«Гэта была не атака, а самаабарона», — камэнтуюць падзеі 9–10 жніўня ў Пінску сваякі тамтэйшых палітычных зьняволеных. Па іх словах, агульнадаступнае ў інтэрнэце відэа, дзе гараджане нападаюць на супрацоўнікаў АМАПу, было вырванае з кантэксту.
Што ўлады гавораць пра падзеі ў Пінску пасьля выбараў
Начальнік упраўленьня Сьледчага камітэту Берасьцейскай вобласьці Дзьмітры Канаплянік паведаміў БелТА, што ад дзеяньняў пратэстоўцаў у Пінску 9–10 жніўня пацярпелі 50 міліцыянтаў.
Паводле сьледзтва, былі пашкоджаныя аўтатранспарт і іншая маёмасьць абласной міліцыі. Таксама пашкоджаньні атрымаў будынак Пінскага райвыканкаму, зьнішчаная і пашкоджаная гарадзкая маёмасьць. Агульная шкода склала больш за 23 тысячы рублёў.
«Найбольш актыўных удзельнікаў масавых беспарадкаў затрымалі адразу пасьля ўдзелу ў іх, — расказаў Дзьмітры Канаплянік. — Дапыталі абвінавачаных, пацярпелых і каля сотні сьведак; правялі агляд месца здарэньня, канфіскаваных падчас яго прадметаў. Асаблівая ўвага аддавалася вывучэньню відэазапісаў, разьмешчаных у інтэрнэце і ў мабільных тэлефонах абвінавачаных. Дзякуючы гэтаму дэталёва вызначаны дзеяньні кожнага зь фігурантаў».
Крымінальная справа 10 чалавек выдзелена асобна і перададзена пракурору для накіраваньня ў суд. Іх дзеяньні кваліфікаваныя паводле ч. 2 арт. 293 КК (Удзел у масавых беспарадках, які праяўляўся ў непасрэдным учыненьні гвалту над асобай, пагромах, зьнішчэньні маёмасьці). Дзевяць абвінавачаных пад вартай, яшчэ адзін — пад хатнім арыштам. Усе яны пінчукі ва ўзросьце ад 18 да 44 гадоў.
Што расказваюць пінчукі пра падзеі 9 жніўня
Жыхары Пінску, зь якімі пагаварыла Свабода, сьцьвярджаюць, што 9 жніўня пасьля 20:00 людзі прыйшлі да выбарчых участкаў, каб паглядзець на выніковыя пратаколы. Аднак сябры выбарчых камісій паведамілі, што ўжо перадалі вынікі ў Пінскі гарадзкі выканаўчы камітэт. Туды і накіраваліся людзі.
Тым часам каля 50 чалавек дайшлі да чыгуначнага пераезду на вуліцы Першамайскай, дзе іх пабілі супрацоўнікі АМАПу. Пінчукі лічаць, што менавіта гэтыя дзеяньні і сталі прычынай рэакцыі з боку пратэстоўцаў.
Каля 21:00 некалькі тысяч чалавек ужо былі ў раёне плошчы Леніна. Наблізіўшыся да будынку гарвыканкаму, падыход да якога заблякавалі супрацоўнікі ГАУС і РАУС, людзі пачалі крычаць: «Хочам ведаць праўду», «Будзем стаяць да раніцы». Да іх выйшлі начальнік ГАУС Дзьмітры Каравякоўскі і старшыня гарвыканкаму Іван Рабкавец. Яны прапанавалі вылучыць 5 дэлегатаў для перамоваў з кіраўніцтвам гораду.
Па словах некаторых відавочцаў, адным з дэлегатаў ад народу стаў былы работнік выканкаму, якога пусьцілі паглядзець на працэс падліку галасоў. Выйшаўшы з будынку, ён крыкнуў: «Выбары сфальсыфікаваныя!», што выклікала ў натоўпе яшчэ большае абурэньне.
Аднак цягам 2,5 гадзіны пратэстоўцы чакалі вяртаньня сваіх дэлегатаў. Пры гэтым спынялі агрэсіўна настроеных грамадзян і тых, хто быў пад узьдзеяньнем алькаголю. У выніку на паркоўку гарвыканкаму прыехала падмацаваньне сілавых структур. Яны ўзялі людзей у кола, зь якога пратэстоўцы вырашылі прарывацца. Пазьней людзі пачалі адціскаць сілавікоў, выкарыстоўваючы для абароны падручныя матэрыялы (выламаныя з лавак дошкі, сьметніцы).
Прагнаўшы АМАП, людзі празь некаторы час разышліся па дамах.
На наступны дзень людзі зноў выйшлі на пратэст, аднак ён скончыўся масавымі жорсткімі затрыманьнямі.
Сёньня ў СІЗА ў Баранавічах 13 палітвязьняў, якім пасьля падзей у Пінску 9–10 жніўня прад’явілі абвінавачаньне паводле ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу (удзел у масавых беспарадках). Мы сустрэліся зь іхнымі сваякамі і спыталіся, што тыя сёньня ведаюць пра затрыманых.
«Усе камэры назіраньня выйшлі са строю»
«Нядаўна 9-гадовы пляменьнік спытаў: „А тата крымінальнік? Сябры цікавяцца“. Я адказала, што тата палітвязень, і папрасіла наступны раз так і казаць. „А гэта модна?“ — спытаў ён зноў. Я адказала, што гэта крута», — расказвае Сьвятлана, сястра затрыманага і пабітага сілавікамі 10 жніўня Рамана Багнаўца.
Ноччу, пасьля выбараў, 36-гадовы Раман здымаў падзеі на плошчы на тэлефон. Ягонага відэа ні сваякі, ні знаёмыя так і ня ўбачылі. Таксама як і сотні іншых відэаматэрыялаў, зробленых затрыманымі ў Пінску 9–11 жніўня.
«Амаль усе доказы былі зьнішчаныя. Кіраўніцтва гораду сказала, што ўвечары на другі дзень пасьля выбараў быў гром з маланкаю, таму ўсе камэры назіраньня выйшлі са строю. 11 жніўня ў РАУС у скрынцы ляжала каля 200 тэлефонаў, зь якіх выдалілі запісы», — расказвае Сяргей Маўшук, якога разам з жонкай Аленай затрымалі 10 жніўня.
Алена — шматдзетная маці. Пасьля абвінавачаньня паводле ч. 2. крымінальнага артыкула 293 (удзел у масавых беспарадках) яна дагэтуль пад вартай. Сам Сяргей цяпер — пад хатнім арыштам.
«Памятаю, як 10-га, калі нас павялі ў туалет, побач амапавец мыў рукі. Яны былі ўсе ў крыві», — успамінае Маўшук.
«Хрыбеткі выбівалі палкай»
Сваякі палітычных зьняволеных сьцьвярджаюць, што жорсткасьць сілавікоў у Пінскім ізалятары часовага ўтрыманьня (празь яго прайшлі больш за 300 чалавек) была рыхтык як у гісторыях пра катаваньні ў менскім ізалятары на Акрэсьціна.
«Затрыманыя ў адміністрацыйнай справе былі нават ня сінія, а чорныя. Здаралася, што лекар выпісваў бальнічны ліст, таму што ад болю пасьля біцьця немагчыма было сядзець», — расказваюць родныя.
З усіх, хто цяпер у СІЗА № 6 у Баранавічах пасьля пратэстаў у Пінску, найбольшыя фізычныя траўмы атрымаў 36-гадовы Вячаслаў Рагашчук.
Яго затрымалі 10 жніўня ў 22:00. Сястра Кацярына расказала, што паказаньні з брата выбівалі цягам трох дзён, пасьля чаго ён падпісаўся пад дзеяньнямі, якіх не рабіў.
Вячаслаў сказаў адвакату, што з 10 на 11 жніўня ён ляжаў тварам у падлогу ў кайданках на другім паверсе Пінскага ГАУС. Білі яго больш за 10 чалавек. Паводле Кацярыны, гэта былі нечалавечыя катаваньні. Пазьней сукамэрнікі брата расказвалі, што за вухам у яго была вялікая гематома, на сіняках зьявіліся новыя сінякі, хрыбеткі на сьпіне выбівалі палкай.
Вячаслаў (дома яго чакаюць жонка і трое непаўналетніх дзяцей) пісаў у лістах, што ў ізалятары яму дыягнаставалі «кровазьліцьцё, страсеньне мозгу або траўму галавы» ці «мікраінсульт». Ён дагэтуль скардзіцца на шум у галаве. Па словах Кацярыны, мэдычнай дапамогі яе брату не аказваюць.
«Прасіў кнігу „Архіпэляг ГУЛАГ“»
Лісты ад родных зь вязьніцы даходзяць з цэнзурай і нячаста.
«Сын піша, што адчувае сябе нармальна. Што час ляціць хутка. Калі б ня ведалі, адкуль прыходзяць лісты, падумалі б, што ён у санаторыі», — кажа Віктар Рубец, бацька 18-гадовага Алега Рубца. Яго разам зь сябрам, 19-гадовым Даніілам Богнатам, затрымалі ўвечары 10 жніўня. Міліцыянты білі і прыніжалі хлопцаў тры дні.
«Ён вельмі за нас перажывае. Напэўна, шмат інфармацыі ад нас утойвае, ня хоча хваляваць. Трымаецца. Але мы ведаем, што яму цяжка, — дадае жонка Віктара Рубца Тацяна. — Па лістах відаць — сталее хлопец наш. Чытаць шмат пачаў, прасіў перадаць „Архіпэляг ГУЛАГ“».
«А наш „Вайну і мір“ папрасіў», — кажа Сьвятлана Багнавец.
Зьняволеныя пішуць сваякам, што адчуваюць падтрымку і салідарнасьць, нават ад чужых людзей.
Актывіст «Руху за свабоду» Ігар Салавей, затрыманы 3 верасьня, зьдзіўлены, што людзі пішуць яму, напрыклад, пра тое, што ў іхным раёне няма дзіцячага садка. «Не дэпутату нейкаму, а мне ў турму, вязьню, уяўляеш?! Ты раскажы пра гэта знаёмым», — просіць ён у лістах маці.
Са словамі «Каханая, хачу ад цябе дачку» дасылае сваёй жонцы паштоўкі зь вершамі Сяргей Ляжэнка, затрыманы 23 верасьня.
«Думаю пра вас і плачу»
Арэлі — так апісваюць настрой вязьняў сваякі. Ня ўсе лісты родныя чытаюць бязь сьлёз. 19-гадовы Дэвід Масьціцкі піша, што ў СІЗА моцна ламаюць псыхіку. У хлопца зьяўляліся думкі скончыць жыцьцё самагубствам. Ягоная маці Яўгенія Мацюш паказвае ўрывак зь ліста.
«Перад сном заўсёды малюся, потым думаю пра вас і плачу. Мама, тут вельмі дрэнна і цяжка. Я ж не злачынец. Я вельмі моцна каюся, што пайшоў туды, і прашу ў вас прабачэньня. Разумею, што ўбачу вас няхутка, паеду ў лягер. Кожны раз вельмі чакаю твайго ліста, больш мне нічога ня трэба. І вельмі хачу, каб вы ганарыліся мной», — піша Дэвід.
Яўгенія прызнаецца, што пасьля арышту сына яе жыцьцё зьмянілася кардынальна. На фоне стрэсу яна схуднела на 7 кг, здароўе пагоршылася. Давялося зьвяртацца да псыхоляга.
«Найцяжэй ад думкі, што твайму дзіцяці дрэнна, а ты ня можаш яму дапамагчы. Пастаянна стаіць клубок у горле, — кажа Яўгенія, у якой, акрамя Дэвіда, яшчэ 2 малыя дачкі. — Я пачала жыць ягоным жыцьцём, гляджу на гадзіньнік — 6 раніцы, ужо ўстаў. 22 вечара — нарэшце прылёг».
Дэвід, як і большасьць палітвязьняў з Баранавіч, пісаў, што пакутуе ад галаўнога болю, які зьявіўся ад моцнага гуку радыё. Яно ўключана з 6 да 22 гадзіны. Шмат хто з палітвязьняў у лістах падкрэсьліваў, што кожную раніцу пры праверцы яны павінны абавязкова паўтараць: «Я схільны (схільная) да захопу закладнікаў і нападу на адміністрацыйныя будынкі». Прачынаюцца ўсе а 6-й раніцы пад гімн. У камэру з камэры пераводзяць некалькі разоў на тыдзень.
Неўзабаве пінчукоў чакаюць суды
«Хутчэй за ўсё, суд будзе паказальны і тэрмін вялікі. Вы ж ведаеце, як у нас судзяць. Таму не прыяжджайце. Так і мне, і вам будзе спакайней», — чытае ліст сына Аляксандра Цярэшкі, затрыманага 20 верасьня, ягоны бацька Станіслаў.
«Дапаможа нам толькі цуд! — дадае Сяргей Маўшук. — Назад дарогі няма, будзем змагацца».