Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Джо Байдэн прыехаў у Вашынгтон для ўступленьня на пасаду прэзыдэнта ЗША


Джо Байдэн падчас разьвітаньня з жыхарамі штату Дэлавэр, 19 студзеня 2021
Джо Байдэн падчас разьвітаньня з жыхарамі штату Дэлавэр, 19 студзеня 2021

20 студзеня мусіць адбыцца інаўгурацыя 46-га прэзыдэнта ЗША. Цырымонія, якая традыцыйна праводзіцца каля будынка Капітолія, заплянаваная на поўдзень. Байдэн будзе прыведзены да прысягі старшынём Вярхоўнага суду ЗША Джонам Робертсам, паведамляе «Голас Амэрыкі».

Прысягу ў гэты дзень прыме таксама абраная віцэ-прэзыдэнтка Камала Гарыс, былая сэнатарка ад штату Каліфорнія. Яна стане першай жанчынай у гісторыі ЗША, якая зойме пасаду віцэ-прэзыдэнта.

Байдэн 19 студзеня перад вылетам зьвярнуўся да жыхароў свайго роднага штату Дэлавэр зь разьвітальнай прамовай. Ён выступіў у Трэцім цэнтры рэзэрвістаў Нацыянальнай гвардыі штату, названым у памяць пра маёра Джозэфа «Бо» Байдэна — старэйшага сына Джо Байдэна. З 2007 па 2015 год ён быў генэральным пракурорам Дэлавэру. Невылечная хвароба стала прычынай яго заўчаснай сьмерці. На цырымоніі разьвітаньня сям’і Байдэна з жыхарамі штату прысутнічаў губэрнатар Дэлавэру Джон Кэрні.

Джо Байдэн і Камала Гарыс наведалі месца памяці загінулых ад каранавіруснай інфэкцыі ля мэмарыялу Лінкальна, дзе было запалена 400 сьвечак і прайшла жалобная цырымонія.

Дональд Трамп раней заявіў, што ня будзе прысутнічаць на інаўгурацыі. Ён пакіне Вашынгтон у сераду. Намер Трампа выклікаў крытыку, у тым ліку з боку пяці кангрэсоўцаў-дэмакратаў, якія ў суботу накіравалі ліст выканаўцу абавязкаў міністра абароны Крыстаферу Мілеру і старшыні Абʼяднанага камітэту начальнікаў штабоў Марку Мілі, заклікаўшы Пэнтагон не адцягваць рэсурсы на цырымонію для прэзыдэнта, які сыходзіць.

Трамп у сваім разьвітальным звароце заклікаў амэрыканцаў маліцца за новую адміністрацыю, якая прыходзіць яму на зьмену. «На гэтым тыдні мы чакаем прыходу новай адміністрацыі і молімся за яе посьпех у захаваньні бясьпечнай і квітнеючай Амэрыкі», — падкрэсьліў Трамп.

Associated Press зьвярнула ўвагу на тое, што ў сваім амаль 20-хвілінным выступе Трамп ніводнага разу ня вымавіў імя Байдэна.

Напярэдадні інаўгурацыі Джо Байдэна ФБР правяло праверку 25 тысяч службоўцаў Нацыянальнай гвардыі, накіраваных у Вашынгтон. На яе падставе 12 вайскоўцаў былі адхілены ад удзелу ў місіі для гарантаваньня бясьпекі цырымоніі інаўгурацыі.

Тэрыторыя вакол Капітолія акружаная плотам і загародай. Улады закрылі Нацыянальную алею, дарогі і станцыі мэтро ў цэнтры Вашынгтона, а таксама масты ў горад са штату Вірджынія.

Нягледзячы на асьцярогі з нагоды бясьпекі, Байдэн плянуе правесьці цырымонію інаўгурацыі ў традыцыйным месцы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG