьня лягер зьнішчыць.

Верагоднай прычынай зьнішчэньня лягера пад Слуцкам усяго празь некалькі дзён пасьля яго стварэньня Бяляцкі лічыць магчымы міжнародны розгалас. Улады палічылі, што ім ён пакуль не патрэбны.

«СК распачаў 2000 „палітычных“ спраў»

«Мы ня ведаем дагэтуль, чаму людзей тады выпусьцілі, — кажа праваабаронца. — Мая здагадка, што месцы ўтрыманьня арыштаваных пачалі захлынацца. А лягер усё ж быў пераборам нават для ўладаў. У цяперашні час гэта пераходзіць усе магчымыя межы. Магчыма, былі яшчэ іншыя прычыны, пра якія мы даведаемся пазьней. Але тэма не закрытая. Аўдыё з запісам нас падштурхнула зьвярнуцца да тых успамінаў. Што да словаў пра тое, што прынята рашэньне стварыць зону для палітычных зьняволеных, то, мне здаецца, гэта вельмі рэальна».

Па зьвестках «Вясны», за апошнія месяцы 2020 году ў Беларусі прайшло каля 100 судоў па «палітычных» артыкулах. За першы месяц 2021-га — ужо больш за 50 такіх працэсаў.

Бяляцкі сьцьвярджае, што большасьць працэсаў сканчаецца прысудамі, зьвязанымі з пазбаўленьнем волі. Частка асуджаных атрымлівае так званую «хатнюю хімію», невялікая частка нават штрафы (вядома пра 1–2 выпадкі. — РС). Але большая частка «палітычных» працэсаў сканчаюцца для абвінавачаных рэальнымі тэрмінамі «хіміі» альбо калёніі.

«Суды ідуць пастаянна. Па інфармацыі СК, яны распачалі каля 2000 крымінальных спраў, зьвязаных з удзелам людзей у масавых акцыях, актыўнасьцю альбо іншымі рэчамі, — кажа Алесь Бяляцкі. — Там самыя розныя артыкулы КК. Гэта і масавыя беспарадкі, і дзеяньні, якія груба парушаюць грамадзкі парадак — самыя папулярныя „палітычныя“ артыкулы. Ёсьць артыкулы за супраціў дзеяньням супрацоўнікаў міліцыі, нанясеньне ім нейкай шкоды. І гаспадарчыя артыкулы, і хуліганства. Вельмі шырокі набор».

«Мы ня ведаем дакладнай колькасьці людзей, якіх абвінавачваюць па „палітычных“ справах»

Бяляцкі зьвяртае ўвагу, што грамадзкая актыўнасьць не спыняецца і нішто ня ўказвае на тое, што людзі будуць цярпець зьдзек з думкі грамадзтва, прыцясьненьні правоў чалавека. Адпаведна, колькасьць «палітычных» крымінальных справаў будзе павялічвацца. Як і колькасьць палітвязьняў. І іх усіх трэба будзе недзе ўтрымліваць.

«Гавораць пра „Воўчыя норы“ (калёнія ля Івацэвічаў. — РС). Там цяпер у асноўным утрымліваюць людзей, якія трапілі туды па артыкуле 328 за наркатычныя злачынствы. Яна можа быць перапрафіляваная пад утрыманьне палітычных зьняволеных. Гэта вельмі рэальна. Такая практыка была ў СССР, там існавалі калёніі, дзе трымалі „палітычных“. Нашыя землякі там таксама сядзелі. Міхась Кукабака, у прыватнасьці. Такая зона існавала ў Пермскім краі, на Паўночным Урале. Таму — так, такая зона можа быць створаная ў Беларусі».

«Мы цяпер, на жаль, нават ня ведаем колькасьці людзей, якія праходзяць абвінавачанымі па „палітычных“ справах. Ёсьць справы, дзе па некалькі абвінавачаных. У Берасьці зараз судзяць адначасова 10 чалавек па адной „карагоднай справе“. Рыхтуецца таксама ў Пінску справа, дзе будзе больш за 10 абвінавачаных. Але ёсьць справы, дзе ўлады не знайшлі абвінавачаных. Ёсьць справа Каардынацыйнай рады, дзе 2 чалавекі за кратамі, а яе склад значна большы, і мы ня ведаем, што там будзе».

«Такое ў Беларусі было толькі ў 30-я гады»

Па словах праваабаронцы, можна меркаваць, што колькасьць абвінавачаных па «палітычных» артыкулах у Беларусі цяпер ня меншая за 2000 чалавек. Палітычнымі зьняволенымі на сёньняшні момант прызналі 220. Вельмі верагодна, што гэтая лічба будзе толькі расьці.

«Ёсьць пэўныя крытэры, па якіх чалавека прызнаюць палітычным зьняволеным. Багата па якіх справах нам не хапае інфармацыі. Пра нейкія працэсы мы даведваемся ўжо тады, калі яны скончыліся. Сваякі і знаёмыя абвінавачаных не даюць інфармацыі, баяцца. Гэта вельмі кепска, мы заклікаем людзей расказваць пра любыя справы, зьвязаныя з палітычным перасьледам. Гэта ні ў якім выпадку не нашкодзіць самім падазраваным і абвінавачаным. Наадварот, да іх вызваленьня можа прывесьці толькі прыцягненьне ўвагі».

Алесь Бяляцкі кажа, што колькасьць палітычных зьняволеных у Беларусі павялічваецца кожны тыдзень. У найноўшай гісторыі Беларусі такога яшчэ не было. Параўнаць сытуацыю можна толькі з часамі Сталіна, калі таксама праходзілі калектыўныя «палітычныя» працэсы.

«Але нават тады не было такіх маштабных справаў. Напрыклад, у нас пасьля шэсьця ў Курапаты на Дзяды ўзбуджаная справа, па якой праходзіць 260 зь нечым чалавек у якасьці падазраваных. Першы суд адбыўся ўжо (абвінавачаны атрымаў „хатнюю хімію“. — РС), але ці будуць усе гэтыя 260 чалавек прыцягнутыя да адказнасьці, цяжка сказаць. Тым ня менш маштабы нябачаныя. Утрыманьне зьняволеных у гэтых лягерах, месцах накшталт Слуцкага ЛПП, — гэта нябачаныя ў Беларусі мэтады. Такое было толькі ў 30-х гадах».

«Улады пераацэньваюць уласныя сілы»

Разам з тым праваабаронца мяркуе, што ўлады пераацэньваюць уласныя сілы. Утрымаць рэпрэсіі на такім узроўні будзе немагчыма, а грамадзтва на гэта не пагодзіцца. Трымаць напаўвайсковае становішча доўга не атрымаецца.

«Вось тое, што адбылося ў мінулую нядзелю (31 студзеня. — РС), калі людзей затрымлівалі проста па візуальных нейкіх прыкметах, па вызначэньні саміх АМАПаўцаў. Гэта ўвогуле нябачаная раней сытуацыя. За краты трапіла шмат абсалютна выпадковых людзей. Экскурсія, сям’я, якая выйшла пасьля дня нараджэньня. Людзі ніякім чынам не выказвалі актыўнасьці. Гэта звычайная пацыфікацыя. Тое, што фашысты рабілі падчас вайны, калі захоплівалі закладнікаў без разбору з вуліцы».

Алесь Бяляцкі кажа, што нават падтрымка Расеі не дазволіць уладам працягваць такую рэпрэсіўную палітыку доўгі час. Пакуль жа праваабаронцы не зафіксавалі ніводнага апраўдальнага прысуду па «палітычных» працэсах.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG