Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ахоўнік пачаў плакаць. Сказаў, што яму сорамна». Сьведчаньні яшчэ аднаго вязьня слуцкага лягера


Лягер для пратэстоўцаў пад Слуцкам
Лягер для пратэстоўцаў пад Слуцкам

Свабода публікуе чарговыя сьведчаньні былога вязьня лягера для пратэстоўцаў, створанага ў жніўні на тэрыторыі ЛПП № 3.

Суразмоўца пажадаў застацца ананімным, яго кантакты ёсьць у рэдакцыі.

Ён па-ранейшаму непакоіцца за сваю будучыню. Увечары 9 жніўня жыхара аднаго з райцэнтраў Менскай вобласьці затрымалі ля стэлы, пасьля чаго адвезьлі на Акрэсьціна. Там ён правёў трое сутак, зьмяніў некалькі камэр, атрымаў 15 дзён арышту за ўдзел у масавай акцыі пратэсту.

Пра лягер для пратэстоўцаў пад Слуцкам. Сьцісла

  • Сьведка будаўніцтва лягеру расказаў, што ЛПП № 3 пад Слуцкам вырашылі пераабсталяваць для ўтрыманьня пратэстоўцаў 10 жніўня.
  • Лягер прызначаўся для ўтрыманьня прыкладна 2000 чалавек. Іх пачалі прывозіць зь Менску 12 жніўня.
  • Абсталяваньне для лягеру пад Слуцкам звозілі з розных месцаў Беларусі, у тым ліку з вайсковых частак і папраўчых калёній.
  • Унутранай аховай лягера займаўся Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў. Вонкавай — салдаты Мінабароны.
  • Пасьля нечаканага вызваленьня вязьняў 15 жніўня лягер быў ліквідаваны за некалькі дзён.

«Выйшлі і пабачылі плот з калючым дротам, вышкі»

«На Акрэсьціна мяне трымалі трое сутак прыкладна, — расказвае сьведка. — У камэры былі 27 чалавек. Суд прайшоў там жа, незразумелы зусім. А пасьля суду прыйшоў ці то сьледчы, ці то яшчэ нехта. І сказаў, што ўсіх, каго асудзілі, будуць выпускаць. Мы ўзрадаваліся. Але нас вывелі, пашыхтавалі і паведамілі, што павязуць у Жодзіна. Пагрузілі ў шэрыя аўтазакі. У шчыліну можна было бачыць, куды мы едзем. У нейкі момант я зразумеў, што паварот на Жодзіна мы праехалі, што нас вязуць некуды не туды».

Суразмоўца гаворыць, што праз пэўны час аўтазакі з шашы зьвярнулі ў лес. У той момант вязень зусім не разумеў, што адбываецца. Ён кажа, што калёна аўтазакаў была вельмі вялікай. Па дарозе можна было зразумець, што некалькі аўтазакаў сапсаваліся. Камусьці з асуджаных канваіры давалі пакурыць, вады, пазваніць дадому нават. А нехта усю дарогу да Слуцку ехаў тварам у падлогу.

«Калі мы выйшлі, то пабачылі плот, калючы дрот, вышкі, — кажа суразмоўца. — Ахоўнікі нам патлумачылі, што тут быў ЛПП. Сказалі паводзіць сябе нармальна, тады ў нас усё будзе таксама добра. На вышках ахоўнікі былі, ахова з сабакамі, вайскоўцы з аўтаматамі хадзілі. Пасьля прыезду мы чакалі каля 40 хвілін, магчыма, каля гадзіны. Пасьля нас адвялі ў душ, крыху патрымалі на вуліцы і завялі ў барак. Ад гэтага месца спачатку было вельмі не па сабе. На Акрэсьціна хоць і было вельмі жорстка, але там з аўтаматамі я нікога ня бачыў».

Калёна аўтазакаў вязе затрыманых пратэстоўцаў у новы лягер пад Слуцкам
Калёна аўтазакаў вязе затрыманых пратэстоўцаў у новы лягер пад Слуцкам

«Вялікае памяшканьне з двухпавярховымі ложкамі»

Суразмоўца кажа, што быў зьдзіўлены стаўленьню аховы. Расказвае, што калі загледзеўся на сабаку аднаго з жаўнераў, то да яго падышоў афіцэр і ветліва папрасіў глядзець уніз, а не на вайскоўцаў.

Па словах былога вязьня, у параўнаньні з Акрэсьціна гэта быў піянэрскі лягер. Была нават крама на тэрыторыі. Ахоўнікі сказалі прывезеным пратэстоўцам, што яны могуць там нешта купіць сабе, калі хочуць. Але грошай не было ні ў кога, усё забралі на Акрэсьціна. Суразмоўца кажа, што пазнаў лягер па раней апублікаваных Свабодай фатаздымках. Гэта было дакладна тое самае месца.

«Барак быў падобны на вайсковую казарму, — працягвае аповед сьведка. — Адно вялікае памяшканьне з двухпавярховымі ложкамі. У кожнага чыстая пасьцельная бялізна. У бараку была нават прыбіральня; хто хацеў, мог памыць адзеньне. Выводзілі пакурыць, калі хто меў цыгарэты. Для мяне быў шок, калі я ўначы прачнуўся і папрасіў цыгарэту ў маладога вайскоўца, які нас ахоўваў. Зусім малады, ці то толькі прыйшоў на кантракт, ці то ўвогуле тэрміновай службы. Мы курылі ля барака, ён пачаў распытваць, што з намі адбылося. Я расказваў пра ўсё. І ён пачаў плакаць. Паказаў на пагоны, сказаў, што яму сорамна».

Па словах сьведкі, людзей у слуцкі лягер прывозілі пераважна 13 жніўня, калёны аўтазакаў прыяжджалі некалькі разоў, нават позна ўвечары.

Ахова была і ўнутры баракаў, службоўцы ўнутраных войскаў находзіліся ў бараку з дубінкамі. Аднак не выкарыстоўвалі іх, з затрыманымі абыходзіліся нармальна. Прасілі не хадзіць у вялікім праходзе паміж шэрагамі ложкаў, але камунікаваць паміж сабой не забаранялі, можна было перамяшчацца паміж суседнімі ложкамі. У прыбіральню выводзілі па 5 чалавек.

Вызвалілі суразмоўцу 14 жніўня, адным зь першых. Ахоўнік назваў яго прозьвішча, потым вывелі да брамы і адпусьцілі пасьля падпісаньня паперы з абавязаньнем ня ўдзельнічаць больш у пратэстах.

«Улады рыхтуюцца да новых пратэстаў, такія лягеры могуць зьявіцца зноў»

«Канваіры нам казалі, што гэта ЛПП, — расказвае сьведка. — Для алкашоў, груба кажучы. Мы бачылі тых, хто быў там да нас. Але ім забаранілі з намі размаўляць. Мы маглі выйсьці ў агароджаны дворык ля барака, папрасіць цыгарэту ў гэтых людзей. А яны стаялі і адыходзілі адразу, нават не падымалі на нас вачэй. Высьветліць у адміністрацыі, чаму мы там знаходзіліся, мы не спрабавалі. Я для сябе пасьля Акрэсьціна вырашыў, што ня варта ўвогуле такімі рэчамі займацца. Зразумела, што абсалютная большасьць з нас там была ні за што».

Суразмоўца кажа, што, калі даведаўся пра выказваньні аб магчымым стварэньні лягераў для пратэстоўцаў, то адразу падумаў пра Слуцак. Ён лічыць, што гэта непрымальна і дзіка ў ХХІ стагодзьдзі.

«Ужо тады, у жніўні, гэта выглядала дзіка, — кажа ён. — Калі нас прывезьлі, то гэта была проста нібы вайсковая казарма. Але, пакуль мы там знаходзіліся, гэта паўтара дні, усё абнесьлі плотам, нацягнулі калючы дрот. Літаральна за вечар і раніцу. Ужо тады гэта стала падобна да лягера. Я падумаў, ну ладна. Магчыма, нейкія захады бясьпекі. Але калі цяпер пачуў пра лягеры для тых, хто зараз выходзіць на мітынгі... Я тады зразумеў, што ўсё да гэтага ідзе. Яны рыхтуюцца да новых пратэстаў увесну, такія лягеры могуць зноў арганізаваць».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG